Беларусь – фэномэн звышнатуральнага ўцелаўленьня. Менавіта ў такім мілым і сьціплым куточку Зямлі, сярод гэтае празрыстасьці, сьветліні й пакуты – месца для прысутнасьці Божай. Краіна крыніцаў, краіна глінянае плоці й натхнёнага духу, краіна, “дзе вее ціхі вецер – і там Госпад!..”
Зямля, якую Бог абяцаў кожнай нацыі, – гэта аграмаднае народнае цела. Цеплыня й сіла, плоць і боль чалавецтва. Беларусь у сваёй новай гісторыі наноў спазнае гэтую першапачатковую роднасьць. Беларуская зямля – асноватворны падмурак, на якім будуецца нацыянальная ідэя, у якім ёсьць усё неабходнае і дзе кожнае рэчыва разьлічанае да міліграма.
Кажуць, Беларусь бедная на прыродныя рэсурсы. Лухта! Беларусь уваходзіць у першую дзесятку сярод больш чым 40 эўрапейскіх краінаў паводле забясьпечанасьці карыснымі выкапнямі.
Беларусь – гіганцкае ёмішча солі, аднаго з наймацнейшых біблійных сымбаляў: тут знаходзіцца трэцяе ў сьвеце па запасах радовішча калійных і каменных соляў. Здабыча ў 4-5 мільярдаў тон калійнае руды штогод дазваляе нам атрымліваць 20-25% усёй валюты ад экспарту, а беларускай спажывецкай сольлю (цыкляпічны слой магутнасьцю 1-3 км і плошчай да 30 тыс.км2) мы можам засыпаць усю Эўропу з галавою.
Беларусь – аграмадная стоеная будоўля: нашая база мергеляў і крэйды, шкляных, сылікатных і фармовачных пяскоў, глінаў, абліцовачнага каменю – адна зь лепшых на кантынэньце. Толькі будуй!
Беларусь – суцэльны рэзэрвуар пітное вады. У той час, калі ў прамысловых гарадох сьвету небясьпечна піць ваду з-пад крану, беларускія глыбіні напінаюцца ад чысьцюткіх артэзіянскіх водаў.
Беларускі Прыпяцкі прагін зьмяшчае ў сабе вялізныя запасы “вадкае руды”, расолаў, з прамысловым утрыманьнем ёду, брому, калію, цэзію, ліцію, рубідзію й іншых рэдкіх элемэнтаў, што выкарыстоўваюцца ў тэлекамунікацыях, кампутарах, магнітах, люмінафорах, лязэрах.
Беларускія Мікашэвічы – вытворца №1 будаўнічага каменю ва ўсёй Усходняй Эўропе, а Руба пад Віцебскам – адзін з найбуйнейшых у сьвеце камбінатаў па здабычы й перапрацоўцы даляміту (7-8 млн. т. у год).
Беларусь забясьпечвае 15% сваёй патрэбы ў нафце, мае пэрспэктыўныя радовішчы жалезнай руды, гаручых сланцаў, бурага вугалю, гіпсу, даўсаніту (прыроднай соды й алюміневай руды), цэалітаносных сіліцытаў (прыродных сарбэнтаў), фасфарытаў (сыравіны для вытворчасьці мінэральных угнаеньняў), сапрапелю (арганічнага ўгнаеньня), кааліну (зь яго робяць парцалян, ім адбельваюць паперу)...
А яшчэ у Беларусі здабываюць бурштын, разьведваюць россыпы тытану, цырконію, малібдэну, ужо знайшлі першыя алмазы... А яшчэ Беларусь займае адно зь першых месцаў у Эўропе па плошчы ворыва на душу насельніцтва. Жніво вялікае, работнікаў мала!
Дастаткова толькі ўявіць сабе ўсю гэтую шчодрую насычанасьць карысным рэчывам, усю калясальную архітэктуру нетраў, бляск каштоўных мэталаў і пульсацыю вадкасьцяў, каб зразумець, наколькі важокае беларускае пачуцьцё роднае зямлі. “Гасподняя зямля і поўня яе!” (Псальмы 23:1).
Але ж Беларусь – гэта ня столькі зямля, колькі вада. “Краіна водаў і туманаў” паводле Дарыя. Мора Герадота. Краіна крыніцаў, азёраў і балотаў, рэкаў, што выліваюцца на паў-Эўропы. Жывая празрыстасьць, напоеная пералівамі сьвежасьці, – яна прымушае згадаць, што і сам чалавек на 70% складаецца з вады. Беларусь, поўная чаша вады – ідэальная купель для ўсёй Эўропы. Ці не таму бальшавікі намагаліся правесьці тут татальную мэліярацыю?
Беларусь – абшар унікальнае прыроднае гармоніі. Ціхая, чыстая, прасьветленая. Сэрца Эўропы! У адрозьненьне ад украінскіх стэпаў, расейскіх палёў ды прыбалтыйскіх нізінаў, Беларусь разнастайная й пераменлівая, як само сэрца. Тут сыходзяцца галоўныя эўрапейскія прыродныя зоны, лесастэп і мяшаныя лясы з таёжнымі хвойнікамі, тут праходзіць водападзел Балтыкі й Чарнамор’я, тут можна ўбачыць і забалочаныя імшары Палесься, і швайцарскія краявіды Лагойска, Наваградка, Мазыра. Запаведныя мясьціны, сардэчныя таямніцы між лёгкіх Эўропы! Дзіўны краявід. Нібыта раўніна – але ўсё глыбамі, ярамі, рачнымі далінамі. Беларускія ледавіковыя ўзгор’і – рэльеф вялікае гісторыі. Беларуская містыка прасторы: быццам крушні замкаў і валы войнаў, горы трупаў, парослыя лесам, прывіды векавых правалаў і абрываў – зграмажджаныя стагодзьдзі векавечнай велічы й смутку. Паглядзіце, як уздымаецца й ападае зямля, калі едзеш па Беларусі: краіна дыхае!
“Вось, Гасподзь, Бог твой аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькаў тваіх, – ня бойся й не жахайся”.