Выбрать главу

І каб далей ад граху, Васька ідзе да цяпла і пячэ моўчкі ў прысаку яйкі, цярпліва перасыпае іх гарачым вуголлем. Сядзіць і маўчыць, а ў галаве мітусяцца думкі, лянівыя думкі, туманныя.

«Хутка яйкі спякуцца... Ну і што ж з таго? З'ем я іх, ну і што ж, болей нічога... Дурань быў, не сцягнуў курыцы, а была нішто, і зручна б узяць, эх, падзакусіў бы, елкі зялёныя... Але што з таго, глупства ўсё, хіба вось галіфэшку справіць мадней, каб дуліся на ўвесь свет пузырамі гэткімі важнецкімі з чырвонымі кантамі, - нябось, і дзяўчаты не крысіліся б тады. Але што дзяўчаты, хіба іх не бачыў, і, елкі-палкі, калі сам я... эх, што гаварыць, нічога не варты, мухаморына адна, так нешта нейкае з боку прыпёку...»

І ўспамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне - быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася - захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй, і куды ні кінь на жыццёвыя сцежкі мінулыя, на іх толькі боўтаюцца кішэні павыразаныя, павыціснутыя шыбы акон, клумкі бялізны крадзенай, цёмныя сінякі пад вачамі і пабітыя рукі, пабітыя ногі. Праўда, успамінаецца яшчэ тоўстая Манька, якая дарыла каханне за пяць пятакоў, і было гэта каханне гарачэй да тых, хто звінеў серабром перад меддзю, хто не ўглядаўся, даючы пятак, - якога ён года. І так брыдкі былі яе потныя абнімкі, калі, круцячы любоў, яна гнусавіла часам:

- Купі, Васька, залаты браслет, буду век любіць, маё золатца... А не купіш браслет... купі семечак.

І біў Васька кулаком па няцвёрдых ужо Манькіных грудзях, біў і прыгаварваў:

- Ты цяпер пра каханне мне кажы і не кідай на сэрца гнілых семечак... гнілых семечак ды браслетаў тваіх непатрэбных...

Але што Манька? Хіба ёй зразумець душу Васькіну, хіба з ёй гаварыць пра сэрца, у якім палаюць часам нязведаныя агні, непазнаны сум аб чымсьці дарагім у жыцці, дарагім і страчаным, якое не вернеш ніколі. І што яно - гэтае самае непазнанае, - не ведае і Васька сам. Вось устае нешта перад вачамі, дарагое, дзіўнае, сатканае з тваіх жаданняў, са светлых надзей, апавітых нібы сонцам ружовым, а што - не разбярэш добра.

Але добра ведае Васька, што за гэтым самым непазнаным і нязведаным пайшоў ён у Чырвоную Армію. А мо прыйдзе шчасце, звычайнае шчасце людское, якога не бачыў Васька ніколі.

У прысаку трашчыць шкарлупа.

- Эх, елкі зялёныя, яечкі чуць не спаліў. Гэй, ты, цяцера разанская, хадзі на яешню!

- Еш сабе сам на здароўе, - бурчыць з-пад арбы Іван.

- Хадзі, хадзі, пяхцер, чаго дуешся...

Іван думае з хвіліну - ці ісці, ці не ісці, але, пацягнуўшы носам прыемны пах ад цяпла, нерашуча падымаецца, апіраецца на локаць і глядзіць на Ваську, які падкідвае яйка ў руках, каб астыла. Ну, дзе тут сцерпіш, і Іван рашуча падымаецца, укладвае наперад свой мяшок на арбу, акуратна пакрывае яго шынялём і ідзе ўразвалку да цяпла, да Ваські.

- Бяры вунь тое, павінна гатовым быць.

Між Іванам і Васькам цячэ мірная бяседа. Васька расказвае, як удалося яму ў вёсцы з яйкамі, як падміргнуў ён маладой дзяўчыне і як яна праз акно паслала пацалунак яму.

- Мо дулю? - сумняваецца Іван.

- Ну... выдумаў, табе толькі дулі і сняцца...

Хутка Іван расказвае, як качаў ён калісьці ў вёсцы яйкі і выйграваў заўсёды:

- Бачыш, трэба сакрэт такі невялічкі ведаць. Не кладзі яйцо проста, а трошкі бачком, бачком. Яно як пакоціцца - коціцца, коціцца дый як чукнецца ў самы гэты, значыцца, акурат...

- Т-а-а-к... - адказвае Васька. Але ён не думае ўжо пра яйкі. Васька глядзіць на сонца, якое знізілася над далёкаю вёскай, ушчэрбілася ветраком, спускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Хутка ноч, а ноччу, чуў Васька, наступленне, пераход за Буг. І раптам, нібы падштурхнуты кім, ён гаворыць вясёла:

- Жы-ы-вём, Ванька!

- Чаго?

- Нічога...

* * *

Булькае вада пад навісшымі лазнякамі.

Булькае чорнымі пузырамі, бо як сажа - цёмная ноч. Ля поўначы блізка. Над Бугам мёртвая цішыня, толькі там, пад лазнякамі, чуюцца прыдушаныя ўсплёскі вады. Не разбярэш адразу, ці то хвалі на хвалі сярдуюць і, злосныя, б'юцца адна аб другую, наганяюць адна адну і ў бяссіллі сваёй барацьбы ліжуць пясок прыбярэжны языком вадзяным, халодным... А мо насцілаюць сапёры масты - надуўныя пантоны.

Так, насцілаюць.

Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам:

- Па два ў рад, на пантоны!

З-за Буга глядзяць у цёмнай слепені тысячы вачэй смерці, глядзяць таемныя, невядомыя, як дно Буга начнога. Мы павінны ўзяць той бераг, адагнаць вочы смерці далей, каб на тым беразе сустрэць сонца, а з ім разам залатую радасць жыцця і поспех наступлення.

Поплеч Ванька ляжыць. Ванька разанскі. Перад выступленнем ён выняў з мяшка салдацкага свае запаветныя штаны з прышытым гузікам новым, паглядзеў неяк дзіўна і, прыбраўшыся ў іх, сказаў ціха і глуха:

- Яно, браткі, усяк бывае... На тое ж ён Буг, бачыў днём, як круцяць віры на ім, аж жоўтая пена з пузырамі скача...

І мы зразумелі Івана, хоць ён і не гаварыў пра варожыя акопы на тым беразе, памянуў толькі пра пену.

І цяпер Іван нецярпліва шэпча:

- Ах, хоць бы хутчэй, хоць бы хутчэй...

А поплеч Васька Шкетаў, захліпаючыся, сыпле незразумелыя словы:

- Ноч ты мая, ночанька, ночанька блакітная...

- Што ты вярзеш немаведама што, якая табе блакітная?

- Каму што, а мне блакітная. Каму цемень, а мне - жысць ты мая, жысць ты мая размалінавая!

І, нахіліўшыся да мяне на вуха, Васька шэпча з запалам:

- Братка ты мой, братка родненькі. Жыву ж я цяпер, жыву, чалавек я цяпер, не абы-хто...

- Што з табой?

- Ах, хіба табе зразумець мяне... Брат ты мой даражэнькі, кім я быў да гэтага часу, а цяпер хто я? Хто я цяпер? Ты кажаш цёмная ноч, а мне яна сонца святлей, бо вочы мае адкрыты, вочы бачаць жыццё... Не тое... не старыя дні... Эх, елкі зялёныя, няхай бы дні тыя захлынуліся ў гэтай начы... Жыць я пачаў цяпер, жыць чалавечым жыццём, вось у чым справа... Чарвяк я быў, і нікчэмны чарвяк, а цяпер, цяпер...

Шалясцяць галінкі лазняку прыбярэжнага ад мядовага падыху ночы. Булькае вада чорнымі пузырамі. Дзесьці там, далёка, на тым беразе, мусіць, на старой сівой званіцы, прагудзеў мілагучны звон і пранесліся гукі ў цёмных пахучых туманах ночы, скалыхнуўшы паветра медна-шоўкавымі невядомымі хвалямі.

- Эх, мусіць, дзве гадзіны ўжо...

І зноў напружаная цішыня, закаваная ў ланцугі чакання, чакання невядомага, магчыма, страшнага, чакання непазнанага, якое нават пасля пазнання становіцца зноў таемным, зноў чаруючым для чалавечага сэрца.

Вымі сэрца сваё, адкрый перад ім усе таямніцы жыцця, ахутай цеменню і халоднымі туманамі ночы і падстаў яго пад свінцоваагнёвыя віхры, і замрэ яно болем ціхім, салодкім, заные ад суму і радасці - у гэтым вось яно - непазнанае і чаруючае...

Цішыня. На тым беразе загарэлася іскра, мусіць, неасцярожны вартавы запаліў папяросу, закалыханы цішынёю ночы і марамі аб далёкай Познані.

Загарэлася іскра і згасла, і толькі Васька дыша часцей, і гарачы шэпт яго апальвае твар мне.

- Вось успомню я, успомню... Каменні шэрыя... Слізкія сцены ліпучыя і пратухлы кут... А сэрца, яно, браце, пустое, і ніякай у ім радасці, ні агню ў ім, ні дыму - усё копаць адна, беспрасветная копаць...

І закончаны думкі.

І забруджаны рукі.

І сэрцу так хочацца жыць, яно хоча цвісці... І скажуць тады яму сцены ліпучыя, брыдкія шэрыя каменні:

- Каханне - што каханне? Каханне - штука няхітрая, толькі дай чацвяртак і пазнаеш, што на свеце салодкае.

Так, чацвяртак... і салодкае робіцца горкім, і ўсё жыццё тады - тухлыя сцены памыйніцы. Не ў адным каханні справа. Дорагі яшчэ вочы людскія. А калі яны, гэтыя вочы, глядзяць на цябе халоднымі пузырамі бычынымі, а людскія заткалы-раты гнусавяць ляніва:

- Гэй ты, чалавек...

- Шантрапа...

- Замухрыжаны шкет...

- Што будзеш рабіць тады, хіба ноч расцвіце перад табой пахучымі краскамі... Не, папаўзуць нудныя думкі твае шэрай змяёй па слізкіх каменнях, і сэрца патопіш у бруд. А цяпер... што цяпер, братка мой, родненькі, дарагі... Я цяпер...