Назаўтра вылучыў вольную хвіліну на працы і аднёс іх у кантору страхавой кампаніі. Там сустрэлі яго надзвычай ветліва, выказалі нават глыбокае спачуванне. Полісы ўзялі і, выдаўшы распіску, сказалі, што выклічуць самі праз колькі часу, бо патрэбны яшчэ некаторыя фармальнасці.
А праз некалькі дзён Сузана арыштавалі на працы. І калі прывялі яго ў паліцэйскі ўчастак, ён так разгубіўся, што спачатку расплакаўся, потым стаў жаласна выкрыкваць:
- Божа мой, што вы хочаце ад мяне? Я ж ні ў чым не вінаваты...
- Калі не вінаваты, дык чаго ж вам баяцца?
- Гэта не я, гэта не я...
- Аб чым вы хочаце сказаць?
- Не я забіў сваю маці і іх усіх... Не я...
- Гэта, аднак, цікава... Але мы хочам запытаць вас вось аб чым: чаму вы падрабілі подпіс маці на полісах?
«Ах Божа мой, гэта толькі полісы, толькі полісы, а я думаў...» - мільганула думка, і за яе ўхапіўся Сузан.
- Я не падрабляў подпісы маці, я проста распісаўся за яе, бо яна спяшалася на пасадку і папрасіла падпісаць іх... Гэта можа пацвердзіць і мая жонка... - і тут жа пашкадаваў, што сказаў пра гэта, бо ён жа ні слова не гаварыў жонцы пра полісы.
- Добра, мы гэта праверым...
Сузана пакінулі ў паліцыі.
Гэта яго асабліва не ўразіла. Не ўпершыню яму даводзілася знаёміцца з паліцэйскімі парадкамі. Падумаеш, подпісы... Ён жа сам адразу прызнаўся, што падпісаў іх па просьбе маці. Якая гэта падробка? А калі нават і падробка, дык гэта ж не якое-небудзь там вялікае злачынства... Вядома, пакараюць, але ён не дужа ўжо баіцца пакарання, бо ўсё ж яго чакае лепшае ў жыцці. І лепшае поўнасцю адплоціць яму за ўсе яго мінулыя крыўды, прыніжэнні, нястачы. Канечне, не варта было звязвацца з гэтымі дурацкімі полісамі, як-ніяк, непрыемна. Але ўсё такая дробязь, аб якой не варта і думаць. Ну патрымаюць, ну могуць і пасадзіць на які месяц-другі, але ж затое потым ён возьме сваё, ён яшчэ пакажа ўсім, хто ён такі, у яго ж будуць тысячы і тысячы долараў... Вось толькі дарэмна ён выпаліў з гарачкі, што ён нікога не забіваў. Гэты дурань - паліцэйскі - можа яшчэ падумаць Бог ведае што, і собіла ж яму распусціць язык... Аднак глупства гэта. Кожны на яго месцы сказаў бы тое ж самае, калі б яго арыштоўвалі ў такі час, калі здарылася такое... Такое... Сузан не хацеў назваць сваім імем гэтае «такое».
Ён сядзеў і суцяшаў сябе, і будучыня малявалася яму ва ўсёй сваёй прыгажосці. І новы дом, які аблюбаваў ён, і, магчыма, будучая майстэрня, дзе ён будзе гаспадаром, дзе будуць працаваць на яго некалькі рабочых, а яму застанецца толькі падлічваць прыбыткі. Спачатку майстэрня, а потым можна будзе ўзяцца і за што-небудзь большае...
Находзілі і сумненні, падазрэнні. Чорт паднёс яго з гэтымі полісамі. Пачнуць з іх, яшчэ, чаго добрага, дакапаюцца і да таго... Так жа падвяло спазненне з адлётам самалёта. Усё ж было разлічана на дзве гадзіны. Усё адбылося б тады над высачэзнымі гарамі. Якраз аніякага б тады следу... А цяпер вось пісакі з газет намякаюць на нейкі выбух... Здарылася ж усё на раўніне, дзе любая драбяза з таго, што было з самалётам і яго пасажырамі, застаецца на зямлі, кідаецца ў любое вока. Д'ябал бы іх пабраў з усімі гэтымі парушэннямі графікаў руху. Але ліха на яго... Не такая лёгкая справа дакапацца да нейкай там прычыны... Не варта думаць аб усім гэтым ды псаваць сабе настрой. Усё пройдзе, усё мінецца, застанецца толькі законная спадчына, і яго пальцы адчуюць дотык хрупасткіх долараў, за якія можна купіць усё, чаго толькі ні пажадаеш...
Спакуслівыя мары змяняліся пакутлівымі сумненнямі. Раніца прынесла яму жорсткае расчараванне. Яго павялі зноў на допыт. Ён ужо прыкідваў, як лепш адказваць на ўсе пытанні аб полісах. Але пра полісы на гэты раз і не пыталіся. Перад ім палажылі на стале нейкую рэч, крыху падобную на патрон.
Коратка запыталі:
- Вам знаёма гэтая рэч?
Сузан сцяўся ўвесь і, адчуваючы, як дрыжаць яго рукі і неяк раптам перасохла ў горле, ледзь вымавіў два словы:
- Не ведаю... - І дадаў пасля хвіліннай паўзы: - У першы раз бачу.
- Вы ўпэўнены ў гэтым?
- Так... Та-а-к...
- Гэтая рэч знойдзена ў вашым гаражы, нашто ж залішне адпірацца?
- Я крыху слабы на вочы, недабачу... Пакажыце бліжэй, - гаварыў, адцягваючы час, каб жа прыдумаць і сказаць нешта такое, што пераканала б іх, што ён тут ні пры чым, што гэта нейкае прыкрае непаразуменне, нейкае д'ябальскае насланнё...
- Ну, глядзіце бліжэй!
Яму падсунулі патрон пад самы нос. Ён доўга разглядаў яго, нават паспрабаваў кіпцем налёт зялёнага вокісу медзі, узважыў патрон у руцэ.
- Так, я цяпер магу вам сказаць, што гэта такое. Гэта дынамітны патрон. Яго ўжываюць у рудніках, падрываючы пароду.
- Усё правільна. Але чаму апынуўся ён у вашым гаражы?
- Я некалі працаваў на рудніку. Гэта рэч выпадкова засталася ў мяне ў кішэні, ну... і аказалася ў гаражы.
- Навошта ж яна была вам патрэбна?
Сузан доўга думаў. Урэшце загаварыў хутка-хутка:
- Бачыце, адзін знаёмы фермер скардзіўся мне, што ў яго на ўчастку вялікія камяні... Я збіраўся дапамагчы яму, узарваць іх...
- І ўзарвалі?
- Не, што вы! Ён жа застаўся, патрон, цэлы...
- І больш вы не мелі патронаў?
- Вядома...
- А з гэтай рэччу вы знаёмы? - І следчы вынуў з шуфлядкі стала рэшткі другога пакарабачанага патрона, а з ім яшчэ некалькі пазелянелых медных аскепкаў.
- Гэта рэшткі ад узарваных патронаў...
- Вашых патронаў?
- Што вы ад мяне хочаце, Божа, мой Божа! - залямантаваў Сузан. - Мяне пыталіся пра полісы, а пры чым тут гэтыя патроны? Пры чым я, нашто гэта? - І Сузан зайшоўся ў істэрычным плачы.
Яму далі вады, супакоілі. І калі найшла на яго поўная абыякавасць да ўсяго, аб чым у яго пыталіся, ён стаў пакорна, як авечка, адказваць на пытанні. І аб дынамітных патронах, і аб гэтым праклятым будзільніку. Праўда, ён спрабаваў, хаця даволі вяла, супраціўляцца спачатку, але, выслухаўшы, што жонка яго сапраўды расказала аб нейкіх яго практыкаваннях з тым гадзіннікам, адказаў, што такі будзільнік сапраўды быў, але ён недзе выкінуты, і ён добра не ведае, дзе, урэшце, ён. Ды і ці варты ён увагі, гэта ж быў сапсуты, такі стары, стары механізм... І яму паказалі тады кавалачак пакарабачанага цыферблата і сказалі, што жонка яго апазнала гэты кавалачак як рэшту цыферблата былога будзільніка.
- Можа, гэта і так... Але ж я кажу, што забыўся, куды выкінуў тое ламачча...
І яму напомнілі, што рэшткі будзільніка, які быў часткай самаробнай бомбы, былі там жа, дзе і рэшткі дынамітных патронаў, дзе і рэшткі ад загінуўшага самалёта.
Сузану засталося адно: маўчаць. Ён сядзеў ссутулены і паціраў лоб, нібы сілячыся ўспомніць, як жа гэта ўсё адбылося. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. І толькі адна думка была ясная, акрэсленая: не бачыць яму, як воч сваіх, запаветных долараў. І ці толькі долараў?
Быў суд. Сузану далі належную кару за яго шчыры падарунак маці. Увесь час - і калі быў суд, і калі сядзеў ён у турме - ён быў пануры, абыякавы, маўклівы. Ён не захацеў нават пабачыцца перад апошнім часам сваім з сям'ёй, з былымі прыяцелямі. І тады, калі прапанавалі яму гэтую сустрэчу, ён катэгарычна адмовіўся:
- Мне нічога не трэба, нічога не трэба... Не, не... нічога...
І толькі калі падвялі яго да дзвярэй газавай камеры, ён стаў сутаргава ўпірацца нагамі і нема закрычаў на ўсю турму:
- Нашто? Я не хачу! Не трэба! Я нічога не зрабіў вам благога... Я хацеў толькі долараў, толькі долараў...
Гэты крык паволі заміраў за жалезнымі дзвярамі камеры.
1960
АПОВЕСЦІ
Апошні зверыядавец