«Дзе ж зоры мае, мае мінулыя, дарагія, дарагія зоры? Чаму ж ім не быць жаб'імі... Так, жаб'імі... Аплялі жабы свет, распасцёрлі заскарузлыя лапы на зялёнай зямлі... І зямля - на балота, і жыццё... Заматаўся клубок - шукай канца-краю... У-у... гбды!»
Анатоль Іванавіч садзіцца ля акна на скрыпучы зэдлік, схіляе на падаконнік абяссіленую думкамі галаву і глядзіць нерухома туды, за акно, на раку. Ён глядзіць - і нічога не відна. Думы гоняць адна адну, падганяюць, зліваюцца, мітусяцца шэрай стужкай без свету, без пробліску.
Дзе канец, дзе пачатак?
Не знайсці яго, не дадумацца...
А сэрца шчыміць гэтым прыкрым, даўно зведаным болем. У ім цвіце безнадзейнасць, цёмная, жудасная і глыбокая. Як гэта бяскрайняя цемрадзь начнога неба, як гэты змрок упарты, напружаны, што спавіў магільнай цішынёй нямыя абшары...
Не... Там не так... Вунь, на рэчцы, каўзнуўся срэбны месяц, трапечацца след яго на зыбучых струменях, блішчыць, прыцягвае да сябе чаруючым святлом.
Так, святло, хоць зыбучае.
Усё ж такі святло.
Чуюцца ўсплёскі, месячнае святло праразаюць чорныя цені, звонкія галасы парушаюць вячэрні змрок і гулка аддаюцца над высокім берагам, над полем, над лесам...
Словы песні ўлятаюць у акно, песні гулкай, вясёлай, задзірыстай. Нават песні ў адказ прагудзела струна старой гітары, што вісіць на сцяне над канапкай.
Прагудзела цянюсенькім, ледзь-ледзь чутным гудам пчаліным... Сама прагудзела і змоўкла.
«У-у... сволачы, ездзяць, катаюцца... Камсамолія... Лодары, толькі і ведаюць - шашні вадзіць... Усіх бы вас на адну... Зачыніць хіба акно, спакайней так».
Анатоль Іванавіч старанна зачыняе вокны, спускае фіранкі і, намацаўшы лямпу на стале, паліць святло.
Са святлом лепей. Тады душа хаваецца ў цябе, забіраецца ў глухія куткі. Гінуць чорныя думы, адлягае на сэрцы.
І Анатоль Іванавіч спакойна спраўляе вячэру, за якой некалі думаць, некалі разважаць аб канцах і пачатках, аб усіх гэтых заблытаных вузлах, што павуціннем шэрым і брудным аплялі зямлю, апаганілі яе прыгожы калісьці твар, сцёрлі яркія фарбы, зглумілі пах зямлі.
Пасля сытай вячэры прыемна паляжаць на канапцы і ўсяго сябе аддаць ва ўладу бяздзейнасці, тае мілае бяздзейнасці, якую і раней так любіў і паважаў Анатоль Іванавіч. Праўда, цяпер не тая бяздзейнасць, яна - адпачын ад працы.
Ляжыш, крыху ногі ныюць у салодкай утоме, ленавата варушацца няясныя туманныя думкі. І не думкі - гэта абрыўкі думак, абрыўкі слоў, назіранняў, уражанняў. За дзень усяго бывае, колькі рабочых адных перабудзе ў тваім кабінеце, людзей розных, наведвальнікаў. У кожнага сваё аблічча, сваё жыццё, свае жаданні. І ў кожнага свае словы, асаблівыя звычаі трымацца з людзьмі, гаварыць з начальствам.
- ...Таварыш дырэктар, мне б надбавачку - дзяцей повен кут, што рот, то прожар - рублём не заткнеш.
«Пладзі жабракоў, на гэта вы спрытны...»
- ...Прачытайце даклад на сходзе, добры даклад даспадобы рабочым.
«Майстры вы на язык, усю Расею мітынгамі ўгробілі, апаганілі словам распусным...»
- ...Чаго гэта варта, таварыш дырэктар, гэта чорт ведае што, я на ячэйцы пастаўлю, так быць немагчыма...
«У-у... погань кожная з указаннем лезе, з радаю...»
- ...Анатолю Іванавічу мая пашана! Як і што, нешта вас не відна даўно...
«Хоць адзін чалавек прыемны... з ім і пагаварыць можна».
Мітусяцца абрыўкі думак, абрыўкі чутага за дзень, бачанага. І разам засланяе ўсё капна льняных валос, і ўвесь пакойчык хаваецца ў сініх крыштальных вачах, якія глядзяць адусюль, усміхаюцца, пабліскваюць сонечнымі зайкамі, падморгваюць свежымі, не змятымі дзявочымі расніцамі.
Анатоль Іванавіч аж прыўстае на канапцы.
«Анішто дзяўчына... Яблычка на адбор - без чарвінкі, без цвілі... свежае яблычка, румянае - вясной пахне і сонцам.
Вясной...
Прыгожае слова - вясной. Многа з ім успамінаў нахлынае, нараджаюцца мары, як вясеннія туманы пад сонцам.
Вясна і сонца... І дзявочыя вочы, як неба.
І светлыя мары... Не аб будучым - аб мінулым».
Анатоль Іванавіч дастае, адамкнуўшы шуфлядку стала, цэлую вязку лістоў. Яны старанна зложаны і звязаны. Сярод іх старыя здымкі, цэлая калекцыя пасмачак валасоў, перавязаных шоўкавымі істужкамі. Розныя пасмачкі. І светлыя - ільнянога колеру, і колеру астыўшага попелу, і цёмна-русыя. Чорных няма - іх не любіць Анатоль Іванавіч, яны грубыя і падобны на сажу - няма ў іх красы. Іншыя брыдкія.
Ад выцвілых лістоў, пабляклых здымкаў і пасмачак льецца ледзь чутны пах, пах чагосьці сумнага, даўно забытага, даўно зведанага. Так пахне лісце ў адцвіўшым садзе, калі ляжыць яно мёртвае, зжаўцелае на сырой зямлі і шархаціць пад дробнымі каплямі асенняга дожджыку. Для яго гэты шолах прыемны, ён мякка кладзецца на сэрца, супакойвае нервы, і на душы тады замірэнне.
Анатоль Іванавіч глядзіць на выцвілыя здымкі, на замерлыя, застыглыя ў нерухомай красе вочы фатаграфій, на пасмачкі, дакранаецца да іх... Здаецца, яны ажываюць пад пальцамі, здаецца, ідзе ад іх цёплая ласка, ажываюць нерухомыя вочы - блішчаць дакорам жывым ці прывабнай усмешкай.
І ледзь прыкметны рух на вуснах Анатоля Іванавіча:
- Мае перамогі. Калекцыя шчасця...
Кожная пасмачка - свая гісторыя. А ўсё схована ў далёкім мінулым. Толькі і памятаецца яскрава першая. Першая перамога...
...Была ноч звычайная. Летняя. Стары парк схіліўся дадолу пахучымі галінамі ліп. Паміж імі прытаіўся змрок, хрупасцеў пясок пад нагамі. На ўзгорку, у прытульным доме парадна свяціліся вокны. А на дарожках вільготная цішыня і роснае вецце акацый, якое пакінула на гарачым твары некалькі буйных халодных кропель. І роснае вецце скрадвала гарачыя шэпты і пацалункі. А далей... Якія недарэчныя гэтыя слёзы. Хутчэй бы пайшла... Што стала потым з гэтай маладзенькаю гувернанткай - каму цікава...
Была першая. А потым шмат іх... Багатая калекцыя ў Анатоля Іванавіча. Некаторых успамінаць не варта, некаторых жа - нават і страшна... І раптам думка:
«Анатоль Іванавіч, Анатоль Іванавіч! У кішэні білет партыйны... Партыйны білет, а ты што вытвараеш?»
І разам:
«У-у, ірады не нашага бога... Калі ж на вас звод пойдзе, паморак...»
Раззлаваны і змораны Анатоль Іванавіч кладзецца спаць. Заблытаныя думкі ў клубок сплятаюцца, усё зліваецца разам. Не разбярэш, што адкуль, да чаго. Ячэйка, рабочыя, «таварыш дырэктар», пасмачкі, музыка і гарачыя бутэлькі - усё праходзіць пярэстымі плямамі, скача і мітусіцца ў соннай галаве.
- Ах, за гэтыя за кірпічыкі...
- А годзе табе ўжо галаву дурыць - кірпічы ды кірпічыкі... Папала на язык - вярзе паўдня, хоць бы табе што іншае...
- За кірпічыкі...
- Ну, кінь, кінь, даліся табе гэтыя кірпічыкі ў знакі...
І ў бліскучую лысіну Антося шлёпаецца гучны пацалунак.
- Ну, нечага, нечага там, бач, заняткі знайшла... Знайшла працу... Вунь нядзеля заўтра, а ў хаце зусім непрыбрана. Дый памыць трэба трохі. А табе ўсё скокі ды кірпічыкі.
- Татачка, ну чаго гэта вы? - і засмучаная і адразу прыціхшая Валя садзіцца на зэдлік, разглядае палавіцу перад сабой. А палавіца ўваччу дваіцца.
- Ну, вось... Вось табе і раз. Ёй слова, а яна і вочы на ўзвод мокры. А яшчэ ў камсамол часам ходзіш... Вось скажу хлопцам - засмяюць адразу. Ты ёй слова - а яна слязіну ў вочы... А мамкі мае, і дзе вас гадавалі такіх? З мяне дзівіся - я ж твой бацька, а ці бачыла ты калі слязу ў мяне? А я ж стары корч - абшарпанае дрэва, колькі нягод перанёс, і хоць бы што! Жыццё, галубка, рашпіль вялікі, так цябе абшарпае, на слязіну месца не пакіне. Раскіснеш - рашпіль цябе не памілуе, да косці абкарнае. Сухім трэба быць, вось што. Сэрца ў бокі ды скокі, а ты яго абцугамі - не рыпайся, маўляў, вышэй галавы не сунься, бо сядзеш макам.
- Дык чаго вы... к чаму гэта ўсё?
- К чаму? Гм... Спаць я хочу, змарыўся за дзень, чуць дыхаю, а ты... кы-ы-рпічыкі.