Выбрать главу

Постсавецкая прастора быццам бы па-новаму пачала натуральны гістарычны шлях, пярэрваны рэвалюцыяй 1917 года і тыя праблемы, што існавалі тады, загралі новымі фарбамі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, Узнік нэалібералізм, адзін з варыянтаў якога дапускае калектывізм (Ф. Хайек), этатызм і нацыяналізм. Сучасны нэалібералізм дапускае элементы ўмяшэння дзяржавы ў справы эканомікі, што супярэчыць класічнаму лібералізму, але не замінае сучасным ягоным прыхільнікам дасягаць вялізных матэрыяльных прыбыткаў. Як і раней нэалібералы любяць заігрываць з нацыяналістамі, але відавочныя супярэчнасці паміж імі вымушаюць лібералаў камбінаваць іншыя альянсы, найбольш распаўсюджаны з якіх ліберал-кансерватызм. Як вядома, нацыянальная ідэя ўключаецца ў кансерватыўную ідэалогію і з пункту гледжання нацыяналістаў ліберальны кансерватызм такая ж не магчымая камбінацыя, як і ліберальны нацыяналізм. Ніжэй у раздзеле 3 мы разгледзім гэтую праблему падрабязней.

Сучасныя расійскія ідэолагі ўсё менш падтрымліваюць канцэпцыю ўсеславянскага брацтва, якая дасталася нам аб імперскай Расіі і камуністычнага СССР. Так, П. Кандэль спробы аднаўлення «славянскага праваслаўнага саюза» называе «нереалистическими мечтаниями» і лічыць, што калі такі саюз і будзе ажыццяўлёны, ён будзе нявыгодны.

Такім чынам мы ўвайшлі ў ХХІ стагоддзе развітаўшыся (у большай часцы света) з камуністычнай ідэяй і маючы некалькі «перажыўшых» перапетыі гісторыі ідэалогій, сярод якіх мы зараз вылучылі дзве не вельмі спалучаемыя ідэалогіі — лібералізм і нацыяналізм.

Сучаснаму чалавеку галоўны прынцып лібералізму, ідэя свабоды вельмі блізкая. Шэраг краін усіх кантынентаў свету будуюць сваё заканадаўства на падставе ліберальных каштоўнасцей, грунтуючысь прынцыпамі правоў чалавека, усялякіх свабод (сумлення, веравызнання, друку….) і інш.

З другога боку мы бачым амаль экспаненцыльны рост новых нацый, нацыянальнай свядомасці людзей, утварэння новых дзяржаў і этнасаў. Нацыі не хочуць асіміляцыі, а наадварот, множацца і мацнеюць.

Камуністычны рэжым утрымліваў шэраг этнасаў у эмбрыянальным стане і здавалася б, што ўжо мала засталося для таго каб зліць якога-небудзь эстонца, украінца, ці узбека у адзіную сацыялістычную нацыю. Гледзячы на вялікія поспехі СССР (на самой справе большасцю паказушныя, ці неапраўданыя — як, напрыклад, асваенне космасу), шэраг краін, асабліва трэцяга свету, пачалі таксама будаваць сацыялізм, паставіўшы нацыянальныя праблемы на задні план.

Але заганная камуністычная ідэя лопнула, і з летаргічнага сну вярнуліся многія народы. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза і Югаславіі пачаўся працэс утварэння незалежных дзяржаў, нацыянальная ідэя выйшла наперад.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці магчымы, усё-такі, нейкі альянс паміж лібераламі і нацыяналістамі? Ці магчымы ліберальны нацыяналізм?

І. Тамір (Yael Tamir) у сваёй фундаментальнай кнізе «Liberal nationalism» спрабуе развязаць гэтае пытанне станоўча: «Ліберальная традыцыя з яе адносінамі да асабістай свабоды і нацыянальная традыцыя з яе акцэнтам на прыналежнасць, лаяльнасць і салідарнасць могуць сапраўды сумяшчацца». І на самой справе, гэта было б ідэальна: нацыяналісты па-сапраўднаму ацэньваюць свабоду асобы і асабістых праў, а лібералы асэнсоўваюць і прызнаюць важнасць культурных каштоўнасцей, нацыянальнай свядомасці і марльных установак, якія вынікаюць з іх.

Але нават калі так і будзе, пэўная напружанасць паміж ліберальным і нацыянальным светапоглядам усё роўна будзе, таму што няма ніякіх падстаў, каб ацаніць ступень важнасці таго ці іншага падыходу і заўсёды знойдуцца такія, якія будуць стаяць больш за лібералаў, і другія, што схіляюцца больш да нацыяналістаў.

Наша пазіцыя наконт ліберальнага нацыяналізму наступная. Жаданне І. Тамір — правільнае і разумнае імкненне, ідэальнае рашэнне праблемы. Але такое гарманічнае спалучэнне лібералізму з нацыяналізмам магчыма толькі ў высокаразвітым грамадстве (напрыклад, у Англіі, радзіме І. Тамір), дзе большасць грамадзян маральныя, культурныя людзі. На этапах жа развала імперый, у постсавецкіх і посткаланіяльных краінах, у краінах дзе пануе ірэдэнтысцкі нацыяналізм ніякай гармоніі паміж лібераламі і нацыяналістамі да пэўнай пары быць не можа. Спачатку трэба пабудаваць нацыянальную еўрапейскага тыпу дзяржаву. А гэта магчыма толькі пры дапамозе маральна якаснай эліты і прыярытэту нацыянальнай ідэі. У адваротным выпадку разгул свабод можа прывесці да падаўлення нацыянальнай ідэі, разбурэння асобы. На постсавецкай і посткаланіяльнай прасторы кожная нацыя павінна прайсці шлях Францыі ці Італіі — і тады ліберальны нацыяналізм стане рэальнасю.