Выбрать главу

- Гэй, вы... у Бога вас, у Хрыста... Дарогу мне, брыгадзіру, дарогу...

І як быў нераспрануты, неразуты - заваліўся на нары. Заснуў хваравітым сном. Ускакваў у сне, несусвеціцу вёрз пра гармонь, пра клей, пра ружовую плеш, пра адзінаццаць адзяялаў лагерных.

«Далікатная васпітанія» ўсміхнулася, шапарнула:

- Адзяяльцы, відаць, камандзір наш папёр. Ручак яго не мінулі...

Грымнулі з нар, з куткоў:

- Ціху ты, балдзей... Нішкні...

Ушылася ў нары «васпітанія», сціхамірылася...

А раніцою, чуць свет, узняўся Андрэй Андрэевіч з нар, на двор выйшаў да бляшанага ўмывальніка. Мыўся, чапурыўся, доўга прыгладжваў ускудлачаныя валасіны, брызентавыя штаны размінаў на палене хваёвым - усё стараўся складку навесці. Сцюдзёнай вадой боты абмыў - ад бруду, ад гразі балотнай. Чапурыўся, рыхтаваўся да нечага. І чакаць не прыйшлося доўга. Прыйшлі, загадалі ісці, павялі пад канвоем.

І на допыце заявіў без доўгіх анцімомій:

- Ну што ж, сесці прыйшоў, таварыш начальнік... За адзінаццаць адзяял, адну скрынку сігоў ды пакуначак цукру няважаны... Ды яшчэ за няважаную даверыю...

І без доўгіх анцімоній сеў.

Пасадзілі Андрэя Андрэевіча. За жалезныя краты немудрашчыя, ізалятарскія.

Гармонь адабралі.

Сядзіць Андрэй Андрэевіч.

Каторы дзень сядзіць. Не ў ахвоту сядзенне тое, апрыкрала. Адзін. Словам перакінуцца - няма з кім.

А за акном чорная ноч, гудуць, завываюць восеньскія вятры. Золь у іх, стыль, сцюдзёныя подыхі недалёкага Белага мора. Здаецца ў змроку начным, нібы вось яно, вось за самай сцяной, за чорнай шыбкай - дыхае яно, распраўляе магутныя грудзі, набягае грымлівымі ўспененымі хвалямі, і ад іх шалёных узвіваў ляцяць салёныя пырскі, пасцілаюцца слатой на шыбках акон, рассыпаюцца друзам лядовым па даху, па сценах. То вецер зрывае ігліцу хвой. Цярушыць, асыпае яе, злосна кідае ў вокны, у сцены, шамаціць па чорнаму шклу, вільготнаму, запацеламу. Вунь колькі на гэтай шыбцы калючай ігліцы ды апалага лісту, счарнелага, пажоўклага.

І, прынікшы гарачым ілбом да стылага шкла, намагаецца Андрэй Андрэевіч думкі свае сабраць у бярэма. Нікнуць яны, рассыпаюцца, вострай ігліцай драпаюць сэрца.

Чарадою праходзяць гады. Што ні год - ліст апалы, пажоўклы. І жыццё ўсё - золь восеньская, слата, сцежкі віхлястыя, абіваныя турэмныя парогі, царскія турэмныя клапы запанібрата, смуродная цвіль турэмных нар і вечная - з году ў год - пракаветная думка: вот жа вырвуся, воляй дыхну, - ведай нашых тады. Вырываўся на некалькі тыдняў, на дзесяткі дзён. І цяжка дыхала кароткая воля - перагарам гарэлкі, чадам ашалелай весялосці, бляклым румянцам бляклых дзяўчат, шалёным разгулам панажоўшчыны.

Ад турэмных крат і ад кароткай волі страцілі вочы былы бляск, сівая цвецень уплялася ў валасы. Сугорбілася спіна. Хада насцярожанай стала - страцілі ногі былую гнуткую цвёрдасць, не ногі былі - спружыны, калі ўцякаў у цёмныя ночы ад турэмных наглядальнікаў і парогаў. Цяпер ныюць ногі, цяжкія, азызлыя. І калі прыйшла яна - рэвалюцыя, цяжка было выбіцца з віхлястых прызвычаеных сцежак на пратораныя людскія дарогі, на новыя прасторы новай зямлі. Мелі ногі хаду старую, такую ж хаду мелі старыя думкі пра свет, пра жыццё, пра людзей - усе на свеце зладзеі, найбольшыя з іх у пашане ходзяць, найспрытнейшыя светам правяць, чым жа я хужэй ад іх - злодзей найменшы. Віхлястыя сцежкі прывялі ў Салаўкі. Белым морам на канал прывезлі. І тут збіўся са старых прызвычаеных капылоў. Усё трымаўся на іх, на старых, трупехлых. Падламаліся.

Мо баян падвёў - не ўстояў перад ім па слабасці сваёй да гармоні Андрэй Андрэевіч, адзінаю ўцехаю лічыў яе ў жыцці і мог сярэбранымі галасамі выціснуць слязу на азвярэлым твары, сэрца, збітае з каменю, растапіць у жалю, радасцю чалавечаю яго заіскрыць. Падвяла гармонь. А мо не гармонь. Да сярэбраных галасоў было слова людское, цёплае, спачувальнае. Не чуў яго ніколі раней стары злодзей Андрэй Андрэевіч. І пайшоў на работу, за сабой павёў баявую фалангу. З-за гармоні. Толькі ўдарнік меў права на сярэбраныя яе галасы.

І калі стаў на работу, спала з воч старая слата, свет пазнаў па-новаму. Даведаўся - не зладзеямі свет трымаецца і не імі ён правіцца ў роднай краіне. І няма ніякіх пуцей яму, Андрэю Андрэевічу, найменшаму злодзею ў мінулым, а цяпер, выходзіць, найбольшаму... Акрамя як на работу... Там ён чалавек найпершы, найслаўнейшы брыгадзір, да слова яго ўважліва прыслухоўваюцца... раяцца з ім... Гэткую дамбу згоралі, і дзіва-то: уздыбілася балотнае возера, узнесла хвалі свае вышэй стромкіх хвой, і па хвоях тых, па вяршалінах карабель паплыў, аж да Белага мора пайшлі параходы... І яго рукой тое возера створана, ён падняў караблі, параходы вышэй стромкіх хвой, шлях-дарогу паказаў ім да мора.

Глыбокае возера, бурнае. Ідзе канал з яго да Белага мора.

А яно яшчэ глыбей. Берагоў на ім не відаць, на вялікім...

І тры каплі клею.

Усяго-наўсяго тры каплі. І як паслізнуўся на іх, да пякучага болю ў сэрцы, нібы кранулі па ім нажом тупым, зазубраным і шурпатым. Аж сцяўся ўвесь, уздыхнуў. Быў той уздых глыбокім, працяглым. Спалохаўся нават. Адчуў, як нешта цёплае напоўніла шрам, скацілася праз нябрытую шчаку, запяршыла і сціснула ў горле. Рэзка падхапіўся з нар, прыліп да акна, прастроміў вачмі начную цемрань, што церушылася ігліцай, падалкай-лісцем, восеньскай золлю, макрэддзю.

- Каб я... Ручкі склаўшы сядзець, падвадзіць чалавека... Не, не будзе гэтага... Больш так немагчыма...

Напружыўся ўвесь. Валахатыя рукі наваліліся на тонкую жалезіну, з мясам вырвалі з рамы. Хруснула яна, падалася. Ціха дзынкнула шкло, упала і рассыпалася па мокрай зямлі. Рэзкі вецер узмачаліў космы валос, абдаў холадам твар, думкі прывёў да парадку.

Грузнае тулава перамятнулася праз падваконне, і чалавек знік, праглынуты вятрамі і цемрынёй. Ішла насустрач лесавая восеньская пурга, лісцвяная, іглічная. Грознымі перакатамі гудзела ў вяршалінах хвой, шалёна кідалася на азёрныя прасторы, кідала на дыбкі чорныя хвалі, і яны з гудам, з грохатам навальваліся на ўспенены бераг і адкатваліся назад, каб разбіцца аб сустрэчныя хвалі. Пурга кідала ў вочы, у расхрыстаныя грудзі жмені вострай ігліцы і мокрага лісця, прыгінала стромкія дрэвы, і, напятыя, яны гудзелі, як струна. У гудзе тым была суровая і пагрозлівая музыка лесу. Дзесьці, патрывожаны бураломам, раўкнуў мядзведзь, і роў яго пракаціўся кароткімі пагалоскамі, праглынутымі глыбокімі лажбінамі, мяккімі імшарынамі балот, уздыбленымі хвалямі возера.

Чалавек торапка бег, падганяемы пургой, начнымі сполахамі, глухімі гукамі лесавымі, звярынымі.

* * *

Змрочная пеляна спаўзала з акон. У іх разлівалася шэрая празрыстасць раніцы. Праз іх відаць былі сівыя туманы - яны плылі па лажбінах, клубіліся над рачулкай, над азёрнымі берагамі. І нібы плавалі ў гэтым тумане суровыя грамады хвой і ялін, высока ўзнёсшы калматыя верхавіны ў золь і стыль ранішняга неба.

Прачыналася Мядзведжая гара, абуджалася гаманлівымі галасамі. Ішлі лагернікі на работу: у майстэрні, на сплаў, на лесавыя работы. Заклікаюча гулі гудкі лесапільні, грымелі буферамі цягнікі на станцыі, пераклікаліся паравозы.

Чалавек сядзеў за сталом, лахматы, нахохлены. Раз-поразу праводзіў па твары, па ўскудлачаных валасах шырокай далоняй, нібы зганяючы з твару дрымотную цеплыню, што хіліла да сну, да спачыну. Прыслухоўваўся да паравозных гудкоў, і тады на хвіліну якую выпростваўся ссутулены стан, святлеў позірк вачэй - рабіўся цвёрдым, калючым. У гудках тых была вялікая і грозная сіла - паравозы прыйшлі здалёк, былі бясконцымі іх шляхі, да радзімы далёкай вялі, да волі. Далёкай волі.

- Дык як жа так? Што будзем рабіць?

Чалавек чуў запытанне і марудзіў з адказам. Усё падбіраў лепшыя словы, каб былі яны глыбей і мякчэй, каб была ў іх вялікая праўда, каб глыбокая вера была да тых слоў. Чалавеку хацелася сказаць аб дзівосным жыцці, аб суровай праўдзе, аб сярэбраных галасах гармоні, аб ударніцтве, нечуваных працэнтах... І аб трох каплях клею...