Выбрать главу

Менавіта апошнія фактары (уздым тэхнакратыі) прывялі да вызвалення чалавека ад руціннай працы, далі адносную свабоду для духоўнага развіцця, што ў сваю чаргу прывяло да фармавання новай якасці асобы чалавека — нацыянальнай свядомасці і неабходнасці жыцця чалавека ў нацыі.

Энтані Сміт пісаў: «Аптымістычныя прагнозы лібералаў аб тым, што урбанізацыя, індустрыялізацыя звядуць да мінімуму прывабнасць нацыяналізму, паказалі сябе памылковымі».

Супярэчнасці паміж ліберальным і нацыяналістычным светаўспрыманнямі яскрава прадэманстравала дзейнасць такога вядомага ранняга нацыяналіста ХІХ стагоддзя, як Джузепе Мадзіні. Мадзіні быў італьянскім патрыётам і імкнуўся да аб’яднання ўсіх італьянскіх зямель пад адзіным урадам. Ён верыў у нацыянальнае самавызначэнне, як крыніцу ўсіх палітычных праблем. Для яго любая форма індывідуальнага самасцвярджэння, што з’яўляецца стрыжнем лібералізму, была раўназначнай здрадзе нацыі. Яго галоўная праца «Абавязкі чалавека» ўжо загалоўкам дэманструе выклік ліберальнаму прынцыпу — прынцыпу індывідуальных правоў асобы. Аднак Мадзіні з іншага боку быў касмапалітам, у гэтым ён быў разам з лібераламі, якія верылі, што будуць працаваць не для асобных людзей, а для ўсяго чалавецтва. Мэтай лібералаў, якую падтрымліваў Мадзіні была садружнасць дэмакратычных дзяржаў, што мірна супрацоўнічаюць у рамках універсальнага свабоднага рынку. Канцэпцыя сусветнага парадку Мадзіні — гэта свет асобных нацый, якія мірна супрацоўнічаюць паміж сабой дзеля дасягнення універсальнага дабрабыту чалавецтва. У сваёй праграме ён апеліраваў да лібералізму сусветнага парадку. Аднак блізкасць ідэалогій Мадзіні і лібералізму была даволі павярхоўнай. Сутнасць у тым, што Мадзіні быў зацікаўлены ў свабодзе нацыянальных калектываў, а не асобных індывідуумаў, што ёсць аснова лібералізму. Лібералы таксама імкнуліся да мірнага і прагрэсіўнага парадку, але не праз асобныя грамадскія групы, не праз нацыі. Гэтая вера ў прагрэс развіцця праз індывідульную свабоду была чужой Мадзіні.

І таму ён прыклаў шмат намаганняў, каб аб’яднаць італьянскія рэгіёны. Ён лічыў, што нацыянальнае яднанне з’яўляецца першасным і прэтэнзіі індывідуума павінны культывіраваць свае асабістыя ўклады, дзеля прагрэса ўсяго чалавецтва. Адна з першасных задач ураду захоўваць і развіваць нацыянальны характар і нацыянальныя традыцыі.

Адносна эканамічнага індывідуалізма, у прыватнасці ідэі свабоднага рынку, Мадзіні быў цалкам абыякавы і гэта ставіць яго на бок процілеглы лібералам. Ён бачыў, што канкурэнтная эканоміка спрыяе індывідуальнаму эгаізму, падрыхтоўвае да сутыкненняў брата супраць брата, а гэта разбурае нацыю, падзяляе яе на розныя варожыя класы.

Прыклад Мадзіні яскрава паказвае непазбежнасць антаганізму паміж лібераламі і нацыяналістамі і засведчыў невырашальнасць гэтага канфлікту.

Лібералы, кіруючыся рацыянальным мысленнем, лёгка прынімаюць нацыянальную ідэю і нацыяналізм, але гэтым яны ўводзяць радыкальна іншы, чужы элемент у сваю ідэалогію. З другога боку нацыяналісты могуць прымаць і прымаюць ліберальныя ідэі дзеля ўнутранага прагрэса эканомікі. Але інтарэсы нацыі пры гэтым маюць безумоўны прыярытэт над інтарэсамі простых ідывідуумаў.

Рускі мысліцель ХІХ стагоддзя Канстанцін Лявонцьеў вельмі балюча адчуваў усю згубнасць ідэі лібералізму для народаў, што сталі на шлях незалежнасці і фармавання сваіх нацый-дзяржаў. У другой палове ХІХ стагоддзя лібералізм стаў вельмі моднай ідэалогіяй для шмат якіх краін Ёўропы: Германіі, Аўстрыі, Італіі, Расіі і іншых. «… все эти нации, все эти государства, все эти общества сделали за 30 лет (к 1870-м гадам — А. А.) огромный шаг на пути эгалитарного либерализма, демократизации равноправности; на пути внутреннего смешивания классов, властей, обычаев, законов и т. д. …. Все общества Запада за эти 30 лет больше стали похожими друг на друга, чем были прежде». К. Лявонцьеў бачыў для сябе ў гэтым працэсе жахлівую карціну — пераход да дзяржавы касмапалітычнай, спярша еўрапейскай, а потым і сусветнай. У сувязі з гэтым К. Лявонцьеў быў і супраць панславізма. Ён раздзяляе ідэю праваслаўна-культурнага русізма — як нацыянальна рускую ідэю і ідэю панславізма, як падражанне еўрапейскаму эгалітарызму, толькі ўжо на грунце славянскага адзінства. К. Лявонцьеў неаднаразова падкрэслівае, што Еўропа — гэта як раз прыклад «непадражання». Захоўваючы рускі нацыянальны ідэал Данілеўскага, ён выступае супраць палітычнага ўсеславянства.