Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Тройцы. Тры іпастасі Бога як трыяда галоўных сымбаляў, як тры канфэсіі, як тры склады імя Бе-ла-русі... У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Солі. Краіна, нетры якой складзеныя з солі, выступае як эвангельскі эквівалент сэнсу, зьместу, сутнасьці – і шчэпцю асаляе сьвет, захоўваючы ад псуцьця, надаючы смаку.
“Гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе й нашчадкам тваім з табою.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Слова. Краіна кнігадрукаваньня, Статуту й Мэтрыкі, паэзіі й прозы, краіна, ад якой засталіся адно словы, якая жыве ў слове й абуджаецца Словам – самае месца, каб сказаць:
“На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Міжмоўя. Месца сумоўя царкоўнаславянскае й лаціны, грэцкае й нямецкае, польскае й расейскае, калыска эспэранта ды іўрыту – як у дзень Пяцідзесятніцы:
“Зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыніцы. Крыніцы водаў Міжмоўя, крыніцы глыбокае чысьціні, крыніцы многіх падзеяў:
“І ты будзеш як напоены вадою сад, і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Закону. Закону Статута, Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, Закону Божага:
“Я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Храма. “На Беларусі Бог жыве”. Храма вялікага, ціхага, урачыстага, дзе маліліся ўсе канфэсіі:
“Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць Імю Майму там вечна, і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім, між варагаў і грэкаў, Захаду і Усходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная Беларусь.
“І вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною...”
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Ахвяры. Ахвяры, празь якую даецца ўваскрасеньне.
“Ахвяра Богу – дух упакораны.”
Беларускі дух!
Цяпер ясна, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Хрыста: Ісус стварыў Беларусь, і Яму, Мэсіі, насьледуюць і гісторыя, і культура, і асобы. Пад Ягоным сьцягам і да Яго ідзе Беларусь!
“Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада.”
А інакш - навошта ў сэрцы Эўропы гэтая вялікая маленькая краіна, бел-чырвона-белы Божы цуд, сьветлы, пранізьлівы, натхнёны? Хваляваньне ў душы? Боль Эўропы? Сумленьне сьвету?..
Гэта ідэя!
I. БЕЛАРУСКАЯ ЗЯМЛЯ
Калі ў Беларусі аднойчы паглядзець сабе пад ногі, можна назаўжды страціць патрыятызм. Калгасны бруд з ашмёткамі цывілізацыі, растрэсканы й запляваны асфальт, гнілая траўка й сьмярдзючыя лужыны на вуліцах выклікаюць гідлівасьць у тых, хто прыяжджае сюды з-за мяжы.
Як жа мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!..
Большасьць з нас і не падазрае, наколькі родная для нас тутэйшая глеба. Наш арганізм складаецца зь бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мікраэлемэнтаў якраз тае зямлі, зь якой мы ямо бульбу й мяса, п’ем ваду, і зь якой праз абмен рэчываў створаны ўвесь наш генатып – ад формы й масыўнасьці костак шкілету да хуткасьці нэрвовых імпульсаў. Мы зробленыя зь беларускае гліны – вось што падсьвядома адчуваюць нацыяналісты, калі крычаць “Радзіма альбо сьмерць!” Так пачынаецца Біблія: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”. (Быцьцё 1:1). Паняцьці “зямля” і “чалавек” у Бібліі – “adam”, “adamah” – таго ж кораню, што й імя першага чалавека, створанага Госпадам з праху зямнога. У Беларусі зь яе ўзгоркамі, лагчынамі й балотамі вельмі лёгка ўявіць, як Бог, быццам адамава цела, ляпіў з гэтай гліны цэлую краіну, каб удыхнуць у яе Дух.