Пачатковы інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: апэратыўная распрацоўка адпаведнае заканадаўчае базы; зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных; перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар'яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую; манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру, прывязка яго да эўра (ці даляру), празрыстая прыватызацыя ад дробнага да буйнога; перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгортваньне буйных мытных ды экспартных праектаў. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі пры адпаведнай пастаноўцы пытаньня абернецца на карысьць. Інфармацыйная "раскручанасьць" краіны – патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць "–" на "+", каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое "чорнае дзіркі Эўропы".
Ёсьць толькі адно "але". Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народа няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя падставовыя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Кожны прафэсійны спэц-рэфарматар у курсе, што для грамадзтва як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя ньюмэны раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям у вочы. Без глябальнага духовага апірышча са страшным трэскам правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы, бо унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя зьнешне бліскучыя праекты. Яшчэ раз, гэта вельмі важна: посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх правядзеньне, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духовая атмасфэра ў самім грамадзтве.
І вось яшчэ што: Новай Беларусі патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, інавацыйных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі – "эканомікі абслугоўваньня". Вельмі важна зразумець, наколькі сур'ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкай сьвядомасьці. Гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне – паняцьце, супрацьлеглае саўковаму рабству, дзе за пахлёбку даводзіцца ўкалываць то на ВПК, то на фонд Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня "сэрвіснай эканомікі" – гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне Місіі Служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.
Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня – ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры – і ў Амэрыцы, і ў Эўрапе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі – гэта любоў да бліжняга свайго.
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, ўсёй душой, усімі сіламі тваімі – і тады любоў да бліжняга стане сутнасьцю твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог дабраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові – і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркета, і ў сям'і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.