Сапраўды, якія патрэбы ў старых? Ні ім модныя ўборы, ні ім забавы... Адно - пад'есці, адпачыць пасля працы і, калі вольная хвіліна, адвесці душу з суседкамі, такімі ж старымі, як і сама, перамыць костачкі ўсім блізкім і знаёмым. Канечне, у першую чаргу ў такіх абгаворах дастаецца яму, Сузану. Ён і лайдак, і няўдака, і збэшчаны чалавек, і невядома ў каго пайшоў, у каго ўрадзіўся. Адным словам, адбіўся ад рук, выхоўваўся без бацькі, а дзе жанчына ўправіцца з падрастаючымі дзецьмі, каб па-людску накіраваць іх на пуць-дарогу...
Можа, маці і мае рацыю па-свойму. І дзесьці ў глыбіні душы прамільгне на які міг нешта падобнае на спачуванне. Колькі яна перажыла, калі аднойчы ён цяжка хварэў. Усе ночы праседжвала над ім... Ну, а потым, потым... Канечне, хапіла ёй праз яго штукі і дурыкі ў дзяцінстве, а пазней праз яго розныя глупствы і такія справы, калі маці даводзілася важдацца з паліцыяй, упрошваць яе, ліць слёзы. А як жа іначай? На тое яна і маці, каб адказваць за яго. Хто ж павінен клапаціцца аб ім, аб яго дабрабыце, аб яго будучыні, як не яна. Відаць, яна забылася на сваё мінулае. Была ж і сама некалі маладая, павінна разумець яго. Ён жа хоча жыць лепей, весялей, каб пазбавіцца той штодзённай нудоты: завод, хатнія непаладкі, вечныя думкі аб тым, як дацягнуць да палучкі, апрыкралыя спрэчкі з жонкай з-за якой-небудзь пяцёркі долараў, прапітых з таварышамі. Што значыць прапітых? Ну, проста пасядзеў з прыяцелямі, была такая прыемная бяседа... Не піць жа яму заўсёды на чужыя грошы. І так ужо часам насміхаюцца з яго, і ўжо неаднойчы пагардліва назвалі нікчэмнікам, здольным хіба аблізваць чужыя талеркі. А ці ў яго няма гонару? Ці ён не павінен абараніць свой гонар? А маці не разумее гэтага. І калі ён напрамілы Бог прасіў яе аднойчы даць яму трыццаць долараў, каб аддаць картачны доўг прыяцелям, яна проста паслала падалей і яго, і прыяцеляў. Ёй гэта лёгка сказаць, а яму трэба запазычваць вочы ў сабакі, каб сустракацца пасля з таварышамі.
І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі, што і маці не міне таго, што наканавана кожнаму чалавеку на зямлі. Вядома, яе зберажэнні нідзе не падзенуцца, яны ж застануцца і па закону пяройдуць да яго. Праўда, ёсць яшчэ замужняя сястра, старэйшая за яго. Яна жыве ў Канадзе. Па закону ён павінен будзе падзяліць тыя здабыткі з ёй, закон ёсць закон. Сузан бярэ кавалачак паперы і скрупулёзна выпісвае лічбу за лічбай. Вось гэта давядзецца аддаць як спадчынны падатак... Дарэмныя патраты, і каб маці ўлічвала ўсё, яна змагла б цяпер аддаць яму яго грошы, якія ён і расходаваў бы, як і належыць паважаючаму сябе чалавеку. Але добра. Закон ёсць закон. І пасля падатку і перадачы сястры яе часткі (ён, зразумела, утрымае з яе выдаткі, звязаныя з пахаваннем маці, і само пахаванне можна зрабіць як мага сціплым - мы ж не якія-небудзь ракфелеры) яму застанецца ладны кавалак. Ну, папомняць тады ўсе, хто насміхаўся з яго, абражаў яго. Ён пакажа ім, як трэба паважаць сяброўства, як трэба па-сапраўднаму абыходзіцца з людзьмі, як трэба весяліцца... Канечне, давядзецца сёе-тое патраціць і на сям'ю, нідзе ўжо не дзенешся. Але хопіць і на іх...
Ад узнёслых мар прыемна кружыцца галава, як ад шклянкі добрага віскі. Не так ужо і кепска жыць на свеце, як гэта здавалася яму ў часе нуднай дыскусіі з жонкай.
- Мы яшчэ пакажам усім! - уголас гаворыць ён, мнучы ў попельніцы недакурак цыгарэты.
- Што ты пакажаш і каму? - чуе ён голас. Ён нездаволена азіраецца назад, на дзверы. Хто гэта выбівае яго з прываблівага свету мар і спадзяванняў?
У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у бляклых вачах нямое запытанне.
- Гэта я так... - нехаця адказвае ён і, спахапіўшыся, дадае: - Вось кніжачку адну чытаю... - і ляным жэстам паказвае на дэтэктыўную аповесць, разгорнутую перад ім.
- Дык нешта ж уголас? Зноў, відаць, пасварыўся з жонкай. Нядобра гэта, сынок, нядобра. Яна цярплівая жанчына, трэба толькі здзіўляцца, як яна яшчэ трымаецца ў нас. Я б на яе месцы даўно разышлася з табой, такім слаўным мужам...
- Кіньце, маці, абрыдла слухаць!..
- Табе слухаць, а мне абрыдла глядзець на цябе і на твае паводзіны.
- А вы і не глядзіце, будзе вам спакайней.
- Добра, кінем. Адно, што я хацела б сказаць, каб вы жылі ў ладзе і спакоі. Хаця б тыя дні, на якія я адлучуся з хаты.
- Куды вы думаеце адлучацца? - механічна перапытаў Сузан, рады ўжо таму, што тэма гутаркі некалькі мяняецца.
- З'езджу да Беці дзён на дзесяць. Я не бачыла яе даўно. Гэта ж ужо дзесяць год мінула, як яна з мужам прыязджала да нас. Тады тваёй пляменніцы, маленькай Караліне, было ўсяго шэсць год. Памятаеш, як яна заліла соўсам твой святочны касцюм?
- Гм... Чаму ж не памятаць! Тады мне здорава ўляцела ад бацькі. Ён жа не ведаў, што прычынай усяму тая свавольніца, капрызуля, і ўсыпаў мне добрую порцыю гарачых...
- Знайшоў што ўспамінаць... А цяпер, як бачыш, той свавольніцы праз два тыдні будзе шаснаццаць год. Беці з мужам запрашаюць мяне на гэтую сямейную ўрачыстасць.
- Як жа ты паедзеш, а служба?
- Фірма згадзілася даць мне цяпер мой гадавы адпачынак.
- Ну што ж, едзь, маці. Мяне, нябось, не запрашаюць у госці?
- Паспееш яшчэ з'ездзіць... Мне-то, старой, не так ужо лёгка выбраць час для паездкі, ды і не люблю я доўгія дарогі...
- Цяпер жа не так ужо дрэнна ў цягніках, за якія суткі - паўтара будзеш і на месцы.
- А я думаю самалётам. І хутчэй, і пару дзён сэканомлю.
- Ты ж не ахвотніца лятаць на самалётах. Памятаеш, як у мінулым годзе праклінала адну сваю службовую паездку?
- Гэта не так ужо і страшна. Перасадкі з поезда на поезд - вельмі нудная справа, ды і часу траціцца зашмат.
Яны даволі мірна пагаварылі аб некаторых справах, успомнілі мінулае, калі жыў быў бацька і маці вяла толькі хатнюю гаспадарку. Успомнілі, што бацька ўсыпаў гарачых сыну не толькі за сапсуты касцюм, але і за дрэнныя поспехі Сузана ў школе, з-за якіх бацьку даводзілася не раз і не два весці не зусім прыемныя размовы з настаўнікамі. І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Усё было б так добра, каб не гэтыя сямейныя згрызоты. А з-за чаго? З-за якога-небудзь няшчаснага долара... Ну гуляе, ну выпівае часам... Падумаеш, якія страхі! Не мільёны ж прапівае ён...
Маці паволі рыхтавалася да сваёй паездкі. Купляла сякія-такія падарункі дачцэ, яе мужу і самы лепшы - унучцы Караліне. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Схадзіў на аэрадром, прынёс дахаты акуратна выпісанае распісанне самалётных рэйсаў да горада, у якім жыла сястра ў Канадзе. Гадзінамі праседжваў вечарамі з маці, выбіраючы сумесна з ёй найбольш зручны для яе маршрут. Дастаў нават карту гэтых маршрутаў. І за пяць дзён да адлёту купіў маці білет. Купіў нават за ўласныя грошы, чым вельмі расчуліў маці, і яна, упершыню за колькі год, пацалавала яго і нават сказала:
- Вось бачыш, ты ж можаш, калі захочаш, быць такім харошым чалавекам... і... добрым сынам...
- Ну што вы, маці... Я заўсёды такі... Калі што і бывае, дык гэта ж выпадковыя з'явы, ці варта звяртаць на іх увагу!
- Вядома, сынок... Магчыма, я часам і памылялася, калі думала аб табе толькі блага...
Яна нават змахнула слязу, першую за апошнія гады слязу радаснага замілавання сваім адзіным сынам...