Выбрать главу

Дзьвесьце адказаў!

200 фэномэнаў, прыведзеных у гэтае кнізе, ёсьць топ-рэйтынгам самых пасьпяховых спробаў рэалізацыі нацыянальнай ідэі. Хіт-парадам беларушчыны на парозе ІІІ тысячагодзьдзя. У кожным з гэтых двухсот, як у люстры, мы бачым і сябе, і ўсю Беларусь.

Кожная зьява, кожны фэномэн нацыянальнае ідэі – адказ комплексам. Разгром стэрэатыпаў. Наша фішка ў інтэлектуальнай гульні пад назовам “Давядзі, што мне гэта ня мроіцца!”.

Гэтая кніга будуе гіерархію нацыянальнае ідэі. Ад зямлі, на якой грунтуецца Беларусь, ад гісторыі, што фармуе нацыянальны падмурак беларускасьці, празь зьдзяйсьненьні нацыі ў гаспадарцы, культуры й спорце – да постацяў нацыянальных герояў, асобаў і найвышэйшай сфэры сымбалічнага, рэлігійнага, звышнатуральнага – духовасьці.

"Нацыянальная ідэя" – 200 фэномэнаў сусьветнага значэньня. 24 – зямлі ад "азёраў" да "сэрца Эўропы", 28 – гісторыі ад "адражэньня" да "эміграцыі", 26 – гаспадаркі ад "БелАЗу" да "электронікі", 32 – культуры ад "бардаў" да "чорнага квадрату", 14 – спорту ад "адзінаборстваў" да "цяжкай атлетыкі", 44 – асобаў ад Агінскага да Ягайлы, 32 – духовых ад "абуджэньня" да "цярплівасьці".

Сем блёкаў, сем паверхаў, сем прыступак нацыянальнай ідэі – да самага сёмага неба.

У кожнай такой глаўцы-эсэі пераліваецца, блішчыць гранямі сама Ідэя. Так, паводле вечнага закону сьветабудовы, растуць крышталі аднаго й таго ж рэчыва. Кавалачкі Беларусі – хоць ён адзін, хоць тысяча, хоць мільён – будуць крышталізавацца ва ўнікальным беларускім ідэале, прадвызначаным звыш.

Гэтая кніга – пэрыядычная табліца вядомых фактаў, сканструяваных у мадэль ідэалу. Паглядзіце самі: ўсё сыходзіцца, быццам у сабраным кубіку-рубіку. З асколкаў сьвету, разьбітага на бліскучыя прыватнасьці постмадэрнам ХХ стагодзьдзя хрысьціянская нацыянальная ідэя зьбірае цэласную, празрыстую, хрусталёвую сьвядомасьць.

Гэтая кніга – выклік пашыранаму меркаваньню, што насамрэч Беларусі няма, што яна не адбылася як дзяржава, што беларусы “не дарасьлі” ці “збанкрутавалі як нацыя”. Беларусь ёсьць рэчаіснасьцю!

Гэтая кніга – выклік ужо існуючым канцэпцыям беларускай нацыянальнай ідэі. “Савецкай”, “ваярскай”, “літоўскай”, “крыўскай”, “славянскай”, “паганскай”... А значыць – запрашэньне на дыспут у маштабах усяе Беларусі.

Гэтая кніга – выклік “дзяржаўнай ідэалёгіі”, спробам прыўласьціць краіну, зрабіць яе аб’ектам гандлю, і тым больш усім вымогам сфармуляваць Беларусь не па-беларуску.

Калі “Нацыянальная ідэя” падасца вам занадта ўзьнёслай – майце на ўвазе, гэта ад спрадвечнай беларускай паэтычнасьці. Калі палічыце лішне ідэалістычнай – памятайце: гаворка ідзе аб ідэі. Нарэшце, калі я што забыўся ці памыліўся ў дэталях – даруйце: буду рады паправіцца.

Урэшце рэшт, нацыянальную ідэю можа атрымаць кожны. Элемэнтарна. І ў палявых, і ў хатніх, што называецца, умовах. Што для гэтага трэба? У якім месцы Беларусі вы б не былі – вазьміце ў рукі Біблію на роднай мове і адшукайце гэтае месца ў Сьвятым Пісьме. Гэта настолькі ж ясна, наколькі й проста, і настолькі ж проста, паколькі праўда.

Бо нацыянальная ідэя – гэта калі Беларусь сустракаецца з Богам.

Маліцеся. Адзіны шлях да нацыянальнай ідэі – наўпрост зьвярнуцца да Таго, Хто стварыў гэтую зямлю, даў цела і дух гэтаму народу, Хто падараваў Беларусі такую мову і такі сьцяг.

Не чакайце Бога. Шукайце Яго. І калі хтосьці шукае з вамі разам – сябры, бацькі, каханыя або вашыя дзеці – абавязкова надыдзе момант ісьціны.

“Бо там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё – кажа Ісус – там і Я сярод іх.”

(Мацьвея 18:20)

Расьцерушыце ў пальцах камячок беларускае зямлі. Краніце пылок са сьценаў храму. Удыхніце гэтага паветра. Адчуйце цуд Божае прысутнасьці. Чуеце, як зь ціхім удыхам, уздымам лёгкіх, са сьвежай сілай у жылах кожная крывінка сэрца, пульсуючы, штослова радасна пацьвярджае Боскую роднасьць беларускасьці: так! Так! Так! Так!..

Бо беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сэрца. Сэрца Эўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, празь якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам:

”Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа!”

(Псальмы 50:12)

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Сьвятла. Белі, чысьціні, сьвятасьці, якой Беларусь літаральна зіхаціць зьсярэдзіны.

“І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло”

(Быцьцё 1:3).

Беларуская нацыянальная ідэя – гэта ідэя Імя. Імя сьветлага, што імкнецца да сьвятасьці; імя, поўнага прамяністае белі, у якой скразяць родныя рудыя, русыя рысы; імя, якое тоіць сэнс і найясьнейшае чысьціні, і прасторы празрыстасьці, і яркай успышкі. “Беларусь” азначае: “Да сьвяціцца імя Тваё”! (Мацьвея 6:9).