Выбрать главу

Бліскучы, крышталёвы, грандыёзны – і беларускі.

А што ж сама вёска?

Вёска застаецца бабуляй Беларусі. Мілай, стомленай, зморшчанай бабуляй, якая працуе, колькі хапае сілаў; усё гэтак жа выбірае лепшае для сваіх гарадзкіх, і па вечарах з надзеяй глядзіць тэлевізар. Бо хоча хоць краёчкам вока пабачыць той гарадзкі рай, на які ахвяравалася й працавала ўсё жыцьцё, куды адпраўляла дзяцей і дзеля якога люляла ўнукаў. А мы, час ад часу, у сваёй мігатлівай сумятні, са шчымлівым сэрцам згадваем роднае бабуліна аблічча, сумуем па далёкім дзяцінстве на гародах, у лесе, на рэчцы, молімся на той цудоўны сад – з хатаю, парным малаком, яблынямі ля плоту, вадою са студні – і да сьлёзаў шкадуем, што ня можам вярнуцца назад назаўжды.

І тады клянемся сабе, чаго б гэта не каштавала: дасягнуць раю ў горадзе.

ВІЦЕБСК

Віцебск! Імя бліскучае і пранізьлівае, як усплёск сьвятла на вастрыі ляза. Віцебск – адзін зь першых хрысьціянскіх цэнтраў Беларусі, старажытнае сьвяціла з сузор'я Полацка, Турава й Смаленска.

Віцебск – выйсьце адкрыцьцяў і вастрыня пачуцьцяў. Віцебск – гэта спасьціжэньне высокасьці, вылучэньне сэнсу, выцінаньне ісьціны. Віцебск сьціскае сьвятло да сьвятасьці!

У Віцебска сэрца Вэнэцыі, Піцера й Вільні.

Для ўсіх часоў і народаў Віцебск праслаўлены Маркам Шагалам, геніяльным авангардыстам, што склаў з асколкаў віцебскіх вулачак, вокнаў, скрыпак і нявестаў сусьветны калейдаскоп сымбаляў ды кабалічных знакаў. Віцебск – арэна ахвярнае сьмерці мітрапаліта Герасіма, зажыва спаленага Вялікім князем Сьвідрыгайлам, і вуніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, забітага праваслаўнымі й кананізаванага Ватыканам. Віцебск – амфітэатар штогадовага "Славянскага базару", мэгашоў масавае культуры, якое зьбірае сотні тысячаў гледачоў, сьпевакоў і папарацы з усяе славянскае Эўропы.

Віцебск – культуровая сталіца Беларусі. Тут праводзяцца аж 18 мастацкіх фэстаў за год – больш, чым у двухмільённым Менску. Міжнародны фэст сымфанічнае музыкі імя Салярцінскага, фэст сучаснае харэаграфіі, бальных і спартовых танцаў, конкурс гітарнае музыкі "Мэнэстрэль", джазавы форум “Віцебская восень”, нацыянальны фэст мадэльераў-дызайнэраў “Белая амфара”, пленэр імя Хруцкага... У Віцебску знаходзіцца адзін з двух нацыянальных акадэмічных тэатраў – Коласаўскі, збудаваны на месцы колішняга княскага замку. Віцебск – радзіма вядомага кампазытара Барадзіна, аўтара "Старога Хатабыча" Лазара Лагіна, і горад дзяцінства Самуіла Маршака. Італьянскі гісторык Гваньніні ды расейскі пісьменьнік Лажэчнікаў увогуле былі віцебскімі губэрнатарамі.

Але найярчэйшая аўра Віцебску – знакамітая ўспышка мастацтва Шагала і Малевіча з супрэматычным размалёўваньнем гарадзкіх дамоў і неверагодным авангардам пачатку ХХ ст. у разгар войнаў і рэвалюцыяў. Вялікае супрацьстаяньне з рэалістычнай клясыкай – бо менавіта пад Віцебскам, у маёнтку Здраўнёва на беразе Дзьвіны, зьявіліся карціны Рэпіна залатое пары, спаміж якіх і нацыянальны вобраз "Беларус".

Тыя, хто хацеў сьмерці Беларусі, ірваліся забіць Віцебск. Яго дзесяткі разоў асаджалі й штурмавалі маскоўскія войскі. Яго спаліў датла Пётр І. Ансамбль найпрыгажэйшых віцебскіх храмаў – Уваскрасенская царква, Успенскі сабор, касьцёл сьвятога Юзафа, кляштар сьвятога Антонія й яшчэ каля 20 цэркваў – быў ўзарваны бальшавікамі. А пасьля ІІ сусьветнай вайны у разбураным дарэшты горадзе заставалася ўсяго некалькі соцень жыхароў.

Бо хіба ж можна захопніку пакінуць жывым горад тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, праваслаўную цытадэль Альгерда з унікальнай Дабравешчанскай царквой ХІІ стагодзьдзя? Хіба ж можна зьмірыцца з самім фактам існаваньня месца, дзе яшчэ на досьвітку эўрапейскае Рэфармацыі, выклікаўшы небывалае ўзрушэньне народу, прапаведаваў Геранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, той, якому і потым, на Канстанцкім Саборы перад спаленьнем зачыталі прысуд інквізыцыі, пачаты словамі "У Літве ёсьць шматлюдны й слаўны горад, названы Віцебскам...". Хіба ж можна схавацца ад гэтых вежаў і сьценаў, сцэны Віцебскага паўстаньня, забойства Кунцэвіча й пакараньня месьцічаў, ад сьмерці за веру, міжканфэсійнае помсты і здыманьня ўсіх званоў!..