Отто Штрайх выпіў яшчэ келіх за новую Эўропу і перад тым загадаў дзеншчыку зазняць яго з чаркай у адной руцэ, з пляшкай французскага каньяку ў другой. Ён еў марудна, доўга, дробнымі глыткамі пасмоктваў каньяк і пасалавелымі вачыма пазіраў на двор, на касабокі хлевушок, дзе раздаваліся прыглушаныя галасы дзяцей. Часам разбіраў ён знаёмае слова «хлеб» і ясна ўяўляў сабе, як гаспадыня хаты раздае сваім дзіцянятам - гэтым неахайным, мурзатым і шматлікім стварэнням - па кавалачку хлеба, часам супакойваючы таго, другога добрым шлёпанцам. Калі сказаць па-шчырасці, ён крыху ўдзячны гэтай жанчыне, сухой, хударлявай, з непрыемна абвіслымі грудзьмі. Удзячны за тое, што яна не пускае нашчадкаў сваіх на двор, калі ён, пан афіцэр, уласнай персонай сваёй вассядае за сталом пад дрэвам. Не пускае, каб не псаваць яму, пану афіцэру, добрага настрою.
Отто Штрайх абводзіць соннымі вачыма вясковую вуліцу. На ёй пуста. Толькі ў самым канцы заўважае ён высокую белую постаць чалавека. І калі той падышоў бліжэй, Отто Штрайх убачыў, што гэта стары чалавек, з сівой барадой, у белай палатнянай кашулі, у белых портках, у лапцях. Стары паволі падыходзіў пад вокны, аб нечым прасіў. Ад старога не адступала ні на крок звычайная дварняжка, з ускудлачанай поўсцю, поўнай, відаць, яшчэ мінулагодніх рэп'яў. Стары прасіў, выцягнуўшы руку, а дварняжка стаяла перад ім, косячы то адным, то другім вокам на сівую бараду дзеда, весела круціла хвастом, калі ў працягнутую руку старога трапляла цыбуліна, ці кавалак хлеба, ці печаная бульбіна.
Стары зацікавіў Отто Штрайха. Гэта ж сапраўдны патрыярх беларускіх лясоў і балот, чыстакроўны туземец. Не грэх і здымак зрабіць з яго, аддаць потым знаёмым карэспандэнтам. Тыя заўсёды надакучвалі яму са сваімі просьбамі даць што-небудзь яркае, каларытнае... Але будзе ён турбаваць сябе з-за якіх-небудзь там карэспандэнтаў!
Стары ціха пастукаў у фортку двара.
- Падайце, Хрыста радзі...
Голас быў ціхі, спакойны, да ўсяго абыякавы.
Рыпнулі вароты хлеўчука. Гаспадар хаты, пажылы селянін, выйшаў адтуль, падаў старому кавалачак хлеба. Той абыякава палажыў яго ў зрэбную торбу, збіраючыся ісці далей. Лёгкі вятрыска ўскалыхнуў ніжнія галінкі грушы, некалькі пялёсткаў закружыліся над сталом, адзін, другі ўпалі ў чарку з каньяком. Мяккім араматам патыхнула з расцвіўшага дрэва.
- Гэй, ты, пастой! - настойліва паклікаў Отто Штрайх сівога чалавека.
На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой, і той падаўся назад у хату. Сівы чалавек недаверліва зірнуў на афіцэра і, зразумеўшы, што клічуць яго, спакойна пераступіў праз парожак форткі і, пачціва пакланіўшыся афіцэру, стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу, абапіраючыся абедзвюма рукамі на тонкі арэшкавы кій. Доўгая барада прыкрывала заняпалыя грудзі, шырокія рукавы кашулі і белыя калашыны портак здаваліся пустымі, нібы нацягнутымі на доўгія кіі - да таго кашчавыя і худыя былі рукі і ногі старога. З-пад сівых брывей нахмурана пазіралі глыбока запалыя вочы, бачыўшыя, відаць, многія десяткі вёснаў і зім, даўно аддаўшыя гэтым вёснам сваю глыбокую сінь.
Афіцэр з цікавасцю пазіраў на старога і кроіў з буханкі лусту белага хлеба. З секунду падумаў і, рашуча намазаўшы маслам кавалак хлеба, урачыста кінуў яго да ног старога.
- Бяры! - загадаў ён і самазадаволена выпрастаўся за сталом, залажыўшы рукі ў кішэні.
Стары беражна падняў з зямлі кавалак хлеба, асцярожна здзьмухнуў з яго пылінкі, пясок, зняў прыстаўшыя саломінкі і тут жа сур'ёзна, як рабіў ён усё на свеце, аддаў хлеб сабаку.
Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Ён аж прыўзняўся і, грукнуўшы кулаком па стале, гнеўна крыкнуў старому:
- Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш?
Стары зірнуў на афіцэра з-пад насупленых брывей і стрымана прамовіў:
- Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Але, бачыце, я павінен вам сказаць, што ў нашым краі і па ўсёй нашай расейскай зямлі так даюць хлеб звычайна толькі сабакам.
І, пачціва пакланіўшыся афіцэру, стары павярнуўся да форткі. Яго белая суровая постаць паволі праплыла за рэдкімі штыкецінамі паркана.
Отто Штрайх сядзеў маўклівы, надзьмуты. Чырвоныя плямы яшчэ трымаліся на яго абсівераным твары. Дзяншчык нерашуча таптаўся ля стала, прыбіраючы посуд. Недзе ўскрыкнуў і загарланіў адзінокі певень. У вачах афіцэра мільганулі злосныя іскаркі.
- Што яшчэ за навіны такія? - рэзка запытаўся ён у дзеншчыка.
- Выбачайце! - выцягнуўся ў струнку дзяншчык. - Гэта старастаў певень спявае. Стараста на пасылку яго рыхтуе вашай паважанай супрузе...
- На пасылку... На пасылку... - перадражніў Отто Штрайх дзеншчыка. - Ніколі не навучыць цябе, дурня, гаварыць як след з начальствам. Пояс, дурань, пояс! Ану, варушыся, карова!
Пачыналася доўгая, нудная муштроўка салдата.
Настрой Отто Штрайха канчаткова быў сапсуты.
А на лужку, ля рэчкі, адпачываў стары. Ён доўга размінаў вялымі дзёснамі сухую скарынку хлеба. Напіўся з бяроставай конаўкі, што ляжала схаванай у алешнікавым кусту. Палажыўшы на пярэднія лапы лахматую галаву, ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. А калі той загаварыў, весела пачала біць хвастом па зямлі, па траве.
- Ты вось, сабачая душа, наелася нямецкага хлеба і не лыса... А мне непрыемнасці... А таго і не разумееш ты вось, што і мяне, ды і ўсіх нас, хочуць яны, праклятыя, у сабачую тваю долю ўпрэгчы. Ну, ды гэта мы яшчэ, тым часам, пабачым! Але ж час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы...
Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў непрыкметнай сцежкай проста туды, дзе з празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік, а за ім цягнуўся бясконцай сінявой далёкі і загадкавы бор.
1943
Астап
Вясна выдалася дружнай і цёплай.
І хоць снег трымаўся яшчэ на палях, хоць па начах можна было лёгка ісці па хрупасткому падмарожанаму насту, сонца прыгравала з кожным днём усё мацней і мацней, адмакрэлі і пацямнелі лагчыны, першыя праталіны зачарнеліся на палях, прыбярэжныя лазнякі страцілі сваю зімовую празрыстасць і, здаецца, адразу пагусцелі, набраклі пяшчотнымі пералівамі фарбаў: шызых, ліловых.
Надзвычайна ўрачыстымі здаваліся дрэвы ў густым бары, паскідаўшыя снегавыя шапкі і зімовую панурасць. Кожнае дрэва стаяла ў круглай лунцы-праталіне, нібы дыхала дрэва і подыхам сваім прадыхала снег аж да самай зямлі, да леташняй пабурэлай травы і ігліцы. Сям-там па нізкіх мясцінах чуліся днём ледзь улоўныя пералівы нябачных яшчэ ручаінак. Днём разлівалася вада па балоце, за ноч падмярзала, і ранішняе сонца з такой страсцю ўглядалася ў гэтыя лядовыя люстры, што яны пачыналі падтайваць, дыміцца лёгкай празрыстай парай, якая паступова пераходзіла ў цёплы, густы туман. Востра пахла тады гаркавай лазой і талым снегам.
У адну з такіх вясновых раніц партызаны-разведчыкі прабіраліся балотам праз лес. Узмакрэлыя коні асцярожна пераступалі кутымі капытамі па адталаму льду, стрыглі вушамі, прыслухоўваючыся да шорхату леташніх чаратоў, шолаху вербалозаў, да журчання вады, якая часам фантанам вырывалася з-пад капыта. Пярэдні конь раптам захроп, нерашуча затупаў на месцы, яўна намагаючыся падацца назад. Коннік занукаў на яго, але, не дабіўшыся ніякага выніку, лёгка саскочыў на лёд.