А пакуль у сотні лепшых – зорныя каманды гандбалістаў, хакеістаў і футбалістаў.
Лепшая гандбольная зборная Беларусі за ўсю яе гісторыю – безумоўна, залаты склад СКА (Менск), супэрчэмпіёна канца 80-х – пачатку 90-х: сямёра беларусаў – лічы, палова зборнай сьвету!
№76 – наш капітан, чэмпіён сьвету, уладальнік Кубку чэмпіёнаў і Кубку Кубкаў, алімпійскі чэмпіён –92‘ з наймагутнейшым кідком – Міхась Якімовіч.
№77 – двухмэтровы асілак таго ж чэмпіёнскага складу: ўбойна шпурляў мяч з апорнага становішча – Алесь Тучкін.
№78 – бліскучы абаронца, пераможца Сэульскае алімпіяды, Рыгор Сьвірыдзенка.
№79 – чэмпіён сьвету Алесь Маліноўскі.
№80 – левы форвард, майстар кручаных мячоў, срэбны прызёр Маскоўскай алімпіяды 1980 г. і чэмпіён Сэулу-88, Алесь Каршакевіч.
№81 – правы нападаючы, Кастусь Шаравараў.
№82 – галкіпэр з фантастычнай рэакцыяй і расьцяжкай, Андрэй Мінеўскі (Кубак чэмпіёнаў 1989 –90 гг., Кубак Кубкаў 1990-91 гг., алімпійскі чэмпіён Алімпіяды 1992 г. у Барсэлёне).
Запытайцеся ў любога гандбольнага адмыслоўца на пяці кантынэнтах: “СКА” (Менск) – адна зь лепшых, калі ня лепшая ўвогуле, каманда за ўсю гісторыю сусьветнага ручнога мяча!
Наступная каманда – пяцёрка беларускіх хакеістаў разам са сваім брамнікам. Аляксандра Лукашэнкі, тут, вядома, няма – затое ёсьць сапраўдныя лядовыя рыцары:
№83 – Сяргей Фёдараў – чэмпіён сьвету 1989-90 гг., у 1994 г. – самы каштоўны гулец НХЛ, уладальнік Кубка Стэнлі й Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.
№84 – Руслан Салей, НХЛ, "Магутныя Качкі", герой фіналу Кубка Стэнлі 2003 г.
№85 – Андрэй Скабелка.
№86 – Андрэй Кавалёў.
№87 – Аляксандр Цыплакоў.
№88 – натуралёва, Аляксандр Шумідуб.
Нарэшце, найвялікшая дэлегацыя ў складзе сотні нацыянальных герояў беларускага спорту – футбольная каманда. 11 лепшых за ўсю гісторыю – і, зьвярніце ўвагу, адна зь лепшых на кантынэньце паўабаронаў!
№89 – Сяргей Алейнікаў, паўабаронца "Дынама-82", "Ювэнтусу", удзельнік чэмпіянатаў сьвету 1986 й 1990 гг. у складзе зборнай СССР, гулец зборнай сьвету 1990 г.
№90 – Сяргей Гоцманаў, паўабаронца "Дынама-82" й савецкай зборнай.
№91 – Міхал Мустыгін, бронзавы прызёр першынства СССР 1963 г., нападаючы, лідэр знакамітага "Дынама-63".
№92 – Эдуард Малафееў, форвард, напарнік Мустыгіна ў бронзавай камандзе 1963 г.
№93 – Аляксандр Пракапенка, паўабаронца, чэмпіён СССР 1982 г., бронзавы прызёр 1983 г., таксама бронза Алімпіяды 1980 г.
№94 – Андрэй Зыгмантовіч, паўабаронца "Дынама-82" й зборнай СССР.
№95 – Сяргей Герасімец, “Зэніт” (Санкт-Пецярбург), паўабаронца, капітан зборнай Беларусі сярэдзіны 90-х гг. ХХ ст., аўтар адзінага й пераможнага голу ў браму Галяндыі ў 1995 г.
№96 – Аляксандр Глеб ("Штутгарт", Германія), паўабаронца, у 20 гадоў – ужо ў тройцы лепшых футбалістаў Бундэслігі, лідэр зборнай Беларусі пачатку ХХІ ст.
№97 – Валяньцін Бялькевіч ("Дынама", Кіеў), паўабаронца, лепшы футбаліст чэміянату Украіны, унікальны дыспэтчар зборнай Беларусі апошніх гадоў.
№98 – Эрык Яхімовіч, абаронца "Дынама" (Масква).
№99 – Альбэрт Дзенісенка – галкіпэр "Дынама" (Менск) і зборнай Беларусі сярэдзіны ХХ ст.
Нарэшце, 100-е месца – быццам клічнік напрыканцы сказу! – трыюмфальны акорд беларускага спорту: 2004 год, Афіны, мільярды гледачоў, бег на 100 м у жанчын, найпрэстыжнейшая алімпійская дысцыпліна!.. Канешне, гэта яна, беларуская сэнсацыя, залатая Юлія Несьцярэнка! 100%-вы вобраз перамогі Беларусі!
...Яны ідуць, быццам калышацца адзін велізарны бел-чырвона-белы сьцяг. І ў кожным іх руху спрацоўвае зарад стоенай сілы, важкасьці і гармоніі, падуладных беларусам. З кожным іх крокам – ці ня так, шаноўныя чытачы! – гэтая сіла зараджае нас.
Што ж, мы працягваем трансьляцыю Алімпіяды Нацыянальнай Ідэі. Чаканьне, здаецца, зьвініць, напружаньне расьце, гул трыбунаў закладае вушы... Ня ведаю, ці чуеце вы мяне, шаноўныя слухачы, але ж, пэўна, бачыце ўсё, што творыцца тут, на алімпійскае арэне! Мы на першым турніры, які адкрывае праграму гульняў: "Змаганьне са слабасьцю!"
"Беларусь слабенькая" – так кажуць суседзі, супернікі, ды й часта падхопліваюць самі беларусы. Народзец, маўляў, кволы, дохленькі, хліпкі – выцягнуць сябе самога з балота сілёнак няма!..
Але на памост выходзяць Аляксандр Курловіч і Лявон Тараненка. Маўклівыя волаты. Стаўпы! Курловіч падыходзіць да штангі... Узяўся... З крэхтам – у-ух!.. Трымаць! І – ёсьць! Сусьветны рэкорд! Побач – Тараненка. Уявіце сабе, удвая больш уласнае вагі – узьняць і ўтрымаць па-над сабою на выцягнутых руках!