“Маленькія супраць вялікіх.”
І паверце мне, зараз будзе беларускі адказ!
Вось на вашых экранах Вольга Корбут і Віталь Шчэрба – найлепшыя спартоўцы сьвету 1972 г. і 1993 г.!.. Лязэрныя праекцыі на ўвесь стадыён! Што творыцца на трыбунах!..
Паглядзіце, а на агромністым экране ўжо неверагодны гол Герасімца ў браму футбольнага гранда, зборнай Галяндыі на “Дынама” 7 чэрвеня 1995 г. – і перамога 1:0 у Менску!
Вы бачылі – знакаміты кідок Копаця ў хакейным чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 г. Шайба! І выйгрыш 4:3 – павержаныя швэды!
А гэта ўжо біятлённая траса, дзе і Нямеччына, і Францыя, і Італія, і Нарвэгія саступаюць месца на п’едэстале беларускім партызанам – хуткім белым снайпэрам!
Беларусы здольныя біцца на роўных з найвялікшымі дзяржавамі як ня шмат якія з краінаў гэтага сьвету. Такіх супернікаў яшчэ называюць “моцнымі гарэшкамі”. Трэба толькі верыць – і, бачыце, можам, калі захочам!
А цяпер мы з вамі наведаем той цэнтральны алімпійскі подыюм, дзе вырашаецца лёс іміджу беларускай нацыі. Наш супернік – магутны стэрэатып. “Беларусь? – нешта невыразнае”, кажуць нам. Някідкая. Непрыгожая. Ніякая, адным словам. Мы чуем гэта на кожным кроку. Рэжысэры даюць нам карцінку. М-да... Бывае, даем падставы... Але ж у выніку мы нешта бледнае альбо ўсё-такі Беларусь?!
Пачынае гучаць музыка... Пазнаеце – наш вялікі Шастаковіч! І вось на арэне беларускія прыгажуні – квартэт мастацкіх гімнастак, цудоўная “срэбная” зборная Беларусі 2002 года. Маленькія грацыі ў паветраным танцы матылькоў. Лепшы рэклямны кліп, лепшая прэзэнтацыя беларускай прыгажосьці – пагадзіцеся, шаноўныя сябры! Эталён, эфэкт беларускай прыгажосьці – ціхі, бліскучы, мілы. Чароўная ўспышка, ахінутая мяккім, зьзяючым, амаль казачным сьвятлом!..
І вельмі, вельмі дарэчы будзе зараз прамое ўключэньне з Раўбічаў. Шоў фрыстайлу. Ала Цупэр, Аляксей Грышын, Зьміцер Дашчынскі: якія кульбіты ды піруэты! Якая бліскучая сьнежная акрабатыка!..
Беларускія спартоўцы сваім іміджам цягнуць за сабою цэлыя палітычныя й гандлёвыя брэнды. Яніна Карольчык – «Беларусь Сегодня». Жэня Паўліна – АНТ. Максім Мірны – “АнтыСНІД”. Уладзімер Парфяновіч – “Беларускі парлямант”.
Адкрыцьцё нацыянальнай Алімпіяды завяршаецца. Наперадзе вас чакаюць спаборніцтвы ў 14-ці відах праграмы. Жывыя трансьляцыі. Толькі фіналы.
Але напрыканцы, наапошак, хочацца сказаць колькі словаў.
Калі ўзгадваеш гэтыя захапляючыя, фантастычныя беларускія матчы, – спадарства, не пакідае ўражаньне цуду. Скажыце самі – праўда ж, нешта найвышэйшае. Проста містычнае!
Бо перамога – і спартоўцы цудоўна гэта ведаюць – дасягаецца толькі тады, калі воля адольвае стому, высільваецца са слабасьці цела, і выбух духу мабілізуе ўсю істоту, для таго, каб пераадолець мяжу магчымага. Чалавечых сілаў для такога замала. Перамога – гэта сапраўды штосьці звышнатуральнае.
Перамога – ад Бога.
І зараз, спадарства, зараз, тут і цяпер, якраз у Беларусі, у якой жывеце вы, момант такое кульмінацыі. Момант ісьціны. Кожны з нас бачыць нашу нацыянальную слабасьць, нашу немач... Некаманднасьць, неспартовасьць, бязвольнасьць, якія спазмамі й сутаргамі паралізуюць усё цела... Нас цягне да зямлі – толькі б упасьці!..
Але мы адчуваем і яшчэ нешта мацнейшае. Пульс нацыянальнае годнасьці – з самага сэрца Эўропы. Позву духу – звыш. Подых волі Божае, якая можа ўсё.
Вы сёньня самі бачылі на ўласныя вочы: беларусы могуць перамагчы сябе. А значыць – і ўсіх астатніх.
Кульмінацыя Адкрыцьця – у Беларусі запальваецца алімпійскі вагонь.
І вы чуеце, чуеце! – пацьверджаньне маіх словаў! – скандаваньне на трыбунах... Увесь народ, паглядзіце, устае са сваіх месцаў для дружнага:
УСЁ ПАД СІЛУ!
УСЁ ТЫ МОЖАШ!
БЕЛАРУСЬ – ТЫ ПЕРАМОЖАШ!!!
VI. БЕЛАРУСКІЯ АСОБЫ
Ты, ведаеш, Беларусь – гэта штосьці вельмі асабістае. Ня проста асаблівае – асабістае. Бо Беларусь – краіна асобаў.
І ты сам, і твая нацыя, і ўсё чалавецтва – перадусім асобы. Незвычайныя, унікальныя й пры гэтым падобныя. Бо, як кожная асоба, ты – вобраз і падабенства Божае. Як і кожная асоба, ты носьбіт унікальнай місіі ў гэтым сьвеце. Як і кожная асоба, ты – і клетачка сваёй нацыі, і мікракосм усяго чалавецтва.
Як там кажуць у галівудзкіх фільмах? “Нічога асабістага”?
Але ў Беларусі ўсё асабіста!
“Гэта асабістае” – скажуць табе беларусы і пра мову, і пра любоў да Радзімы, і пра веру ў Бога.
Асабістае – бо кожны з нас сустрэўся зь Беларусьсю празь нейкую асобу – гістарычную ці сучасную, незнаёмую ці родную, паэтычную ці палітычную.