А вось і дыскаболы з малатабойцам ды штурхальнікі ядра: Клім, Міхневіч, Зьверава... Кідок! Штуршок! Шпурляньне!..
Вы бачылі, у чым сіла?! Засяроджаная, стрыманая. Без бравады. Без шумлівае рэклямы. Без пантоў, прабачце ўжо гэтае слова. Беларуская сіла – гэта сіла духу, здольная моўчкі, на жылах, на цярпеньні, на бясконцых трэніроўках, у вырашальнае імгненьне адужаць не абы што – прыцягненьне плянэты Зямля!
Скажаце, хай сабе сіла – чым яна ёсьць бяз волі? Слушна – бо наступнае шоў адкрыцьця Нацыянальнае Алімпіяды – "Адольваньне бязвольнасьці".
Паралюш нацыянальнае волі – гэта сур'ёзна. Гэта праблема нашай роднай бездуховасьці, несвабоды, закамплексаванасьці. Так, апошнім часам у беларусаў часта апускаліся рукі. Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця, ці ня так гэта называецца ў нас, шаноўныя гледачы?..
Што ж скажа беларускі спорт?
А вось што! Да снарадаў выходзіць беларуская зборная па спартовай гімнастыцы. Прыгажуны й прыгажуні, га?!. Віталь Шчэрба, Воля Корбут, Сьвета Багінская, Іван Іванкоў... Пачынаюць практыкаваньні адначасова, разам! Вы толькі паглядзіце на гэтыя зараджаныя позіркі, на гэтую фантастычную акрабатыку, на сьцятыя ў кулак чалавечыя целы! Вось яна, Воля Корбут – увасобленая беларуская воля!.. Саскокі, прызямленьні – практычна сынхронна: ай-яй-яй, якія малайцы! Вылітыя – на пастамэнт! Помнікі волевым беларусам... Так, і паказаць: зафіксавалі, раскінуўшы рукі... Супэр! Авацыя! Уся заля ўстае! Будзь тут судзьдзі, усе б далі па 10 балаў!..
Але ж беларусы здольныя і на нешта большае! Нам паказваюць удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў. Вы ўсе бачыце самі. Людзі бяз ног, бяз рук, на інвалідных калясках... Зборная Беларусі – сярод лідэраў! У 1996-м на Паралімпійскіх гульнях у Атлянце Беларусь заваявала 17 мэдалёў, а ў 2000-м, у Сіднэі – 23, а ў 2004-м 30 удзельнікаў-інвалідаў здабылі 29 алімпійскіх узнагародаў!
Уладзімер Ваўчкоў, які выходзіць на корт пасьля кастылёў, з жахлівай траўмай – і выйграе ў расейца Міхала Южнага вырашальны матч Кубку Дэвіса! Аляксандр Мядзьведзь, які на вачох у свайго суперніка, на арэне, сам сабе ўпраўляе выбіты палец – і перамагае!
Вось што значыць Народная Воля.
Воля, заснаваная на веры. Воля, якая пераадольвае фізычныя законы, бо ведае закон вышэйшы – закон духу. Воля нацыі, якая адчувае толькі родную зямлю пад нагамі й Госпада Бога па-над сабой!
Што ж дарагія сябры, яшчэ ня сьціхлі пераможныя воклічы й шматтысячнае рэха воплескаў, а мы пераходзім да аднаго з эпіцэнтраў сёньняшняга відовішча – адкрытай арэны адзінаборстваў. “Страх супраць адвагі”. Вы чуеце, трыбуны сьвісьцяць і галёкаюць. Вы бачыце, на чыім баку натоўп. Плякаты: “Хавайся ў бульбу!”, «Белорус – не боец» , «Распни его!», "Трус, трус – белорус!"
Але на рынгу – Вячаслаў Яноўскі. Што гэта, бой зь ценем? Не, гэта бой супраць улюбёнца натоўпу – Страху!
Вячаслаў атакуе сходу. Хук зьлева, апэркот – і найстрашнейшы ўдар правай у лоб! Гатоў! Страх павержаны на першых жа сэкундах. Можна нават не лічыць да дзесяці – ён проста адключыўся. Ну-у, спадарства, беларускае кайло! "Молат на крушэньне камянёў схізмы", здаецца, так казалі ў Сярэднявеччы? Тут бы і звышцяж Жах скапыціўся.
А на азораны вагнямі рынг ужо выходзіць зборная Беларусі па грэка-рымскай барацьбе, дзюдаісты, самбісты... А вось і каманда-ураган, непераможная зборная па кікбоксінгу! І наапошак – сам Аляксандр Мядзьведзь!.. Зьвярніце ўвагу на трыбуны – куды дзеліся ўсе плякацікі?.. Не – замест іх ужо бел-чырвона-белыя сьцяжкі са знакам "віктары"!
Той, хто раз за разам кідае выклік беларусу, не пакідаючы варыянтаў апроч схваткі сам-насам, каму ўдаецца выцягнуць беларуса на арэну – той трапляе адзіны раз у жыцьці, і больш так ня робіць. Што такое двубой зь беларусам – лепш за ўсё ведаюць скалечаныя, зламаныя й зьбітыя на горкі яблык!
Так, страх беларуса глыбокі. Але пад гэтым слоем, яшчэ глыбей, захавалася тое, што даў нам Бог. Найвышэйшая адвага і львінае сэрца. Каму, як ні нам з вамі ведаць, дарагія гледачы, што беларус ніколі не нападае першым. Ніколі! Беларус унікае, дакуль гэта магчыма. Беларус церпіць, стрымліваецца, трывае. Беларус нават ахвотна падстаўляе абедзьве шчакі, калі ўсё абыдзецца поўхамі... Але калі б'юць далей, заганяюць у самы родны кут, а там таўкуць і топчуць нагамі – сьледуе ціхі, ледзь чутны шчаўчок. Беларус пераключаецца ў рэжым "Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!" – і тады агрэсару дазваляецца толькі адно: даць лататы.
...Сьледам за ўявай бліскучых баёў рэжысэры Адкрыцьця прапануюць Беларусь у вобліку маленькага чалавека. Невялікае рэспублікі. Што мы такога, маўляў, можам у нашае беленькае русі, ды хто мы такія супраць моцных сьвету гэтага?