Берасьце, вострае й зараджанае Берасьце імкнулася зьмяніць усю Эўропу! Берасьцейская вунія 1596 г., адно з найцяжэйшых прымірэньняў у гісторыі чалавецтва, духова злучыла Ўсход і Захад, спарадзіла мільёны прыхільнікаў хрысьціянскага адзінства і давяла да мяжы зьнікненьня беларускае праваслаўе. Зь Берасьцейшчыны і ідэоляг вуніі, гарадзкі кашталян Іпацій Пацей, і яго зацяты супраціўнік, аўтар легендарнага "Дыярыюшу", настаўнік Ілжэдзьмітрыя Афанасій Філіповіч, расстраляны падчас казацкага бунту й кананізаваны праваслаўнай царквой.
У Берасьці прарокі Расеі, Чаадаеў і Грыбаедаў, адчайна марылі пра збаўленьне сваёй краіны. У Берасьці нарадзіліся прэм'ер Ізраіля Менахем Бегін і прэм'ер БНР Аляксандр Цьвікевіч. Зь Берасьця і Мікалай Кузьміч – майстар, што аднавіў Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Наколькі ж ненавіснае было гэтае месца нябёснага імкненьня й сьвятое напругі, ключавое злучво Рэчы Паспалітай, імпэрыям і акупантам! Ахвяра Хаванскага ў 1660-м, кропка падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, узятая ў 1794-м Суворавым і ператвораная ў лягер вялізнага расейскага гарнізону. Царскія, каралеўскія, кайзэраўскія штыкі білі ў Берасьце з д'ябальскай апантанасьцю, быццам перуны: каб не напружвалася, ня цэліла, не страляла. У 1831-м захопнікі дарэшты спаляць увесь стары горад, спустошаць цэрквы і кляштары – каб цалкам пахаваць Берасьце пад калясальнай крэпасьцю. 500 казэматаў, двухкілямэтровая замкнёная казарма Цытадэлі на 12 тысячаў чалавек – з крывавае берасьцейскае цэглы, са стайнямі, складамі й штабамі, абсталяванымі ў храмах.
Новы, пусты горад, аднесены на некалькі кілямэтраў на ўсход, адгэтуль будзе здалёк назіраць за тым, як моцна б'ецца яго старажытнае сэрца. Бальшавікі выбралі Берасьцейскую крэпасьць, каб правакаваць сусьветную рэвалюцыю й расплочвацца за гэта Беларусьсю ды Украінай на перамовах зь Нямеччынай 1918 г. Але ўжо праз 20 гадоў у такт пакту Молатава-Рыбэнтропа й зьнішчэньня Польшчы Чырвоная Армія й вэрмахт будуць разам пячатаць крок на пляцы Цытадэлі падчас сумеснага параду. А яшчэ праз тры гады, 22 чэрвеня 1941-га, гэтыя сьцены скалане першы ўдар Гітлера. І Берасьцейская крэпасьць – такое месца, такія камяні, такія людзі! – будзе адстрэльвацца да апошняга, абараняць руіны, расьпісваючыся крывёю на сьценах. Паміраць, але не здавацца.
Бог зьбярог Берасьце.
Гэты горад выжыў. Убачыў і крах фашызму, і сотні тысячаў вэтэранаў у мэмарыяле, і канчатковае пахаваньне савецкае імпэрыі зла ў Белавескае пушчы – блізка, як на далоні.
Сёньня сэрца Берасьця – на вастрыі стралы, на самым памежным выступе крэпасьці, дзе сканцэнтраваная ўся беларуская гісторыя. Цэлае радовішча горычы, роспачы й велічы. Рэшткі аўгусьцінскага кляштару, фундаванага Вітаўтам, россыпы царквы, дзе абвяшчалі вунію, руіны крэпасьці й асколкі храмаў, раскіданыя выбухам – увесь гэты зьмяшаны ў крывавае крошыва найкаштоўнейшы прах, сьціснуты ў кулак, гарыць вечным вагнём і асьвячае бэтонныя манумэнты, вядомыя ўсяму сьвету. Вельмі, вельмі берасьцейскія. "Холмская брама". "Смага”. "Мужнасьць."
Берасьцейцы, сама энэргія й трапнасьць, засталіся прыроджанымі стралкамі з луку. Менавіта тут былі арганізаваныя ўсесаюзныя спаборніцтвы ў гэтае дысцыпліне на кубак яшчэ аднаго нараджэнца Берасьця, лётчыка-касманаўта (як вам стрэл у неба!) Пятра Клімука. Берасьцейскія стралкі сталі чэмпіёнамі сьвету й алімпійскімі прызёрамі.
Беларускі фарпост на Захадзе, 300-тысячны горад з паўмільярдным пасажыраабаротам, грузапатокам 150 мільёнаў тона-кілямэтраў, аэрапортам на 100 тысячаў пасажыраў у год, скрыжаваньне чыгунак, аўтамагістраляў і трубаправодаў, сталіца чаўночнага бізнэсу, застаўленая трэйлерамі й гуртовымі складамі, Берасьце – прыцэл Беларусі ў глыбіні Эўропы.
Берасьце зноў чакае тых, хто напружыць старажытны лук. Да мяжы сілаў і духу – дзеля найвышэйшае мэты!
БУДАЎНІЧАЯ СЫРАВІНА
Беларусь мае велізарныя запасы будаўнічае сыравіны. Уся краіна загружаная пакладамі глінаў і пяскоў, крэйды, мергелю, жвіру й каменю. Беларуская база будаўнічае сыравіны – адна з самых магутных у Эўропе.
Беларускія воды, ледавікі й вятры тысячагодзьдзямі кшталтавалі, сартавалі, адмервалі й назапашвалі тоўшчы рафінаванага пясочку й паклады хімічна чыстае крэйды. Вапну. Друз. Валуны. А багацьце глінаў! Плястычныя, вогнетрывалыя, бэнтанітавыя, парцалянавыя... Уся беларуская зямля нагадвае гіганцкую будаўнічую пляцоўку – не пакідае адчуваньне, што матар’ялаў тут нагрувашчана дзеля чагосьці эпахальнага.