"У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча..."
У гэтых гушчарах, затканых імглою, яшчэ трапечацца ажурнае лісьце дрэваў, пасечаных стрэламі ў Сярэднявеччы, дагэтуль бруяць люстраныя ручаі, у якіх умываліся каралі Залатога веку, і стаіць, кружыць голаў той жа адпачатны пах смолаў, траваў і эфіраў, што натхняў Міколу Гусоўскага й Сцяпана Батуру – пах ляснога ладану, што суправаджаў пахаваньне Савецкага Саюзу й уваскрашэньне свабоды для паловы сьвету.
"Як свая мне твая векавая туга..."
Госпад Бог вякамі рыхтаваў гэтыя грандыёзныя палацы, асьветленыя сонечным золатам і месяцовым срэбрам, усю гэтую раскошу лясных аранжарэяў, поўных шыкоўнае куніцы й гарнастаю, усё багацьце шэптаў і шолахаў, гіганцкія шматпавярховыя залі з калёнамі векавых ствалоў, са скульптурамі зубраў і грацыёзных аленяў, у хорах птушынага шчабятаньня – для аднаго белага-белага дня ўва ўбранай сьнегам беларускай пушчы.
9 сьнежня 1991 г. у белавескай рэзыдэнцыі “Віскулі” Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі эпахальны маніфэст аб спыненьні існаваньня СССР. Крах самае страшнае ў чалавечае гісторыі таталітарнае сыстэмы зьдзейсьніўся менавіта тут, у глыбіні пакутнае Беларусі, тут, на стыку падзелу Рэчы Паспалітай, тут, дзе 200 гадоў таму ўватнулі штык Расея, Прусія й Аўстрыя, у расьсечаным у 1795-м сэрцы Эўропы – і ў гэтым была найвышэйшая Божая справядлівасьць.
У Белавескае пушчы, душы Беларусі, заміраеш ад адчуваньня незвычайнае Божае сілы. Тае сілы, якая без рэвалюцыяў і ахвяраў, адным росчыркам пяра, адным подыхам Духа разьвеяла звышдзяржаву сусьветнага страху і нянавісьці. Белавеская пушча, Белавеская пушча!..
БЕРАСЬЦЕ
Берасьце. Горад-брама. Горад-мяжа. Горад-вартавы.
Берасьце – знак, ад якога адлічвалі межы савецкай улады: "Ад Брэста да Курыл", "Ад Масквы да Брэста нет такога места…" Дагэтуль Крамлю пагражае "натаўскі бот пад Брэстам". Прапускны пункт СССР на Захад, крэпасьць-герой, цэнтар заключэньня вуніі паміж каталіцызмам і праваслаўем 1596 г. ды "Брэсцкага міру" 1918 г., гняздо беларускай Рэфармацыі – вось яно, вастрыё, якое нацэльвае Беларусь у Эўропу, аднолькава адлеглае ад Вільні й Менску, на той самай мяжы, за якой заходзіць сонца.
Берасьце – месца для беларускай зямлі, беларускай гісторыі й беларускай духовасьці скрайне важнае.
Берасьце нарадзілася з замку й дазорнай вежы на памежжы дрыгавічаў з палякамі й валынянамі, зь пільнаваньня ў сутоцы водных шляхоў з Чарнамор'я й Кіева да варагаў і немцаў, з мытні й гасьціннага двара для іншаземцаў. У напятай лукавіне Буга й Мухаўца, са стрэламі касьцёльных сьпічакоў і лязом мяжы – Берасьце заўжды было на вастрыі. Тут Вітаўт і Ягайла плянавалі паход на Грунвальд, тут праводзіліся вялікалітоўскія соймы й зьезды шляхты, сюды першымі даходзілі навіны з Захаду й апошнімі – захопнікі з Усходу. Што значыла Берасьце для ВКЛ, калі тут упершыню ў Беларусі зьявілася габрэйская грамада, калі менавіта яму наступнаму пасьля сталіцы ў 1390-м было даравана Магдэбурскае права, калі ў даходах дзяржаўнай казны ХVI ст. “Берасьцейская мытня” складала другі па значнасьці артыкул!
Колішні берасьцейскі герб, вежа ў сутоцы рэкаў, у эпоху Залатога веку трансфармаваўся ў срэбны лук са стралой, нацэленай у неба. Высокасьць мэтаў, напружаньне звыш сілаў, імкненьне да Царства Нябёснага – сутнасьць Берасьця. Вось сапраўдная мяжа, на якой стаяў, стаіць і будзе стаяць гэты горад!
Берасьце, быццам агромністы лук, удвох напялі знакаміты берасьцейскі стараста й канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, пачынальнік Рэфармацыі ў Беларусі, і Астафі Валовіч, берасьцейскі ваявода, аўтар Статутаў. Адсюль рушыў той бурлівы духовы ўздым, што абудзіў усе канфэсіі, зь якім уся краіна каялася, ішла да Хрыста й рабілася нацыяй. У Берасьці ў 1553 г. адчыніўся першы кальвінскі збор – празь дзесяць гадоў па ўсёй Беларусі будуць збудаваныя сотні збораў. У Берасьці, нацэленым у неба, у 1588 г. нарадзілася беларускае нотадрукаваньне – канцыял "Песьні хвал Боскіх", першы зборнік нашых духовых гімнаў. Зь берасьцейскае друкарні выйшлі дзесяткі хрысьціянскіх выданьняў на лаціне і шыкоўная польскамоўная "Берасьцейская Біблія" – 738 старонак гатычнага шрыфту, з прадметным указальнікам і камэнтарамі – неацэнны дар беларускага хрысьціянства Польшчы.