Выбрать главу

Спорт, спаборніцтва, спосаб пераадолець самога сябе – мэханізм, закладзены ў чалавечую натуру Самім Госпадам Богам. Той самы мэханізм, які дазваляе слабому й грэшнаму чалавеку змагацца зь бязьвер’ем, лянотай і страхам, падымацца пасьля падзеньня, высільвацца, выжыльвацца празь “не магу”, спорт – бліскучае сьведчаньне моцы, характару, духу асобы й нацыі. Бо спорт – і я мяркую, вы пагадзіцеся са мною, дарагія заўзятары – гэта ня толькі й ня столькі фізычная культура. Гэта культываваньне волі й веры – якраз таго, што вызначае сілу духу. Так што знакамітыя “маральна-волевыя”, на якія так упіраюць трэнэры, выхоўваючы вялікіх спартоўцаў ды вялікія каманды, і гульцы, выйграючы вялікія матчы, і ёсьць сапраўдным зьместам няхітрых, здавалася б, гульняў у рознакаляровых майках з нумарамі на грудзях, сьвістком судзьдзі й мільёнамі апантаных фанаў.

Спорт, які замяняе народам войны! Спорт, увасобленая сіла! Спорт, імкненьне да дасканаласьці й перамогі, сумленны, шчыры спорт, што вызваляе патэнцыял народу – цэнтральная арэна розыгрышу нацыянальнага гонару й галоўнае відовішча сучаснасьці!

Выдатны трамплін для разгону беларускае сьвядомасьці да стану лунаючае духовасьці.

Бо, як піша апостал Павал у І Пасланьні да Карыньцянаў, “Хіба ня ведаеце вы, што тыя, хто бяжыць на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць”! (І да Карыньцянаў 9:24).

Спадзяюся, шаноўныя гледачы, вы даруеце мне гэты патас, гэтую апалёгію спорту – даруеце, бо самі разумееце: сёньняшняе відовішча сапраўды вартае самых высокіх словаў.

Такім чынам, дарагія сябры – вашай увазе прапануецца Нацыянальная ідэя ў спорце. Нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай, у фармаце сусьветных правілаў гульні й унівэрсальных стандартаў, у спаборніцтве зь іншымі. У самых эфэктных вобразах, у дасягненьнях, бясспрэчных для любога жыхара плянэты Зямля.

Вы, вядома, памятаеце: нам доўга даводзілі, што няма такой краіны, няма такой дзяржавы, няма такога народу. Але беларускі спорт абвясьціў на весь сьвет – ёсьць!

Нам даводзілі, што мы ўмеем адно падначальвацца, цярпець паразы й выціраць подыюмы для іншых. Але беларускі спорт усіх пераканаў – мы народжаныя ня поўзаць там дзесьці, і не пралятаць над Парыжам, а быць лідэрамі й пераможцамі!

Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу. Але беларускі спорт сьцьвердзіў: трэба толькі паверыць, сьціснуць у кулак волю, адважыцца – і ўвесь сьвет убачыць тую Беларусь, якую задумваў Усемагутны Госпад Бог. Арэна кантынэнту – так! Сэрца Эўропы – так! Мышца №1 у грудзях – так! Сардэчная мышца, здольная быць вялікім рухавіком, біцца ў сусьветным напружаньні волі Божай й ставіць абсалютныя рэкорды!

“Бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго” – абвяшчае Псальм 43, верш 4 Бібліі.

Для тых, хто жыве й дыхае спортам, хто хоць аднойчы на стадыёне зароў на ўсю глотку, калі нашы забілі гол, зразумеў слодыч здабытае перамогі й адчуў угар заўзятарскага патрыятызму, хто купляе “Прэсбол” замест “Аргумэнтаў і фактаў”, хто тыднямі жыве ў чаканьні сьвята, і нарэшце замірае перад экранам тэлевізіі, дзе трансьліруюць Лігу Чэмпіёнаў, толькі таму, што ў нямецкім “Штутгарце” гуляе беларускі легіянэр Аляксандр Глеб, а лёнданскім “Чэлсі” валодае нашчадак беларускіх магнатаў Абрамовічаў – ня трэба тлумачыць, дзе мы знаходзімся й што чакае нас сёньня. Аматары й фанаты, канечне ж, трымаюць у галаве ўсе імёны, усе ключавыя турнірныя табліцы й паказьнікі беларускага спорту. Але зараз сярод нашае аўдыторыі як ніколі багата тых, каму невядомая балельшчыцкая эўфарыя, хто лічыць захапленьне спортам марнаваньнем часу, для каго Валяньцін Бялькевіч – гэта муж рыжанькай зь “Віагры”, а Нэлі Кім – мадэльер віцебскага трыкатажу, дык вось для іх, наіўных навічкоў, шчасьлівых першаадкрывальнікаў, нэафітаў беларускага спорту, для іх (і для пратаколу, вядома) – склад нашае алімпійскае каманды.

Увага! Зорная беларуская зборная – сто найлепшых спартоўцаў Беларусі за ўсю яе гісторыю! Не пабаюся гэтых словаў, нацыянальныя героі нашага часу, зьяўляюцца на дарожках менскага стадыёна “Дынама”, як на парадзе. Мы выйдзем, як той казаў, шчыльнымі радамі!