Цяпер зразумела, чаму з такімі пераменамі ў нас зьяўляецца шанец атрымаць грамадзтва, грунтаванае не на фізыялягічных рэфлексах ці псыхалягічных маніпуляцыях, а жывой, поўнай і паўсюднай адданасьці дабру, справядлівасьці, салідарнасьці. Такое грамадзтва здольнае і да сацыяльнага спачуваньня, і да падпарадкаванасьці закону. Грамадзтва, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, дае найбольш спрыяльны клімат для культываваньня рэальнае дэмакратыі, разьвіцьця пасьпяховае эканомікі, разбудоўваньня эфэктыўнае дзяржавы.
Людзі няверуючыя, людзі, якія не адчуваюць па-над сабою Творцы й Судзьдзі, для якіх нябёсы пустыя, схільныя корпацца ў зямлі, заўсёды глядзець пад ногі і ня зважаць на патрэбы ды інтарэсы іншых. Тым часам для чалавека, які верыць у нябачнага Бога, які прымае жывога Хрыста, які аперуе духовымі катэгорыямі і ідэаламі, які поўніцца нябёснай дасканаласьцю – абстрактныя “дэмакратыя”, “права”, “адказнасьць”, “сумленнасьць”, “міласэрнасьць”, усе асноватворныя імпэратывы, на якіх трымаюцца цывілізацыя й культура, куды больш лягічныя й зразумелыя. Больш таго, для хрысьціян яны проста арганічныя. Натуральныя.
У нацыі, якая перажывае крах дзяржаўнасьці, востры крызіс эліты й абвальны ўпадак маралі, застаюцца толькі два варыянты – “быць” альбо “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі, і ў яе мэнтальнасьці зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” – для нас настае час пакаяньня, эпоха посту й малітвы. Усеагульнае спавяданьне, ад асабістага голасу да хору храмаў і плошчаў, дасьць нам у поўнай меры асэнсаваць, скалануцца, прачуць увесь жах такога жыцьця й увесь боль адзінай надзеі. Супольная малітва – гэта душа нацыі. Так было ў Польшчы часоў “Салідарнасьці”, так было ў прыбалтыйскіх краінах падчас разбурэньня СССР, так было ва Ўкраіне, ахопленай “аранжавай рэвалюцыяй”. Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касьцёлах нараджаюцца трохсоттысячныя сьпевы на маніфэстацыях. Усё самае сьвятое, самае ўзвышанае й істотнае вырашаецца паміж Богам і народам у супольнай малітве: воля Божая й людзкія імкненьні пачынаюць зьлівацца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сымфоніяй – і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і зьяўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца й гуртуецца нацыя!
Пад новым небам у Беларусі выяўляюцца нечаканыя рэчы. Беларуская гісторыя набывае глыбокі, фэнамэнальна хрысьціянскі падтэкст, у якім угадваюцца ясныя асацыяцыі зь Бібліяй і празрыстыя эвангельскія вобразы. Узьнікаюць свой Стары й Новы Запаветы. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг паўстае як сьцяг Хрыста, а духовы гімн “Магутны Божа” – як сьпеўная малітва. Нацыянальныя асаблівасьці здаюцца проста прарочымі наканаваньнямі.
Усё робіцца настолькі відавочным, настолькі рэальным, што перад унутраным зрокам скрозь праясьняецца, расхінаецца новая краіна – і раптам, у пранізьлівых дэталях і намёках ты пачынаеш пазнаваць Новую Беларусь: цудоўную, духовую, эўрапейскую. Тую самую, якую мы так хочам убачыць.
Поўнасьцю сьвет відаць толькі зь нябёсаў. Усю Беларусь, усю бездань багацьця й хараство асаблівасьці, да сьцяблінкі, да кропелькі роднасьці, да апошняй жывой душы, да астатняга атама сэнсу, можна спасьцігнуць толькі праз Госпада Бога. Мне ўспамінаюцца бел-чырвона-белыя налепкі, якія распаўсюджвала адна зь менскіх эвангельскіх абшчынаў, з дэвізам, што максымальна ёміста выражае нацыянальнае духовае азарэньне: “Беларусь для Хрыста!”.
У гэтым месцы будзе самы час расставіць усе кропкі над “і” ў балючым фармальным пытаньні. Абмежаванаму чалавечаму розуму ўвесь час уласьціва зводзіць хрысьціянскае абуджэньне да дамінанты якой-небудзь канфэсіі – пры гэтым маецца на ўвазе яе выбар згодна з сымпатыямі аўтара. Небясьпечная памылка. Якраз-такі гэты комплекс непаўнавартасьці аказаўся фатальным для Вялікага Княства Літоўскага, калі міжканфэсійнае супрацьстаяньне падарвала асновы дзяржавы. Якраз ён самым сур’ёзным чынам тармозіць сёньняшняе абуджэньне. Гістарычна склалася, што Беларусь зьяўляецца сусьветнай сутокай буйнейшых хрысьціянскіх плыняў, унікальнай арэнай сустрэчы каталіцтва, праваслаўя й пратэстанцтва, месцам нараджэньня вуніяцтва. І дзякуй Богу! Жывое хрысьціянскае жыцьцё – гэта перадусім увесьчасны выбар, і проста здорава, калі ты можаш выбраць адпаведную духовым запытам сыстэму традыцыяў, мэтодыку вывучэньня й рытуал. Агульнавядома, што ў Заходняе Беларусі, дзе канфэсіі сустракаюцца, а розныя храмы літаральна глядзяць адзін аднаму ў вокны, віруе духовая актыўнасьць, і сацыёлягі ды статыстыкі атрымліваюць анамальна высокія паказьнікі ў культуры, шкале каштоўнасьцяў і гаспадарцы.