Асабістае – бо ў Беларусі нацыянальная ідэя дагэтуль ня сталася масавай. Нацыянальная эліта і дацяпер хутчэй не адзіны арганізм, а броўнаўскі рух атамізаваных асобаў.
Асабістае – бо ў адрозьненьні ад індывідуалістычнага Захаду й калектывісцкага Ўсходу Беларусь спрадвеку ўвасабляла гарманічную раўнавагу паміж адзінкай ды супольнасьцю, залатую, сутнасна хрысьціянскую раўнавагу ПЭРСАНАЛІЗМУ.
Адсюль і сіла, і слабасьць Беларусі. І сотні геніяў, і “мая хата з краю”. I самавітыя людзі, і невыразны народ. I моцная сямейнасьць, і кволая нацыянальная салідарнасьць.
Пэрсаналізм – ня менш беларуская якасьць, чым цярплівасьць, гасьціннасьць альбо, напрыклад, стоеная сіла. У сваю чаргу беларускасьць – гарантыя цэласнасьці й каштоўнасьці асобы.
Нарэшце, беларускасьць выключна асабовая, бо адпачатку духовая: асоба – гэта катэгорыя духу.
Беларусы, дзесьці сьвядома, але ў большай ступені інстынктыўна, адчуваюць у сабе вобраз і падабенства Божае Асобы. Асобы Хрыста, ад якога бярэ пачатак уся сутнасьць беларускасьці. Першаасоба ў беларуса настолькі моцная, што ўпару казаць пра фэномэн на ўзор габрэйскага – нацыю асобаў. Нацыю геніяў, нацыю апосталаў. Нацыю прарокаў, кніжнікаў і скончаных эгаістаў.
Настолькі ж асабістая Біблія: напісаная пра Асобу і асобаў, праз асобаў і для асобаў, яна найпаўней з усіх кнігаў адкрывае чалавеку ўвесь непаўторны сьвет асобаснага.
Асабістае – таемнае, вельмі свойскае, нават інтымнае. І як любоў не абстрактная, а асабістая, так і беларушчына арыентаваная на канкрэтнага ўнікальнага чалавека.
Асоба як элемэнтарная адзінка роду чалавечага, можа дасягнуць унівэрсальнага ўзроўню толькі ў нацыянальным абліччы.
У нетрах асабістага ўзьнікаюць магнацкія дынастыі й гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі, народныя эпасы і плеяды патомных геніяў; праз асобу, і ніяк інакш, разбудоўваліся ўся аграмада Старога Запавету й падваліны цывілізацыяў Усходу ды Захаду. Кожная асоба мусіць ведаць свайго родапачынальніка; мець поўную скарбаў, зьдзяйсьненьняў і тытуляванае геральдыкі Кнігу Быцьця; памятаць трагедыю, што разыгралася ў сховах даўняга часу; і, канечне, падпарадкоўваецца свайму наканаванаму року, цi гэта сорак гадоў блуканьня, ці стогадовая адзінота, ці тысячагодзьдзе змаганьня за волю.
Самае крышталёвае й сьвятое з усіх пачуцьцяў, што здольная даць асобе нацыя – гэта адчуваньне сябе на вяршыні чалавечае гісторыі, грандыёзнай піраміды продкаў, збудаванай ў імя цябе. У тваёй гісторыі скрозь тысячагодзьдзі сьцінаюцца лініі лёсаў, памкненьні кожнае роднаснае душы, адказнасьць перад ўсімі сваімі, хто быў, і за ўсіх, хто будзе, абуджаюцца нечуваныя сілы, магутнасьці краіны й народу скрыжоўваюцца стакроць, і ўзносяць цябе думкамі й дзеямі ў вышыню – да Госпада Бога.
Беларусь – 10 мільёнаў такіх асобаў. Таму менавіта праз асобу выяўляюцца й галоўныя заканамернасьці нацыянальнае ідэі.
Тыя, хто чакае цябе за дзьвярыма некалькіх наступных старонак – найславуцейшыя і найвядомейшыя нацыянальныя героi. Большасьць зь іх, уяўляеш, большасьць! – духовыя правадыры й лідэры слова. Апосталы, паэты, прапаведнікі. 12 – сьвятары й місіянеры. 10 – паэты й пісьменьнікі. 8 – кіраўнікі дзяржавы. 6 – палітычныя лідэры, прычым у асноўным таксама духовага пляну. І ўсяго чатырох можна акрэсьліць як вайскаводцаў.
Кожныя два з трох – людзі , якія верылі ў Хрыста і аддалі ўсё сваё жыцьцё духовае місіі.
Гэта не пантэон куміраў і ня збор сьвятых. Гэта выбраныя вобразы нацыі. Галерэя фамільных партрэтаў. Нашая радаслоўная. Так, гэта людзі – а значыць, слабыя й грэшныя. Сёньняшняя Беларусь – гэта ня толькі вынік іх велічы, але й іх слабасьці.
Ты пачынаеш пазнаваць Беларусь у гэтых абліччах. Твары добрыя й цярплівыя. Мяккасьць і скругленасьць рысаў. Ажур зморшчынак. Пакутлівыя складачкі ля вачэй. Падцятыя вусны. Жылка на скроні. Позірк хутчэй сумны, але спакойны, адначасова пранізьлівы і балючы. Усё аблічча адухоўленае, запамінальнае, і быццам прасьветленае знутры. Глыбокая стоеная сіла.
Ты пазнаеш беларускасьць як ціхую, чыстую, зачараваную прыгажосьць. Аблічча, сама адпаведнае сьвятасьці.
Углядаесься ў гэтую чалавечую прыгажосьць, прымружваючы вочы, з затоеным дыханьнем – і раптам плоскасьць партрэту акунаецца ў глыбіню. І ты бачыш самога сябе – як у люстры.
Бо гэта ты сам, беларус.
Табе так шмат гаворыць гэтая манэра прамаўляць, гэты сьпеўны голас са схаванаю пяшчотаю, гэтая ласка крадком, цішком, гэтыя скулы й бровы…
І гэтыя вочы, беларускія вочы!