Горадня – заходняя вітрына нацыянальнай iдэi. У гэтай сталіцы беларускай празрыстасьці, у гульні сьвятла й мiгценьнi гістарычных момантаў ісьціны адлюстроўваліся ясныя абліччы беларускай велічы. Тут выкоўваліся адточаныя фразы Каліноўскага й шліфавалася аптычная дасканаласьць прозы Быкава, тут зазьвінеў камэртон Літоўскае капэлы, славутага беларускага аркестру XVI ст., і ўспыхнула супэрзорка спартовае гімнастыкі Вольга Корбут.
У савецкі час Горадня – наш Захад! – выпускала радыёпрымачы "Акіян" і аўтамагнітолы, якія слухаў увесь Саюз. У Горадні здымаліся культавыя "Белыя росы" й найпапулярнейшы фільм эпохі Перабудовы "Маё імя Арлекіна". На гарадзенскім "Азоце", быццам у мітах альхімii, пачалі перапрацоўваць чыстае паветра ў мінэральныя ўгнаеньні, грануляваны карбамід, капралактам і салетру.
У Горадні захавалася найбольш храмаў сярод усіх беларускіх гарадоў, і невыпадкова – яна ўвесь час была цытадэльлю нацыянальнага духу. Ва ўнікальнае Каложскае царкве XII ст. са старажытнымі мазаiкамi й галасьнiкамi, у кляштарах дамiнiканцаў, францысканцаў, кармэлітаў, езуітаў, нават у ратушы, дзе – цудоўная гармонія! – пачаргова старшынявалі каталiцкi й праваслаўны бурмістры, Горадня ювэлірна апрацоўвала сьвятло Царства Нябёснага і дасягала эфэкту сапраўды містычнага.
Караткевіч увогуле сьцьвярджаў, што Хрыстос прызямліўся у Гародні.
Абаронцы празрыстасьці, гарадзенцы бліскуча біліся зь любым ворагам, адстойваючы сваё крышталёвае каралеўства. Давід Гарадзенскі, зяць Гедзіміна, дзесяткі разоў граміў тут крыжакоў; адсюль, ад Каложы, Вітаўт павёў войска на Грунвальд; тут застаўся жыць да самае сьмерці пераможца Івана Жахлівага Сьцяпан Батура. І гэта тут, пад стваламі расейскіх гарматаў у 1793 г. адбыўся апошні немы Сойм Рэчы Паспалітай: крохкую Карону грохнулі вобзем на асколкі. З Горадні кіраваў паўстаньнем на Беларусі Кастусь Каліноўскі, выдаючы ў суседніх лясох "Мужыцкую праўду". У Горадні вастрылі стыль Ажэшка й нобэлеўскі ляўрэат Рэймант, крышталізаваў мову Браніслаў Тарашкевіч. У Горадні выходзіла "Пагоня". Рыцары Горадні ведаюць, чаго гэта варта: захаваць люстраныя замкі, палацы шыкоўнага шкла й касьцёлы сьвятарнае чысьціні ў цэласьці на стыку нямецкае, расейскае й польскае экспансіі.
Таму Горадня – горад гонару. Арыстакратычны, элегантны й выкшталцоны, месцамі цырымонны – і будзьце ласкавыя з гэтым лічыцца. Па-шляхецку афіцыйны, па-каталіцку прыстойны, інтэлектуальны, з глянцавымі блікамі лаціннае польскасьці.
Высакародны, быццам той алень Сьвятога Губэрта з крыжам на гарадзкім гербе – у грацыёзным скачку цераз ажурную агароджу.
ДЗЬВІНА
Дзьвіна пачынаецца на Валдайскім узвышшы – там жа, дзе Дняпро ды Волга, з крывіцкіх ключоў. Імклівая, поўная халоднай моцы, яна зьбірае воды ўсяго беларускага Паазер’я, струменіць скрозь узгор’і, кіпіць на парогах і ўзразае Рыжскае ўзмор’е з магутнасьцю 5.000 кубамэтраў у сэкунду.
Дзьвіна хлынула ў гісторыю Беларусі ў Х стагодзьдзі, з прыняцьцем хрысьціянства й уздымам Полацку. Дзьвінская плынь была галоўнай артэрыяй старабеларускае дзяржавы, і вызначала вэктар полацкае экспансіі. Зь ёю нас выносіла ў сьвет сярэднявечнай эўрапейскай цывілізацыі. Гэта па берагах Дзьвіны былі расстаўленыя легендарныя Барысавы камяні – хрысьціянскія помнікі з малітоўнымі надпісамі й крыжамі. Дзьвіна, сьцюдзёная й бурлівая, вяла рэй у Беларусі некалькі стагодзьдзяў запар.
“Берагі Дзьвіны срэбныя, а дно яе залатое!” Дзьвіна ў пару Залатога веку пастаўляла ў Вільню ды Рыгу столькі цудоўнае ласасіны, міногі, фарэлі, тайменю, судаку, вугроў, лінёў, уюноў, колькі ні адна мясцовасьць на ўсім узьбярэжжы Балтыкі. Праз Полацк, Дзьвінск, Віцебск з ганзейскае, галяндзкае, швэдзкае, польскае Балтыкі ва Ўсходнюю Эўропу йшоў найбагацейшы гандлёвы паток. Галоўны ўдар ўварваньня Івана Жахлівага ў Інфлянцкае вайне 1561 – 1569 гг. быў накіраваны на ключавы Полацк: кантроль над Дзьвінай дазваляў Маскве схапіць ВКЛ за горла.
Падзьвіньне – край дзікі й таемны, узараны ледавіком і напоўнены талымі водамі, насычаны падысподняй марэнай, глыбокімі глінамі й гіганцкімі скандынаўскімі валунамі. Падзьвіньне, беларуская Поўнач з больш суворымі й сьнежнымі зімамі, з дыханьнем Арктыкі і зьверам у таёжных гушчарах, захоўвае адвечны холад нашага ледавіковага пэрыяду.
Дзьвінская вада ўспаіла Рагнеду, Альгерда, Усяслава Чарадзея. Дзьвіна цякла ў жылах вялікіх палачанаў – Эўфрасіньні, Сімяона й Францыска Скарыны. Дзьвінскія прытокі карэняцца ў жыцьці Ільва Сапегі й Васіля Быкава, Васіля Цяпінскага й Рыгора Барадуліна. Дзьвінскія беларусы моцныя, рашучыя й халаднакроўныя. З характарам.