Бялізна. "Мілавіца", "Сэрж", КіМ. Беларускую бялізну носяць і ў Расеі, і ў Эўропе: гэткая ж пяшчотная, белая, ласкавая й інтымная, як сам беларускі характар. Беларуская бялізна, якой іншыя прыкрываюць уласную галізну, і якой увесь час дастаецца чужы бруд.
Электроніка. Тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”, мікрасхемы “Інтэгралу” й “Плянару”, гадзіньнікі й вымяральныя прылады, усе гэтыя непамысныя нанатэхналёгіі й супэркампутары, плён беларускай навукаёмістасьці й вынікі кемлівасьці, сумешчанай з руплівасьцю. Будучыня беларускага Сэрца, якое дакладна адлічвае час і стварае іншую рэальнасьць.
Беларуская гаспадарлівасьць яўна роднасная габрэйскай – адасобленай і рупнай да сквапнасьці. Калі такі гаспадарчы рэфлекс шторазу спрацоўвае ў згоршанага, зьняверанага, бесьсьвядомага беларускага народу – дык які ж будзе ў абуджанага! У веруючага! Які ў ідэале!..
Бог даў беларусам у валоданьне поўную чашу – усё сэрца Вялікай Эўропы. І, як аказалася, недарэмна: беларусы сталі цудоўнымі выканаўцамі Божага запавету: “Напаўняйце зямлю і валодайце ёю” (Быцьцё 1:28).
І вы пазнаеце беларуса па градах, дзе перацёрты ў пальцах кожны камячок зямлі – што ў Сібіры, што на скрайняе Поўначы, што ў Аргентыне.
І вы ўзгадаеце, як цёпла, па-сямейнаму прывязаны кожны беларус да кароўкі, авечак, курачак, усяе “худобы” сваёй.
І вы самі адчуеце пранізьлівую настальгію па цудоўным Эдэме – ў хвалюючым паху белае квецені, што ахінае беларускі сад-гарод.
Беларуская гаспадарка – сьведчаньне стоенай сілы, жывучасьці й неверагоднай самадастатковасьці беларуса. Акупанты шторазу выграбалі адсюль усё дабро – млека, яйка, курка, дрэва, музэйныя скарбы й геніяльныя мазгі – а мы нават у СССР здолелі тачыць сала з праслоем мяса ды зьбіраць палову савецкае тэхнікі. Прынамсі, украінскага галадамору ці расейскай чарназёмнай галечы ў нас не было. Беларусы ўсё роўна ўладкоўваліся – на прахадным двары, на міжморскім скрыжаваньні, у сэрцы Эўропы. Утульна й на вякі.
Беларуская гаспадарка найярчэй выяўляе мясцовыя асаблівасьці, мілыя лякальныя колеры, што мазаікай складаюцца ў поўню ўтульнага й сакавітага жыцьця – усё гэтае гарадзенскае шкло, віцебскі абутак і трыкатаж, лідзкае піва, гомельскія цукеркі, старадароскі самагон, кобрыньскія сыры. Гаспадарчая спэцыфіка – сапраўдны скарб беларускай традыцыі й адмысловы шыфр беларускага краязнаўства.
Беларуская гаспадарка – глыбокае люстра гісторыі.
Тысячагодзьдзе таму Беларусь пачынала з гандлю. Полацк, брама з Балтыкі ў далячыні Ўсходу; Смаленск, перавалачная база на валоках з варагаў у грэкі; Менск, што пайшоў ад "мены"… Менавіта ў гэтых імёнах закладалася місія абмену культураў, сынтэзу цывілізацыяў ды міжканфэсійнай талеранцыі. Беларусь Полацкага княства хадзіла ў купецкім строі, дастаўляючы Захаду футра, пеньку, лес, а Ўсходу – тканіны, віны ды селядцы.
Вялікае княства Літоўскае, багацьце й слава беларускай гісторыі, умомант матар’ялізуецца перад намі ў збожжы, якое вывозілася ў Эўропу, кругах царкоўнага воску і бочках мёду, унікальных рамёствах, якімі захаплялася Маскоўшчына, у шляхецкіх кунтушах, магнацкіх пасах – і канвэртуецца ў срэбных талерах... Бліскучая раскоша Старога Запавету!
XVII – XVIII стст., эпоха тленьня Рэчы Паспалітай… Спусташаюцца душы й бяднеюць сядзібы. Вакол сурдуты ваколічнае шляхты, мундзіры паўстанцаў і вясковыя сьвіткі. Гістарычны пераход зь мяса на бульбу, і з хлеба на квас. Але ў гэтай убогасьці нараджаецца простая й шчырая беларускасьць Новага Запавету. Сялянская нацыя XIX – XX стст. з новай сілай прыпадае да гэтае зямлі, каб зрабіць яе, зарослую лесам льняную правінцыю, краінай грандыёзнага зборачнага цэху, буйных птушкафабрыкаў, кісельных берагоў ды малочных рэкаў, што пацякуць у Маскву, Кіеў, Вільню ды Піцер.
І вось цяпер:
— Праект гіганцкага тэхнапарку, які заходнія фірмы плянавалі збудаваць у Менску, заблякаваны расейскімі спэцслужбамі напачатку 90-х і рэанімаваны сёньня;
— Запушчаныя Лукашэнкам заводы;
— Экспартныя прадпрыемствы, на якія разяваюць рот маскоўскія алігархі;
— І – калясальны патэнцыял інтэлекту, працавітасьці й цярплівасьці для сучаснай інавацыйнай эканомікі.
"Новая зямля" беларусаў, новая краіна... Якой сілы й велічы вобразы разгортваюцца ва ўяўленьнях новага пакаленьня! Беларусь – інфармацыйны, тэхналягічны і фінансавы цэнтар сусьветнага ўзроўню – такі, як Бэнілюкс, Ганконг ці штат Каліфорнія.
Новая Беларусь ХХІ ст – гэта пляцдарм высокаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі – грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гіпэрмаркеты й выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, "сіліконавыя даліны" хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор'ем дае ўнікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фарміраваньнем восі ўласных фінансавых, тэхналягічных і гандлёвых інтарэсаў. Рэалізацыя надзвычай выгоднага эканоміка-геаграфічнага становішча, плюс кампактная канфігурацыя ўжо існуючай інфраструктуры, плюс распрацоўка ледзь кранутых прыродных рэсурсаў, памножаныя на вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаныя з адвечнай беларускай працавітасьцю – і ўсё наша стоенае багацьце гатова выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам!