Проста там, дзе вераць у Госпада Бога, прэзідэнты служаць нацыі. Там, дзе вераць у куміраў – увесь народ мусіць стаяць на каленях перад прэзідэнтам. У гэтым розьніца паміж заходняй, сутнасна хрысьціянскай цывілізацыяй і бязбожнай дэспатыяй, кшталту савецкай імпэрыі ці сёньняшняй дыктатуры.
Чым ёсьць зараз Беларусь для сьвету? Чорная дзірка паміж Польшчай і Расеяй, якая даводзіць, што яна не Вайс Русланд, а Belarus.
А калі сказаць, што гэта радзіма Хведара Дастаеўскага й Марка Шагала, Чэслава Мілаша й Кірка Дугласа, Уэйна Грэцкі ды Соф'і Кавалеўскай, Голды Мэір і Шымона Пераса, Валяньціны Церашковай і Вольгі Корбут?..
А калі растлумачыць, што гэта гістарычны пляцдарм для аднаўленьня Ізраілю? Месца нараджэньня расейскай кампартыі й магіла імпэрыі СССР? Краіна найлепшага ў сьвеце закону XVI стагодзьдзя, другой паводле сьпеўнасьці й мяккасьці мовы ў Эўропе, чацьвёртай у сьвеце друкаванай Бібліі на жывой мове народа, і самай пасьпяховай хрысьціянскай вуніі за 1000 гадоў расколу?..
У часы самых жорсткіх крызісаў заходняй цывілізацыі менавіта хрысьціянская Беларусь рабілася душою кантынэнту.На мяжы І і ІІ тысячагодзьдзяў, як адказ на царкоўны раскол, стварэньне Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі й крыжовыя паходы адбываецца хрост Усходняй Эўропы й мірнае навяртаньне Полацка. У ХІІ ст., адначасова з заснаваньнем інквізыцыі, стратай Ерусаліму ды Палестыны, фармаваньнем вайсковых ордэнаў тампліераў, гасьпітальераў і тэўтонцаў на Захадзе, усходнюю палову Эўропы азарае беларускае абуджэньне Полацка, Турава й Смаленска. У ХІІІ ст. менавіта тут спыняецца мангольскі наступ Азіі. У XVI cт., калі духовы правал Захаду спарадзіў крывавыя рэлігійныя войны й варфаламееўскія ночы – дзе, як не ў Беларусі, узыходзіла сонца Залатога веку хрысьціянства! Нават пасьля таго, як страшнае ХХ стагодзьдзе зь яго камунізмам, фашызмам і дзьвюма сусьветнымі войнамі разьдзірала, ірвала на шматкі эўрапейскае сэрца –менавіта яно дала заснавальнікаў дзяржавы Ізраіль, Васіля Быкава і Белавескую Пушчу.
0,15% тэрыторыі й 0,17% насельніцтва – вось што такое Беларусь на глёбусе. Кропачка. Але ж колькі падзеяў, ідэяў, надзеяў і людзей сусьветнага маштабу сышлося ў гэтае кропачцы! Тут выключна важны пункт зямное гісторыі. Фокус. Болевы пункт. Бо гэта Сэрца Эўропы.
Стратэгі, якія вылічваюць геапалітычны эпіцэнтар Эўропы, адчуваюць, што недзе тут і пульсуе сапраўднае сэрца. Дрогкае спляценьне артэрыяў і венаў, рэкаў і крыніцаў, сумежжа моваў і канфэсіяў – крыніца жыцьця ў нэтрах пушчаў і гарадоў, паміж лёгкімі Эўропы. Сэрца адчайнае й поўнае крыві, зношанае ўсімі войнамі, страхам і грэхам эўрапейскіх стагодзьдзяў. Сэрца, у якім абвостраны ўвесь боль катастрофаў – ад Нямігі да Хатыні, ад Курапатаў да Чарнобылю.
* * *
Беларуская нацыянальная ідэя ёсьць. Яна існуе адпачатку. Яе ня трэба выдумваць. Яе трэба адчуць, і сфармуляваць у словах.
Крыляньне бел-чырвона-белага сьцягу ў нябёсах; зык прыдарожнае сьцяблінкі; роў стадыёну, калі нашыя перамагаюць; грамавое “Жыве!” на мітынгу; шэпт каханай на вушка; гарачае прыдыханьне малітвы – так гучыць беларуская нацыянальная ідэя.
Нацыянальная ідэя ў насычанай крывёю й прахам продкаў, цёплай і плоднай беларускай зямлі, у празрыстай, чысьцюткай, пякучай беларускай вадзе, у малочна-цёплым маміным пацалунку. У гісторыі, поўнай нечалавечых пакутаў і Божых цудаў. У сучаснасьці равучых машынаў, мікраскапічных тэхналёгіяў і сусьветных спартовых рэкордаў. У асобах геніяў. У самім паветры, напоеным малітоўным шэптам і містыкай Духа.
Гэтая кніга не высноўвае з паветра абстрактную тэорыю, а толькі фіксуе ўсё тое, што мы ведаем і адчуваем. “Нацыянальная ідэя” – гэта не навуковая дысэртацыя, не філязофія й не бэлетрыстыка. Гэта канстатацыя факту.
Ідэя гэтай “Ідэі” ў тым, каб праз сымбалічныя, знакавыя зьявы прачытаць сутнасьць нацыянальнага пакліканьня. Знайсьці заканамернасьці ды растлумачыць іх. Расшыфраваць краіну-карціну, якая ўвесь час у нас перад вачыма. Задача гэтай “Ідэі” – не асьвяціць і праславіць краіну й яе народ у сёньняшнім стане (гэта, скажам шчыра, сумнеўны ўзор для праслаўленьня і апяваньня) – а выявіць Божы ідэал беларускай нацыі, ідэал самой Беларусі, дадзены звыш. Агеньчык Царства Нябёснага – наша сьвятло ў канцы тунэлю.
Калі я малюся, калі перажываю прысутнасьць Божую, калі дзіўлюся велічы й невымоўнаму хараству Ягонага тварэньня – я ясна бачу Беларусь-ідэю, краіну вялікую й цудоўную, якую мы забыліся й захламілі грэхам, абыякавасьцю ды бязьвер’ем. Тую будучыню, тое абяцаньне Божае, тую ідэальную Айчыну, дзеля якой, я веру, мы з вамі й нарадзіліся.