Выбрать главу

Пакутлівыя, пакаянныя або апантаныя.

Вочы дзіцёнка Божага. Вочы сьвятара. Вочы грэшніка.

Такая яна, тыповая беларуская асоба – штосьці пасярэдняе паміж Пазьняком, Шушкевічам і Лукашэнкам.

І ў той момант, калі ты чытаеш гэтыя радкі, ты сам робісься ключавою асобаю нацыянальнае ідэі. Твой выбар, тваё рашэньне вызначаюць: быць ці ня быць Беларусі. Бо цяпер я кажу табе асабіста: Беларусь – гэта тваё.

І гэтая кніга, і гэтая ідэя, і гэтая краіна – менавіта для цябе, ты чуеш!

Чытай. Абдумвай. Вырашай.

Бо Беларусь – гэта тваё пакліканьне. Твой лёс. Твая місія. Унікальны сэнс твайго жыцьця.

Твая асабістая ідэя.

Разумееш, чалавек быў створаны Богам ідэальнай асобай. Цэласнай, геніяльнай, шчасьлівай. Паводле вобразу й падабенства Свайго. Але, маючы поўную свабоду, чалавецтва пакінула Бога і выбрала грэх. Тое, што мы бачым сёньня навокал – гэта шматаблічныя вынікі грэхападзеньня. І для таго, каб зьмяніць сьвет, патрэбнае адраджэньне асобы. Бо не ў брудных вуліцах наша праблема, а ў брудных сэрцах. Перамяніць чалавека! – вось лёзунг дзейснай нацыянальнай ідэі.

Ведаеш, я ішоў да гэтага сам. Пытаў дарогі ў людзей, спрабаваў знайсьці шлях у падручніках, хадзіў туды, куды вочы глядзяць.

Мне самому даводзілася ня раз корпацца ў генах і пералічваць сузор’і радзімак, шукаючы прарочых кодаў ува ўласнай радні – і, між іншым, там выяўляліся многія не пазбаўленыя значэньня абставіны. Чыста беларускі фокус па матчынай лініі, калі з аднаго боку палякі з-пад Кракаву, зь іншага – расейскія чыгуначнікі, а між імі засьцянковая пінская шляхта нашаніўскіх часоў, чыё прозвішча дзіўным чынам можна стрэць праз стагодзьдзе ў гісторыка Сагановіча; глыбокая сямейная легенда, бясцэнная кропелька крыві з Палестыны – хрышчаны жыд Янкель, ад якога, гавораць, прабабка Наста захавала фэнамэнальныя матэматычныя здольнасьці, а яе ўнучка, настаўніца Тацьцяна, – цені сумненьня ў сваёй канчатковай славянскасьці; па бацьку – адборныя пакаленьні тутэйшых спадчыных бандароў; прадзед Пётар, які з маўзэрам у руках усталёўваў савецкую ўладу ў вёсцы, ад чаго ягоных дзяцей і ўнукаў закляймілі “дэкрэтамі”; ён, які пры канцы жыцьця залёг на печы, як за кулямётам, і, ашалелы крычаў свайму сыну, майму дзеду: “Пашка! Падай патронаў, белыя пруць!...” – якраз таму дзеду Паўлу, што вывучаў у 30-я ў школцы беларускія вершыкі й сёньня, паралізаваны, у восемдзесят зь нечым без запінкі расьпявае іх на памяць, аднаногі з фронту, тлумачыць унукам, што ўсякая вайна ёсьць проста забойствам, а разумнікі, кшталту вунь сына Косьці, павыдумлялі абы-чаго; вось, нарэшце, бацька Кастусь, зь юначых часоў філфаку знаёмы ці не з паловаю Саюзу пісьменьнікаў, пішучы журналіст і паэт, і пасьля ўсяго гэтага, уявіце сабе, – сын у Маладым Фроньце.

Мой асабісты шлях заключаўся ў тым, каб ісьці проста – і да канца. Уяўляеш, я заходзіў усё далей – і ня бачыў сэнсу ані ў мінулым, ані ў будучыні. Заглыбляючыся ў сябе, я ўвесь час трапляў у тупік жахлівай выпадковасьці жыцьця і страху немінучай сьмерці. У тупіку апынаўся мой лёс, у безнадзейным тупіку стаяла мая радзіма, і, як агромністы тупік, паўставаў перада мной увесь сьвет. Але ў гэтым лябірынце я ўсёй душой адчуваў прысутнасьць Кагосьці, Хто ведае выйсьце. Я ішоў на сьвятло – і нарэшце сустрэў Яго. Ён Сам, разумееш, Сам і ёсьць Выйсьцем. Сэнсам. Ісьцінай.

Шукаючы сэнс жыцьця, я знайшоў Бога.

Сустрэўшыся з Богам, я знайшоў Беларусь.

Гэта проста.

Ты гэта таксама зможаш.

Ведаю, табе ня проста ўявіць Бога як Асобу. Не безаблічную сілу, не разьліты ў прыродзе розум, не далёкую абстракцыю, а Жывую Асобу. Айца. Сына. Духа Сьвятога. Згодны, прыняць абсалют Асобы – цяжка праблема для чалавечага мысьленьня, асабліва ў эпоху тэорыі адноснасьці. Але толькі пасьля размовы з Богам ты здолееш спазнаць Беларусь напоўніцу.

Ён – гэта адзіны Ідэал беларуса.

Мы – гэта Ягоны вобраз і падабенства.

Гэта Яго прысутнасьць у Х, ХІІ, ХVI, XX стагодзьдзях стварала нацыю.

Гэта Яму маліліся, адкрываліся, каяліся, у Яго верылі – і, як браты Ягоныя, нараджаліся звыш сьледам за Ім.

Да Яго хадзілі ў храм, зь Iм размаўлялі ўва ўсякай патрэбе.

Ён выхоўваў, Ён ахвяраваўся – і гэта празь Яго ўваскрасала ўся краіна.

Гэта Ягоная любоў, праўда й вера, шчырасьць і ласка сьвецяцца ў Беларусі.

Усё, што ёсьць добрага ў Беларусі – гэта ад Яго, Ісуса Хрыста.

Таму пошук Беларусі – у першую чаргу пошук Хрыста.

Сустрэча зь Беларусьсю – гэта найперш сустрэча зь Ісусам.

Любоў да Беларусі – гэта перадусім любоў да Хрыста.

Таму табе абавязкова трэба пазнаёміцца зь Ісусам Хрыстом. Бо Беларусь – гэта Ягонае.