Выбрать главу

2. Не закранаючы асноўнага, традыцыйнага працэса богаслужэння, у праваслаўных храмах можна ўводзіць паралельна служэнне на беларускай мове. Такім чынам, напрыклад, ужо некалькі год ідуць набажэнствы ў Мінскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы. Неабходнасць такой формы царкоўнага жыцця выцякае з патрэб нацыянальна свядомых беларускамоўных грамадзян. Магчыма, такія крокі будуць і часовымі — з цягам увацаркаўлення веруючыя змогуць параўнаць (ужо свядома!) тую, ці іншую службу са служэннем на царкоўнаславянскай мове і, не выключана, што яны зменяць свой погляд на карысць тысячагадовай традыцыі.

Падагульняючы, хацелася б сказаць наступнае. Няма падстаў лічыць, што праваслаўнае богаслужэнне на царкоўнаславянскай мове павінна змяніцца на служэнне на нацыянальных мовах. Нельга механічна пераносіць працэс нацыянальнага адраджэння на змену формы царкоўных служб. Больш важным, на нашую думку, з’яўляецца змена знешняй царкоўнай арганізацыі. Для Беларусі немалаважным з’яўляецца пытанне аб аўтакефаліі праваслаўнай Царквы і гэтае пытанне непарыўна звязана з пытаннем аб дзяржаўным суверэнітэце. Аднак аўтакефалія зусім не азначае пераходу на беларускую мову богаслужэння. Для уніятаў, якія прывабліваюць пэўнае кола грамадзян беларускамоўнымі службамі, традыцыйнай мовай богаслужэння лічыцца таксама царкоўнаславянская мова. І існуючую беларускамоўную практыку самі уніяцкія святары тлумачаць тым, што вернікі «не атрымалі ў дзяцінстве традыцыйнага выхавання і таму незнаёмыя з царкоўнаславянскай богаслужэбнай практыкай».

Сацыяльна-палітычная канцэпцыя каталіцкага Касцёла выкладзена паслядоўна ў працах як свецкіх аўтараў, так і ў энцыкліках рымскіх пап.

Пазіцыя рыма-каталіцкага Касцёла наступная: Касцёл ёсць цэнтралізаваная, іерархічная, сусветная арганізацыя. За ёй рашаючая роля ў міжнародным праве, якая палягае на найвышэйшай уладзе папы. Галоўная форма дактрынальных папскіх дакументаў — энцыклікі, якія пішуцца для духавенства і вернікаў, а таксама для ўсіх людзей добрай волі. Пачаткам сучаснай грамадскай дактрыны Касцёла ёсць энцыкліка папы Леона ХІІІ ад 1891 г. «Rerum novarum (Новая гаворка)». Упершыню ў гэтым дакуменце было ўведзена паслабленне для папскай улады, адступленне ад тэзы аб поўнай залежнасці свецкай улады ад касцёльнай іерархіі (да гэтага лічылася, што грамадства ёсць свецкі працяг Касцёлу). У пантыфікатах Яна ХХІІІ і Паўла VI былі ўлічаны працэсы ўтварэння новых нацый-дзяржаў і прыняты тэзіс аб аўтаноміі і ўзаемнай незалежнасці Касцёла і грамадства, адносіны паміж імі трактуюцца на прынцыпах супрацоўніцтва.

Ян Павел ІІ надаў папярэднім дакументам сваю, арыгінальную трактоўку Папа надаў каталіцкаму Касцёлу і яго дактрыне маральнасці статус адзінай сілы, якая ў стане праз свае дзеянні прыдаць сакральны сэнс жыццю людзей і ўсёй іх дзейнасці.

У грамадскіх справах Ян Павел ІІ кацэнтруе ўвагу на праблемах сітуацыі чалавека ў сучасным свеце. Папа рэвалюцыянізуе тэалогію праз замену тэацэнтрызму антропацэнтрызмам. Прымаючы ісціну, што Бог сам паказаў на сваю адзіную, сапраўдную Царкву, праз удзел у яе таінствах чалавек можа спадзявацца авалодаць блажэнным жыццём ужо тут на Зямлі.

Важным крокам для каталіцкай думкі стала ідэя паразумення паміж людзьмі розных канфесій, што атрымала назву «ідэя хрысціянскай садружнасці». Царква і дзяржава з’яўляюцца інстытутамі, прадпісанымі Богам для дабрабыту чалавека. Суадносіны паміж імі — шчыльнае супрацоўніцтва. Функцыя Царквы вучыць ісціне і кіраваць таінствамі. Функцыя дзяржавы — устанавіць парадак і справядлівасць у грамадстве. Па пытанням веры і маралі дзяржава звяртаецца да аўтарытэту Касцёла і дапамагае яму ў барацьбе з грахом. Царква, ў сваю чаргу, павінна звяртацца да аўтарытэту дзяржавы і вучыць людзей, якія не хочуць падпарадкавацца, ці выступаюць супраць устаноўленых законаў. Такая ідэалагія сучаснай каталіцкай Царквы вельмі блізкая да дактрыны праваслаўнай Царквы Візантыі, дзе ўпершыню была ажыццёўлена ідэя сімфоніі Царквы і дзяржавы.

Нацыянальная ідэя ў каталіцкай дактрыне займае належнае месца. Яна не стаіць востра сярод развітых капіталістычных нацыянальных дзяржаў, такіх як Італія ці Францыя, але ў посткаланіяльных і постсавецкіх дзяржавах, а таксама сярод этнасаў, якія не акрэслілі яшчэ сваю нацыянальную ідэю, не стварылі сваю нацыю, гэтая ідэя вельмі актуальная.

Яшчэ не так даўно вельмі імкліва развівалася нацыянальная думка ў каталіцкім асяродку Заходняй Беларусі (1921–1940). Узгадаем выдатных дзеячоў беларускага адраджэння таго перыяду. Гэта ксёнз Кастусь Стэповіч (псеўданім Казімір Сваяк), ксёнз Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка і іншыя.