Вось чаму ў Беларусі скрышталізаваліся ўнікальныя зьявы міжканфэсійнага сынтэзу: сустрэча цэркваў, талеранцыя, беларускі іканапіс, Берасьцейская вунія. Вось адкуль ключавы рысы нацыянальнага мэнталітэту: ахвярнасьць, гасьціннасьць, засяроджанасьць, ласкавая мяккасьць, міралюбнасьць, натхнёнасьць і узьнёсласьць, памяркоўнасьць, пакора, пакутніцтва, простасьць, руплівасьць, сьціпласьць, стрыманасьць, стоеная сіла, цярпімасьць і цярплівасьць.
Беларуская духовасьць – гэта сьвятыя месцы, на якіх трымаецца беларуская зямля.
Заслаўскі кальвінскі збор, збудаваны ў XVI ст. на замчышчы Х ст., дзе жыла першая хрысьціянка Беларусі – Рагнеда. Спаса-Эўфрасінеўскі манастыр ХІІ ст. у Полацку, для якога быў створаны легендарны крыж, і дзе захоўваюцца мошчы найпадобнае Эўфрасіньні. Супрасьльскі Дабравешчанскі манастыр XV ст., са знакамітай царквой-крэпасьцю, друкарняй і бібліятэкай, другі ў тадышнім славянскім сьвеце пасьля Кіеўскай Лаўры цэнтар праваслаўя. Нясвіскі касьцёл Божага цела XVI ст., другі ў сьвеце пасьля Іль-Джэзу помнік барока, у якім знаходзіцца ўсыпальніца роду Радзівілаў. Жыровіцкая абіцель XVI ст., спачатку праваслаўная, затым вуніяцкая, і потым зноў праваслаўная, першым ігуменам якой быў Язафат Кунцэвіч, дзе адбываліся кангрэгацыі Ордэну базыльянаў і якая – адзіная! – працягвала дзейнічаць нават у савецкі час.
Беларуская духовасьць – гэта сьвятыні. Такія, як Крыж Эўфрасіньні й Сафійскі Сабор у Полацку, як цэрквы-крэпасьці, як абраз Маці Божай Вастрабрамскай, аднолькава шанаваны каталікамі, вуніятамі й праваслаўнымі, зь німбам вострых прамянёў – наша Статуя Свабоды! – абразы Ісуса Пантакратара й Тройцы... Унікальныя люстры жывога хрысьціянства, сплаўленыя з канонаў Усходу й Захаду.
Такія месцы тояцца ў душы ў беларуса. Такімі кодамі насычаны беларускі генатып. На гэтыя сыгналы рэагуе глыбінная беларуская сьвядомасьць – іх лёгкім дотыкам абуджае Божае адкрыцьцё й робіць рухавікамі вера. “Пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам”! (Ісайя 32:15)
Беларуская духовасьць – гэта гісторыя невядомых дагэтуль нацыянальных герояў.
Хто ведае, якія людзі – героі веры, праведнікі, сьвятыя – вымольвалі ў Бога гэты няшчасны народ у вялікіх Х, ХІІ, XVI, ХХ стагодзьдзях?.. Хто стаяў у праломе й каяўся за бязьвер’е мільёнаў у страшным 1563-м, 1654-м, 1795-м, 1840-м, 1917-м? Хто выпрасіў уваскрашэньне дзяржавы, подзьвігам свайго жыцьця здабыў Божую літасьць для нас, забыўлівых, жорсткіх сэрцам, жахліва няўдзячных, гніючых ва ўласным грэху сёньня!..
Хто ведае?
Адзін Бог.
Можа быць, мы сустрэнем іх там, вышэй за тыя сфэры, дзе нараджаецца сьнег і вечна чарнее ноч, там, дзе ніколі ня гасьне сьвятло, каля крыніцы Сусьвету, ад якой праменіць сьвятасьць. Там, дзе Беларусь бялейшая за белае.
У таго, хто прывык мысьліць катэгорыямі спажывецкае палітыкі, такая нацыянальная дактрына проста выкліча шок. “Ды ня трэба нам тых місіяў, абуджэньняў і грандыёзных плянаў! – дасадліва выбухне дзеяч апазыцыі, – пакіньце ў спакоі гэтую краіну, дайце ёй нармалёвае дэмакратыі, рынак ды пропуск у Эўразьвяз, і ўсё! Адкуль возьмуцца ўсе гэтыя самаахвярныя хрысьціяне, сілы й рэсурсы на лідэрства?!”
Што ж, гэта заўжды было: хочацца жыць як набяжыць і ціха сабе памерці. Тады ня маюць сэнсу ані велічная, трагічная, высокая гісторыя Беларусі, ані тысячы геніяў і мільёны ахвяраў, ані, у рэшце рэшт, само жыцьцё на гэтае зямлі. Лічыць, што беларусы больш 1000 гадоў змагаліся й гінулі за сыты страўнік для сябе й нашчадкаў – значыць, прыніжаць усю краіну, нацыю і яе Творцу.
“Душэўны ж чалавек не прымае, што ад Духа Божага, бо гэта вар’яцтва яму, і ня можа ўцяміць, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.” (І Да Карыньцянаў, 2:14)
Беларусь уратавалася ў страшных войнах, акупацыях і цудам атрымала незалежнасьць не для таго, каб назапашваць тлушч, енчыць перад суседзямі й хавацца ў бульбу ад чарговых пагрозаў. Досыць! Па-над намі – ня сала з праслойкай мяса, а бел-чырвона-белы Сьцяг Хрыста. Нам патрэбная моцная й дзейсная Беларусь – гарачае Сэрца Эўропы. Мы мусім паставіць сабе задачу перасягнуць вяршыні XVI стагодзьдзя – і аддаць усе сілы справе Скарыны, Радзівіла, Сапегі. Узьняць краіны Вялікага Княства. Абудзіць Эўропу. Перамагчы Расею.