Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.
“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк. Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.
Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.
Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.
Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.
“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.
Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.
Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.
Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.
Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.
У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, поліканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.
Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!
Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор'я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы. Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.
Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічаком высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказ, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку... Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор'і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні...
Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.