- А яны ў мяне скурай падшыты, - хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валёнка.
- Хітрая ты, Вулька, дзяўчына, - кідае дзядзя Касмыль і, усміхнуўшыся, ідзе сваёй дарогай, выбітай у снезе сцяжынкай па агародзе. Вот і падаўся на свой двор, да свае хаты.
Вулька пастаяла з хвіліну, сумна паглядзела, як згаслі ўсе вугалі, завязала ў анучку цёплы яшчэ чыгунок і, спяшаючыся, пабегла дахаты, усё думаючы аб тым, што ж скажа яна цяпер бабулі. Вот жа неўгамонніца бабка. Тры дні ўзапар выносіць попел з хаты. Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. А сёння бабку пагналі немцы ў абоз - вазіць салому. Толькі і паспела яна насыпаць у чыгунок вугалля і неўзаметку шапнуць Вульцы:
- Ты будзь разумніцай і, калі я паеду, занясі чыгунок... у гумно... На ток пастаў, ды падалей ад сцен, каб не здарылася пажару, не да-а-ай то Божа! А сама хуценька бяжы назад, пільнуй хату...
- Нашто вугалле насіць у гумно? - звонка перапытала Вулька.
Бабка аж рукамі замахала на яе:
- Ціха, ціха ты!.. Потым я табе ўсё скажу, разумніца... А цяпер рабі так, як я загадала... Ды калі сустрэнецца табе хто, як будзеш несці, дык ты проста высып попел у снег...
...Вось яна і зрабіла ўсё, як загадала бабка, гэтая хітрая бабка-неўгамонніца...
Аксіння прыехала позна вечарам. Прама з парога яна падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку:
- Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем...
Вулька прыўзнялася на печы і хуценька расказала аб усім: як несла яна чыгунок, як сустрэўся ёй Касмыль, як таптала яна вугельчыкі ў снег.
- Яшчэ сініцу бачыла я... сіняя... сіняя... - соладка пазяхнула Вулька.
- Сініцу... - задуменна паўтарыла Аксіння і, адчуўшы, як пахаладзела раптам сэрца, рашуча зацягнула ражкі хусцінкі, спяшаючыся, затупала да дзвярэй.
- Куды ты, бабка? Мне ж боязна вечарам адной у хаце...
- А ты... кладзіся з галавой пад дзяружку... Я... назбіраю дроў... печ запалім... Я хуценька...
І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы - усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Падаў рэдкі снег. На небе вылупліваліся першыя зоры. Бралася на мароз. Дзесьці забрахаў сабака і раптам, узвізгнуўшы, змоўк. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Толькі з боку школы - там стаялі немцы - ціхесенька скуголіла скрыпка і ныў глуха гармонік. Гукі былі нуднымі, цягучымі, як ціхі зубны боль. Ды з лесу, што за гарэлым балотам, падвывалі ваўкі. І на якую секунду здалося Аксінні, нібы бачыць яна, як на змрочнай паляне стаяць шэрыя ваўкі і, настырчыўшы хібы, узіраюцца ў цёмнае неба. У іх галодных вачах мігцяць, пераліваюцца сумныя водбліскі далёкіх зор. Далёкіх і недасяжных. Таму, можа, і песня такая сумная ў іх, у ваўкоў...
- Ах, як цяжка на сэрцы, і нібы заслона якая ўпала на вочы, нічога не відаць.
Аксіння вобмацкам знайшла дзверы гумна, асцярожна адчыніла іх, падышла, нахілілася да дзвярэй ёўні, прыслухалася.
- Сынок мой! - ціха пазвала яна. - Сыночак!
Прыгнуўшыся, яна залезла ў ёўню і, стаўшы на калені, аблазіла кожны куток, абмацала рукой цагляную печку, сухія жэрдкі асецяў, з якіх сыпалася пад рукой саламяная пацяруха. Пахла жытнім коласам і мышамі. Спяшаючыся, яна абышла кожны куток гумна, абмацала гурт аўсянай саломы, што ляжаў ля сцяны. З-пад саломы выняла і несла асцярожна, дзвюма рукамі, маленькае ружжо. Яна яшчэ раз агледзела яго пры змрочным святле, якое ішло ад снегу. Гэта было яго ружжо. Палажыла ізноў на старое месца, куды хавала яна яго і раней. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання.
- Адгукніся ж, сынок мой!
Але навакол было ціха, так ціха, што чуваць было, як церушыліся сняжынкі на саламянай страсе гумна.
Аксінні здавалася, што яна заблудзілася, такой доўгай была яе хадзьба дахаты. Але навакол былі ўсё тыя ж, яшчэ саджаныя ёю ўдваіх з нябожчыкам мужыком яблыні і вішні, той жа плот, тая ж бярвенчатая загарадзь двара. У галаве роіліся абрыўкі думак, і іх цяжка было прывесці да парадку. Навошта даручыла яна тую справу неразумнаму дзіцяці?.. А як жа было зрабіць іначай?.. Каб замёрз?.. Канечне, можна было папрасіць каго-небудзь з дарослых... Але ці даверыш жа чужым людзям такую справу?
Калі на дварэ яе хапілі за рукі, яна не здзівілася і не спалохалася. Ну што ж? Толькі запытала:
- Што вы хочаце ад мяне, добрыя людзі?
Ёй нічога не сказалі і, вывеўшы з двара, павялі па вуліцы. Цьмяна паблісквалі шырокія штыкі вінтовак.
«Відаць, да каменданта, а можа, да старасты...»
Яна ўявіла сабе старасту, яго рэдзенькую, касмыльком, бараду і вечную ўхмылку на нездаровым, зеленаватым твары. Заўсёды, як усміхнецца ён ды гляне на цябе, дык нібы дзесяць цаглін адразу павісне на душы. Такая ўжо ўсмешка ў яго, Сідара Лупянка, ці як звалі яго за вочы, - Касмыля...
Але салдаты прамінулі суседаву хату.
«Значыць, да каменданта...»
Яе падводзілі да школы.
За шалёўчатай перагародкай іграў губны гармонік, і грубыя салдацкія галасы ўпаўголаса выводзілі нейкую песню. Два вартавых пераміналіся з нагі на нагу і ненатуральна выцягваліся ў струнку, калі камендант - не малады, але і не стары яшчэ афіцэр у лейтэнанцкім мундзіры - пазіраў на іх ці ўпамінаў, гаворачы па тэлефону, чын пана палкоўніка. Камендант быў чымсьці ўсхваляваны, часта станавіўся навыцяжку з тэлефоннай трубкай ля вуха і нават памкнуўся быў свабоднай рукой аддаць чэсць, але спахапіўся ў час і ўсё паўтараў раз за разам:
- Слухаю, пан палкоўнік! Ёсць, пан палкоўнік!
Урэшце ён палажыў трубку і стаў хадзіць з кутка ў куток, узбуджаны, узрушаны, час ад часу паціраючы задаволена рукі. Стаўшы супроць Васіля і нецярпліва абкусваючы кончыкі сігары, скоса зірнуў на яго.
Гарачыя, як вугалі, глядзелі на каменданта немігаючыя заняпалыя вочы чалавека. Навісь русых брывей сыходзілася над пераноссем, тапырылася ў складках нахмуранага лба. Насуплены позірк даводзіў да шалу каменданта.
Але, перасільваючы сябе, афіцэр загаварыў ціха, спакойна:
- Шкада, канечне, што не мне прыйдзецца дапытваць цябе. Ты б у мяне загаварыў!.. Ты б у мяне стаў шаўковым!.. Але добра... Адно, што павінен памятаць: палкоўнік - чалавек сур'ёзны. Гутарка з табой будзе кароткая... Што можна табе параіць: сказаць толькі праўду... спакойна... не хвалюючыся... без лішніх фокусаў... Ніякай жа небяспекі табе тады не будзе... Памятай толькі: мы ўсё ведаем. Цябе завуць Васілём... Камсамолец... Можа, не ты ўзарваў мост, скажаш? Узарваў... Так, так... Вось і шнур... Можа, скажаш, не твой? І брат ёсць у цябе старэйшы... Андрэй... Скажаш, дзе ён цяпер?.. Ён жа камандзірам у вас там. І, канечне, маці ёсць... Аксіння... Вот бачыш... А ты думаеш, мы нічога не ведаем... Гуляць у маўчанку зусім бескарысна... тым больш перад панам палкоўнікам...
Ён многа яшчэ гаварыў. Але словы яго праходзілі неяк міма свядомасці Васіля, выклікаючы толькі нейкія цьмяныя думкі, абрыўкі ўспамінаў, няясныя вобразы перажытага, перадуманага. Так, ён узарваў мост... Яго шнур... Пракляты шнур, які прыйшлося замяніць другім, карацейшым. Таму і не паспеў ён адысціся далей... Аскабалкам жалеза яму перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Колькі часу ён праляжаў там, на мокрым снезе? Ён толькі памятае, як, зірнуўшы ў цёмнае начное неба, ён заўважыў водбліскі халоднага трапяткога святла. Ля чыгункі пускалі ракеты, шукалі кагосьці... Снег падаў густымі, частымі камякамі. Перасільваючы востры боль, ён устаў і пайшоў цераз узлессе, праз маладыя дубняковыя параснікі. Хутка яго праглынуў густы, высокі бор. Толькі пад самую раніцу дабраўся ён, дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Яму не трэба было ісці туды, але ён замярзаў. Зусім абледзянела плячо, ён не мог зняць аўтамата з пляча. Вось і гумно... Змрочная, халодная ёўня... Ахапак саломы. Забыццё... Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... «Сыночак мой, сыночак, ці табе ж, маладому, так рана шукаць лютае смерці!..»
Ах, як баліць плячо!.. Пякучы боль прастроміў усё цела. Падхапіўшы пад рукі, вартавыя паставілі яго на ногі. У пакоі стала шумна. Некалькі афіцэраў распраналі шынялі. За сталом ужо сядзеў палкоўнік, і заклапочаны камендант пачціва дакладваў яму аб справах. Чашка гарачай кавы дымілася перад палкоўнікам. Не гледзячы на каменданта, ён выслухоўваў яго рапарт, зрэдку перабіваючы рэзкімі запытаннямі. Тады торгаўся сіняваты шрам на твары палкоўніка, і яго правае века заходзілася ў драбнюткім ціку. Палкоўнік пагладжваў вока доўгімі пальцамі, і чорны персцень на пальцы цьмяна пабліскваў пры свеце газоўкі.