Выбрать главу

На наш погляд, найбольш аптымальны погляд на нацыяналізм, ляжыць у спалучэнні ідэй, выпрацаваных заходнімі аўтарамі, і падыходаў рускіх рэлігійных філосафаў, якія ўзводзілі хрысціянскую любоў у ранг палітычнага прынцыпа. Зыходзячы з гэтага мэтазгодна ўключыць у структуру нацыяналізму наступныя кампаненты:

— любоў да свайго народа;

— любоў да свайго краю;

— гордасць за гiсторыю свайго народа;

— павага i адчуванне адметнасцi i непаўторнасцi сваёй мовы;

— любоў да сваёй Айчыны цi патрыятызм;

— вера ў Божае прызначэнне свайго народа;

— боль за няўдачы свайго народа i радасць за яго поспехi.

Як бачым такое вядомае паняцце як патрыятызм у нашым азначэннi ёсць толькi састаўная частка шырокай, касмiчнай з’явы — нацыяналiзму.

Прыведзеная карэляцыя паміж нацыяналізмам і патрыятызмам адзначалася і іншымі даследчыкамі. Так, Е. Гейзінга прааналізаваў паняцці patria (айчына) і natio (народ) і зрабіў такую выснову: слова natio намнога шырэй, чым patria, хаця яны абазначаюць і блізкія паняцці. У XI ст. у Францыі, напрыклад, слова patria абазначала графства ці іх групу і было эквівалентна слову terra (зямля). Слова ж natio не мела адміністратыўнага значэння, а адносілася да сферы пачуццяў, што потым і перарасло ў тую з’яву, што мы называем нацыяналізмам.

Нацыяналiзм знаходзiць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў такім паняцці як нацыя, адпаведна i нацыя стварае сваю духоўную i iдэалагiчную абалонку — нацыяналiзм.

Адзначым, што мы гаворым аб нацыяналiзме як аб духоўнай з’яве, аднак могуць запярэчыць, што ёсць i iншыя праявы духоўнасцi — культура, мова, эстэтыка i iншыя. Адносна гэтых паняццяў адразу можна сказаць і яны не iснуюць абстрактна. Культура, мова i ўсё iншае, што тычыцца духоўнай сферы, заўсёды нацыянальныя. Нацыя абуджае ў чалавеку найбольш моцныя пачуццi i творчыя сiлы, найбольшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў. Наогул, чалавек заўсёды найбольш актыўны i творчы толькi сярод уласнага народу, якi яго лепш разумее i лепш выкарыстоўвае.

1.4. Нацыянальная ідэя

На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, якая налічвае 40–50 тыс. год, дзейнасць чалавека астаўляла сляды ў выглядзе археалагічных дадзеных, старажытных летапісаў, паданняў. фалькору і іншых помнікаў культуры. Але заўсёды мы сустракаемся не проста з чалавекам, а з чалавекам пэўнага народа, альбо нацыі: элінам, рымлянінам, готам, іудэем, украінцам… Няма проста чалавека, як кажуць, «без роду і племені». Гэты факт адлюстроўвае Задуму Тварца пра існаване чалавека ў пэўным народзе, этнасе, нацыі. Увесь спектр ведаў аб гэтай Задуме, усе бакі жыцця чалавека ў сваім народзе, альбо нацыі мы і называем нацыянальнай ідэяй (НІ).

Існуе шмат падыходаў да азначэння НІ. Cярод іх нам бы хацелася вылучыць ёмкае і змястоўнае азначэнне Уладзіміра Конана: «Нацыянальная ідэя — духоўна-творчы аналаг быцця народа ў трох вымярэннях — мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасці і сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю».

Гістарычныя карані сучаснага разумення нацыянальнай ідэі сягаюць, згодна Энтані Сміту, у часы Французскай рэвалюцыі 1789 г. У Дэкларацыі правоў ад 26 жніўня 1789 г. запісана: «Крыніца любога суверэнітэту знаходзіцца ў нацыі». Упершыню за гісторыю чалавецтва ўсе сілы грамадства былі арганізаваны ў тагачаснай Францыі не на карысць дынастыі французскіх каралёў, а на карысць нацыі.

Вылучым цяпер тыя атрыбуты нацыянальнай ідэі, якія на наш погляд найбольш характэрныя для любой нацыі, ці этнаса, што фармуецца ў нацыю.

1. НІ ўзнікла адначасова з узнікненнем нацыі, ці пад час фарамавання нацыі і ўяўляе імкненне чалавека ўсвядоміць сябе ў сваёй нацыі і сваёй нацыянальнай дзяржаве.

2. НІ ёсць выразьнік акрэсленага тыпу культуры, уласцівага пэўнаму этнасу ці нацыі і ўключае эканоміку, вытворчасць, адукацыю, рэлігію, мастацтва, літаратуру і іншыя складаючыя часткі ўсёй свядомай і мэтанакіраванай дзейнасці чалавека і грамадства.

Канкрэтызуем гэтую пазіцыю па асноўным галінам культуры.

а) Нацыянальная эканоміка. Некаторыя эканамісты лічаць, што не існуе нацыянальнай эканомікі (напрыклад Л. Злотнікаў). Гэта не зусім правільнае меркаванне. Менавіта ўпор на нацынальныя каштоўнасці і дазволіў пасляваеннай Германіі хутка выйсці з крызісу. Людзвіг Эрхард, творца пасляваеннай нямецкай эканомікі, назваў новую эканамічную праграму «нямецкім цудам». Сапраўды, за вельмі невялікі тэрмін (1947–1953) дзякуючы прадуманай і прыстасаванай да Нямеччыны эканамічнай праграме, ФРГ выйшла са стану поўнага разбурэння і стала перадавой еўрапейскай краінай.