Выбрать главу

Доўга абуваўся дзед, не паліўшы лучыны. Надзеў лепшую світку, падперазаўся поясам новым - падарунак унучкі. Намацаў сякеру пад лавай, заткнуў за пояс яе. Пастаяў ля лавы памацаў унуччын лоб - быў ён сухі, гарачы.

- Ну што ж, даруй мне, унучка... - праказаў шэптам і пайшоў з хаты.

Глухая восеньская ноч стаяла над зямлёй. Вечным гудам сваім поўніўся бор. На мохавых сцежках не ўчуеш хады чалавечай.

Так і не бачылі з таго часу дзеда.

Сышоў у ноч і знік.

* * *

Перад самай зімой ужо вылоўлівалі карасей з панскай сажалкі. Тады вылавілі і дзеда Януся. З-пад самай вярбы, з-пад карэнняў, выцягнулі яго панскія батракі-рыбалкі. Выцягнулі і не рады былі той удачы - узбегаўся, як шалёны, пан Зыгмунт, крычаў, сыпаў д'ябламі, пагражаў.

- Чортведама што цягнуць... Што вы, гады, з возерам нарабілі?

Але, убачыўшы нахмураныя твары рыбалак, у час схамянуўся:

- То што ж рабіць? То ж чалавека пахаваць трэба... Трэба ж даць парадак чалавеку, зямлёй вочы прыкрыць небараку... - і набожна перажагнаўся.

Аб удачы рыбалак адразу ўведалі і ўсе панскія батракі і выгодаўцы. Усім сялом прыйшлі паглядзець на тую навіну. Тут жа ўсякія чуткі хадзілі і здагадкі. Нібы парвалі дзеда панскія выжлы. Няйначай чуваць быў у тую ноч - пасля ўціхамірання - дужа моцны брэх сабачы ў графскім двары. І нібы - так людзі казалі - перакінулі панскія служкі паўжывое дзедава цела праз плот старога парку і, каб змыць сляды, пазбыцца непрыемнасцей лішніх, кінулі ў старую сажалку і заціснулі пад корч лазовы. Людзі казалі, ды ці мала чаго людзі гавораць! А як апынуўся дзед у панскім садзе, як заблудзіўся там? Хто ж яго ведае...

На дзедава пахаванне прыбегла і Ядвіська. Яна ачуняла ад хваробы, і толькі шырокі чырвоны рубец застаўся ў яе на шчацэ ад усіх тых здарэнняў. Ды ўсміхалася ўсё. Што ні скажы ёй, а яна ўсміхаецца.

- Дурненькая стала... - сумна ківалі жанчыны галовамі і змаўкалі.

Ядвіська хацела паглядзець дзеда. Але дзе ты яго ўбачыш, пад дзяругай! Толькі і відаць была зліплая дзедава барада ды той колас аўсяны, што прарос у ёй. Таму коласу ўсміхалася Ядвіська, сінімі вачамі пазіраючы на дзедаву дзяружку, на мокрыя невады, на бялёсае прадзімовае неба. Яе дзве касіцы, пераплеценыя жоўтымі істужкамі, недарэчна задзіраліся ўгору, калі пазірала яна ў неба, шукаючы дзедавых журавоў. Ды не чуваць было іх, яны даўно праляцелі. Дзеда пахавалі пад агромністым дубам, што за сажалкай, на ўскрайку графскага лесу. Хацелі людзі на могілкі дзеда панесці, але не дазволіў ксёндз. Нельга ж самагубцу ў рад з целамі праведных.

І доўга яшчэ казаў казанні свае ксёндз у касцёле. Аб страшным граху, аб божай ласцы, аб вялікай цярплівасці перад Панам Богам. Людзі слухалі і ўздыхалі. Ды на словы гэтыя ўсміхалася Ядвіська. Людзі тузалі яе за рукаў:

- Кінь, дурненькая, чаму ты гэта?

Але ўсміхаліся сінія вочы.

Адны звалі яе Ядвіськай. Злыя ж людзі абзывалі сабачым недаедкам, хлапчукі дразнілі едзькай-недаедзькай.

* * *

Мінулі дзве зімы з таго часу, як панскія рыбалкі вылавілі ў сажалцы Ядвіськінага дзеда. Яна жыла ў людской кухні ў цёткі Зосі. Была тая нейкая сваячка Ядвісі і доўга ўпрошвала старую графіню, каб узялі на якую працу дзяўчынку, далі б дзіцяці хлеба кавалак. Старая графіня выжывала ўжо з розуму, ад старасці трэслася яе галава і левая рука, але яна вечна поўзала па панскаму двару, прыглядаючыся сваімі шэрымі, папяловымі вачмі да ўсіх закуткаў вялікага двара. Гэта звалася ў яе - весці гаспадарку. Яна чытала розныя энцыклапедыі, лічыла патрэбным даваць работнікам парады - конюхам, аратым, пастуху Сілівону, кульгавай птушніцы Сцепанідзе, высокаму, як таўкач, зябкаму садоўніку Антосю. Той зімой і летам хадзіў у кажушку, быў наўздзіў маўклівы і толькі з паняй графіняй вёў важныя гутаркі па-латыні аб графскіх ляўкоях, рэзедзе, аб незвычайных гарбузах і дынях.

Конюхі, птушніцы, даяркі заўсёды выслухоўвалі графіню з павышанай увагай і паціху пасмейваліся з яе. І крый Божа, калі ўчуе яна той смех! Адразу вернецца назад і, трасучы галавой і рукой, пачне распякаць гультаёў і грэшнікаў, заклікаючы іх імем святога Пана Бога:

- Маліцеся, галганы!

І яны маліліся перад распяццем, скоса пазіраючы на набожную графіню, а ці хутка д'ябал знясе яе адсюль, паверне ў другі бок.

Распяцці былі паўсюды - у кухні, у стайні, у вялікай аборы, нават у старым птушніку, дзе не змаўкаў пранозлівы гоман індыкоў, гусей, розных завадскіх кур і ўсякай іншай птушыны. Тут здарылася аднаго разу няшчасце з Панам Езусам па звычайнай курынай несвядомасці. І, як на тое ліха, трапіла на тое здарэнне сама графіня. Было многа тады гвалту і вялікіх патрасенняў у птушыным царстве. Сама ясная пані графіня давала жорсткія распараджэнні, якую птушыну пусціць на продаж, якую пад нож, якую пакінуць на развод па прычыне яе бясспрэчнай невінаватасці. А старую птушніцу, быўшую тут з даўніх часоў, выгналі адразу ж з працы і доўга спаганялі нейкі кажушок, нібыта дадзены птушніцы год дзесяць назад. І ўсё хвалявалася ды малілася старая графіня, ніяк не магла дараваць сабе той нечуванай крыўды Пану Езусу. Цэлымі днямі раілася з ксяндзом, памкнулася была к самому старому графу, але той, стары грэшнік, усчаў такі рогат, што пані графіня памкнулася была бегчы да графскага лекара, ці не здарылася мо што з панам графам.

І толькі тады супакоілася графіня, калі ўласнаручна пашыла саф'янавы каптурок на божае цела. І кожнага дня пыталася кульгавую Сцепаніду, а ці добра там Пану Езусу.

- Чысценькі, як младзенчык! - дакладвала Сцепаніда. - І ручкі, і ножкі, і ўсё святое Пана Бога цела аж зіхаціць... То закарэла была галоўка крыху, ад пылу, дык прамыла я свянцонай вадой, цяпер чысцюткая, як божае вока... Усё вашымі клопатамі, ясная пані...

Графіня ўрачыста жагналася, міласціва дапускала Сцепаніду да свае рукі. А часам, расчуліўшыся, доўга корпалася ў кішэнях шматлікіх сваіх спадніц і дарыла Сцепанідзе або ссохлую цукерку, ці стары ззелянелы грош.

- То за твой клопат святы!

Дужа любіла графіня распяцці. Праз гэтыя распяцці трапіла Ядвіся на працу ў панскі двор. Толькі гэта заўважыла цётка Зося, што сунецца старая навала - так звала яна старую графіню - і сунецца проста на кухню, як хуценька падхапіла за руку Ядвіську, да сцяны яе працягнула.

- Станавіся, дурненькая...

І сталі абедзве перад распяццем. Нічога не разумелі сінія вочы Ядвісі, але яна стаяла маўкліва і прыслухоўвалася, як голасна шэпча цётка Зося божыя пацеры. Моліцца цётка Зося і нібы не заўважае, як, адчыніўшы дзверы ў кухню, любуецца на іх старая графіня, не перашкаджае святой малітве. Канечне, цётка Зося не такая, каб ясную пані доўга прымушаць стаяць за парогам.

- Калі ласка, пані, прошу, пані, якое найвысшае шчасце, ясная пані!

Графіня пыталася, як заўсёды, што варылі людзям на абед, і, даведаўшыся, як зазвычай, што варылі капусту і гарох, доўга хваліла цётку Зосю за стараннасць, за ўмельства, за шчырую прыязнь да Пана Бога. Успамінала пра нейкага прадзеда свайго, які дужа быў чалавекам набожным і простым: еў заўсёды капусту з гарохам. І гэта не пашкодзіла яму быць вялікім ваякам, каралеўскім рыцарам, заснаваўшым цудоўны графскі род. І, заўважыўшы Ядвіську, запытала раптам:

- Што то ест за дзетка такая?

- То зайшла да мяне сваячка мая, сіротка...

- Як зваць цябе? - запытала графіня Ядвіську.

- То мы з Выгодаў... - адказала дзяўчынка, стоячы бокам да графіні.

Вочы цёткі Зосі кідалі маланкі на Ядвіську, але такія ціхія і глыбокія былі сінія вочы дзяўчынкі, ніякае ў іх хітрасці.

- То ў цябе сваякі ў Выгодах? - спахмурнела графіня.

Аб Выгодах не любілі гаварыць у графскіх пакоях.

- То... не... - спалохалася цётка Зося. - То яна сіротка. Год, як маці яе памерла... Не мае нікога... А яна ж ні ў чым не вінавата, бо, бачыце, малая яшчэ і крышку дурненькая... Ды яна нічога не ведае, акрамя Пана Бога.

Твар графіні мякчэў. Яна глядзела ўжо жаласліва на яе зрэбную спаднічку, босыя ногі, злінялыя жоўтыя істужкі ў косах... І хапілася аж за голаў, калі заўважыла шырокі рубец, які, нібы чырвоная рана, уродаваў дзіцячы твар.