Такім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору "эканоміка служэньня" Беларусі, гасьцінная, з глыбокай культураю дачыненьняў, павінна мець масавае апірышча моцнае хрысьціянскае сьвядомасьці. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Лічыце гэта прароцтвам – але калі будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію – усе цудоўныя мроі аб Беларусі пойдуць прахам.
IV. БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА
Афіцыйная сустрэча зь беларушчынай на першы погляд выглядае ўбога. Вам насустрач выходзіць вясковая дзяўчынка ў абавязковым фальклёрным строі, кланяецца, падаючы хлеб-соль на рушніку, а за кадрам рытуал суправаджаецца няхітрым пераборам цымбалаў з трэльлю жалейкі. Але нават тыповы шаблён нейкімі нязначнымі, інтуітыўнымі дотыкамі абуджае сэрца й чамусьці прымушае яго біцца часта й моцна. Нешта шчымлівае працінае наскрозь – і раптам, у празрыстым адкрыцьці, пачынае крынічыць глыбокая гармонія, уласьцівая геніяльна простай прыгажосьці.
Беларуская культура – найбольш яскравае выяўленьне нацыянальнага ідэалу, пакліканьня, мэнталітэту. Шэдэўры беларускае культуры – паэзія Багдановіча, хіты “Песьняроў”, або раманы Караткевіча – набліжаюць нас да вяршыняў Божага замыслу для Беларусі. Бо культура факусуе ў сабе ўсё паняцьце нацыянальнай адметнасьці.
Ladіes and gentlemen! Дамы и господа! Шаноўнае спадарства!.. Дазвольце прадставіць вам: Беларуская Культура!
Вы яшчэ не знаёмыя?
Для мяне складае вялікае задавальненьне пералічыць толькі некаторыя тытулы гэтае Ўвасобленае Сьціпласьці:
– Першыя сярод усходніх славянаў помнікі пісьменьніцтва – пячатка Ізяслава і надпіс “Гороушна” на смаленскай карчазе.
– Другая, пасьля італійскай, паводле сьпеўнасьці й мяккасьці, мова ў Эўропе – найчысьцейшая са славянскіх.
– Кнігадрукаваньне ВКЛ XVI-XVII стст., калі Беларусь стала адным з сусьветных лідэраў друку.
– Адна зь лепшых у Эўропе XVIII - пачатку XIX стст. сыстэма адукацыі, заснаваная езуітамі, піярамі й базыльянамі, зь Віленскім Унівэрсытэтам ды Полацкай Акадэміяй – сыстэма, здольная навучыць правілам шляхетнасьці нават мядзьведзя з-пад Смаргоні.
– Вялікія філаматы й філарэты ХІХ ст.: Міцкевіч, Дамейка, Зан, Чачот .
– Анёлавы постаці віленскага барока, Мірскі замак і Нясвіскі палац, цэрквы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Камаях, Супрасьлі – бастыёны нашай архітэктурнай эўрапейскасьці.
– Найярчэйшыя імёны мадэрнізму ХХ ст. – мастакі Казімір Малевіч ды Васіль Каньдзінскі, філёзаф Мікалай Бярдзяеў (беларус па мацярынскай лініі), кампазітар Ігар Стравінскі.
– Дзяржаўны гімн Польшчы “Марш марш Дамброўскі” й “Яшчэ Польска не згінэла!” Агінскага, гімн Расеі – “Слаўся!” Глінкі, амэрыканскі “God Вless America!” Ірвінга Берліна (Ізі Бейліна з Магілева) – напісаныя ўраджэнцамі Беларусі.
– Беларуская паэтычнасьць, надзвычай масавая й рамантычная.
– Беларуская проза вайны ХХ стагодзьдзя, самая страшная й праўдзівая ў сьвеце: Быкаў, Адамовіч, Брыль, Пташнікаў, Алексіевіч.
– “Песьняры” – родапачынальнікі фольк-року ў СССР, савецкія “Бітлс”, якім насьледавалі “Сябры”, NRM, “Палац”, “Тройца”, “Крыві”...
– Агромністы дыяпазон народнага музычнага фальклёру.
– Нарэшце, цэлая галяктыка супэрзорак – заснавальнікаў іншых вялікіх культураў: Адам Міцкевіч, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Міхал Глінка, Генрык Сянкевіч, Людвік Замэнгаф, Давід Сарноў, Марк Шагал...
Зрэшты, каб пералічыць усе вартасьці Яе Высокасьці, нам ня хопіць і сёньняшняга вечара. Таму – да сутнасьці.
У самой Беларусі культура заўжды адыгрывала ролю нацыянальнага сховішча. Калі акупанты зьнішчалі дзяржаву, эканоміку, эліту, забаранялі імя й руйнавалі храмы – заставаліся толькі родная мова з матчыным малаком, ціхія сьпевы ў падпольлі ды схаваныя за печчу кнігі. Беларусь прыніжалі, утоптвалі ў бруд, мяшалі зь зямлёй – але з кожнай вясной пяшчотная й настойлівая рунь прабівалася да сьвятла зноў.