Выбрать главу

Ці багата народаў, што маюць столькі ж духовых герояў? Народаў, у якіх перакладнік і першадрукар Бібліі – бясспрэчны лідэр гісторыі? На тле францускіх рэвалюцыянэраў і італьянскіх мастакоў, ангельскіх манархаў і нямецкіх філёзафаў, расейскіх вайскаводцаў і ўкраінскіх казакаў нашыя Эўфрасіньня й Скарына, Радзівіл Чорны й Гусоўскі, Скарга й Сматрыцкі, Купала й Багушэвіч – правадыры асобнага кшталту, народжаныя для ўлады Слова – пропаведзі й малітвы.

Стоеная й падаўленая мэнтальнасьць беларусаў, калі прыглядзецца, адлюстроўвае ўсё, калісьці дадзенае нацыі Богам, а потым вычваранае рабствам, грэхам і ўласнай слабасьцю: талерантнасьць, якая сталася падбітасьцю, пакора Найвышняму, што вырадзілася ў халуйства перад акупантамі, гасьціннасьць, абернутая ў прыслужлівасьць, і імкнэньне да духовага, ператворанае ў павальную паэзію. Але ў генах кожнага пакаленьня штораз ажывае адпачатны, Богам закладзены, ідэал – і менавіта яго лёгкім удыхам абуджае вера.

Магутны Божа даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма. Кожны з нас, хто адчувае сябе беларусам, калісьці задумваецца пра сваё ўласнае прызначэньне, асабістую місію, наканаваную Богам, менавіта ў Беларусі. Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна безь любові да свае Бацькаўшчыны, – тым болей, ня мысьліцца сапраўдны беларус бязь веры, надзеі й любові Божае.

Пранізьлівая лучнасьць Бога й Беларусі – у сьвятых сымбалях Адраджэньня, у саміх генах нашай нацыі. Наш бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг Хрыста, палотнішча з крывёю ўкрыжаванага Ісуса. Наш гімн – "Магутны Божа". Беларуская цярплівасьць, ласкавасьць, талерантнасьць – найлепшыя, найхарактэрнейшыя нашыя якасьці.

Грандыёзная, хаця й павярхоўна дасьледаваная, гісторыя беларускага духу – час нашага Старога Запавету, росквіт ВКЛ, у магутных рэлігійных дыспутах і глябальных царкоўных рэформах. А шлях нацыі апошніх некалькіх соцень гадоў – жывы вобраз Новага Запавету, са страшнымі пакутамі й людзкім неразуменьнем, з крывёю й хлебам, з разьдзяленьнем беларускага генію паміж суседзямі, каб хапіла на ўсіх, з усёдаравальнай любоўю і цудоўным уваскрасеньнем дзяржаўнасьці.

Уся заходняя цывілізацыя апошніх дзьвюх тысячаў гадоў – гэта панарама разьвіцьця, пераламленьня і ўдасканаленьня асноватворнага хрысьціянскага сэнсу ў розных нацыянальных, палітычных, эканамічных і сацыяльных формах. Мы зьдзіўляемся, адкуль усё так чыста й хораша ў Амэрыцы й Брытаніі, у Швэцыі й Чэхіі, у Эстоніі ды Польшчы. Агульная культура Захаду – грамадзкая, сэрвісная, нават побытавая – гэта прамы вынік цярплівага засваеньня прынцыпу "палюбі бліжняга свайго як самога сябе", непасрэдны вынік веры ў Бога і культываваньня гэтае веры ў самім грамадзтве. Нашыя спробы пабудаваць "па-заходняму" дэмакратыю, рынак, адкрытае грамадзтва й нацыянальную дзяржаву бяз Бога, без сыстэмы каардынатаў сьветабудовы, асуджаныя на крах. Рэформы ў Расеі, ва Ўкраіне й мностве постсавецкіх краінаў будаваліся на духовым пяску – таму іх правал абсалютна заканамерны. Рэформы ў Прыбалтыцы й Польшчы абапіраліся і ў нацыі, і ў кожным чалавеку на глыбінны духовы, сутнасна хрысьціянскі падмурак – і адсюль іхны посьпех.

У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы.

Так будзе дарэчы разьвязаць і вострае канфэсійнае пытанне. У сёньняшняй Беларусі ня мае сэнсу вылучаць якуюсьці "адзіна правільную" хрысьціянскую канфэсію: шчырых вернікаў багата ў розных цэрквах. Нацыянальнай ідэі на гэтым этапе хутчэй адпавядае поліканфэсійнасьць як прынцып. Гістарычныя спробы падпарадкаваць беларусаў адной манапольнай царкоўнай традыцыі ня мелі посьпеху – больш за тое, самае актыўнае духовае жыцьцё увесь час выяўлялася ў месцах сустрэчы, узаемапранікненьня, дыялёгу, калі заўгодна, канкурэнцыі каталіцтва, праваслаўя, пратэстанцтва й уніі, а ў апошні час – эвангелізму. Можа быць, менавіта поліканфэсійнасьць – вырашальны унікум Беларусі. Розныя формы й характары адзінае ўсеабдымнае, унівэрсальнае ідэі – гэта якраз той выбар між добрым і яшчэ лепшым, неабходны й сучаснаму чалавеку, і цяперашняму грамадзтву. Хрысьціянства не падзеленае, наадварот: хрысьціянаў усяго сьвету лучыць любоў між сабою. А любоў між сабою – гэта аб'яднаньне нацыі. Толькі агульнай, адзінай хрысьціянскай ісьціне ў суіснаваньні ды ўзаемадапаўненьні розных канфэсіяў, толькі любові адно да аднаго пад сілу аб'яднаць беларусаў у нацыю, вартую моцнай і незалежнай дзяржавы.