А чаму ўсё гэта?
Чаму нелюддзю стаў я такою?»
І ўспамінаецца Яшку жыццё - небагатае яшчэ гадамі, невялікае сваімі радасцямі. Суму больш. Кожны ведае долю бязбацькавіча, парабчонка: усякі табе - указ, кожны табой патурае, мае ўладу над табой, над тваім сэрцам, над шчасцем тваім, маленькім шчасцем, калі часам ты яго знойдзеш. Знойдзеш - адбяруць, не паглядзяць на твае лахманы, на твае слёзы...
І замкнулася тады маленькая душа на замок, пачала глядзець на свет задумленымі вачмі, а думкі схавала, словы схавала - і леглі яны каменем цяжкім на маленькае сэрца. Мо таму яно так палахліва, так балюча ўспрымае ўсё, так скрытна і недаверліва да людзей. І заглянуць у гэтае сэрца цяжка каму, яно баіцца адчыніцца, баіцца жыццёвага холаду.
Але ўсё ні па чым. Прызвычаены мы да жыцця, да яго холаду і марозу. Выкараскаўся вось, самога сябе за вушы выцяг на прастор, да завода дабіўся. Нічога, цяпер жыць можна і як яшчэ жыць. Абы жаданне ды добрая воля. Вось адно толькі кепска, што не зусім падабаюцца парадкі на заводзе. Куды б лепей можна, а тут нешта ўсё не клеіцца, на лад чамусьці не ідзе. Вунь рабочыя часам лаюцца - два месяцы грошай няма, у хлопцаў распуста, языкі, што вёслы, як распусцяць - сцены чырванеюць. І дзяўчаты - чаго варты толькі! Ім дай тустэп, і нічога не трэба болей. Без тустэпу кіснуць. Ці ж гэта парадак?
Не, не парадак гэта, а бязладдзе, многа чаго трэба зрабіць, перайначыць. А як і што - дадумайся - ніхто рады не дасць, дапамогі...
Што далей - цяжка і думаць. Налягае на вочы дрымота, і туманяцца думкі. Ва ўсім пакоі старожкая цішыня: толькі скрыгане зубамі хто ў сне, заскрыпіць дошка на ложку, заскрабецца мыш у кутку ці старая ліпа за акном шархане галлём па страсе, і тады чулымі і старожкімі робяцца змрочныя сцены.
Вунь нехта застагнаў у кутку, нехта кажа праз сон, вядзе бязглуздзіцу. І зноў ціха. Швэндаецца ноч пад акном, заглядае ў вокны лупатым месячыкам, нясе старожкую варту, беражэ сон людскі, людскі адпачын. Але ці ўсе ж спяць? Вунь ціха скрыпнула палавіца. Нехта крадзецца паміж ложкаў. За ім другі... Белыя, нібы здані тыя... Мо на двор куды, па патрэбе?
І ляная, марудная думка нікне адразу, абрываецца салодкай дрымотай. Сон хваравіты, старожкі, як у часе бяссонніцы. І, нібы скрозь сон, чуе Яшка - ці то плача нехта, ці то вецер узняўся за акном і вые ў шыбкі па-асенняму: нудна гэтак, халодна і дажджліва. Аж зябка робіцца! Пацягнуўся і прыслухаўся...
Не, не вецер, няйначай у Ганны што... Так, у Ганны.
За спальным пакоем невялічкі праход, а збоку канурка - аршын на аршын. Там жыве Ганна, прыбіральшчыца, ці Нютка, як празвалі яе хлопцы. Нядаўна жыве, мо з месяц, не болей. Раней парабчанкай дзесьці служыла ці ў саўгасе. Цяпер на заводзе. Дзяўчына не зусім што, з твару - ніякае зайздрасці, дзеўка як дзеўка, але старанная, руплівая. Куды чысцей з ёй стала ў інтэрнаце. Прыбярэ ўсё, упарадкуе, падмяце падлогу, а то і памые часам. На што ўжо неахайныя хлопцы, а і то некаторыя цяпер, глядзіш, і ногі аб парог вытруць - няпекна неяк з гразёю ды на чыстую падлогу сунуцца. Адно не любяць хлопцы - сарамлівая занадта, і не то што сарамлівая, а проста, ну, не зусім вясёлая дзеўка, да кампаніі яе - ні тпру ні ну! З табой слова не скажа і ўсё глядзіць у падлогу, нібы цвікі тыя лічыць ці палавіцы.
- Ат, маслёнка мазутная.
- Цялуха-белабруха.
Так адзываліся хлопцы аб Нютцы, часам казалі ёй аб гэтым у вочы, дражніліся, насміхаліся. І хадзіла тады Нютка, уцяўшы голаў у плечы, хадзіла асцярожна, сціснуўшыся ў шэры, непрыгожы камяк. І каб не пападацца залішне на вочы людзям, хавалася ў сваёй канурцы.
Вось з гэтай кануркі чуліся цяпер у перадранішнім змроку пакоя ціхія ўсхліпы. Нютка плакала, як відаць, у падушку, бо ўсхліпы былі то гучныя, поўныя выразнага адчаю, то нейкія прыдушаныя, якія ішлі нібыта з-пад зямлі ці з гэтых сцен, са столі нізкай, што распасцерлася, павісла цяжарам над спальным пакоем.
«Чаго б гэта ёй?»
Усхліпы не сціхалі. Чутна было, як іх змяніў сутаргавы плач. Потым цішэць ён пачаў... Ізноў усхліпы.
«Што за праява? Пайсці запытаць...»
І хутка Яшка ціхенька пастукаў у дзіравыя дзверы, аклееныя старымі газетамі. За дзвярыма прыціхла ўсё. І, поўныя нянавісці, глыбокай чалавечай нянавісці і адчаю, чуюцца словы:
- Ізноў? Ізноў, праклятыя!.. Божа, чаго вам ад мяне трэба, чаго вы прысталі, чаго вы прычапіліся?
- Цішэй, апамятайся, чаго ты! Гэта ж я, Яшка, што ты вярзеш немаведама што?
- А чаго ты? - супакоеным і прыціхлым голасам пытае Нютка.
- Як жа чаго? Чую - плачаш. Ноччу... Дзіўна неяк. Запытаць вось прыйшоў, мо нездарова, ці што, мо дапамога трэба...
- Ой, сіл маіх нямашака болей. Няхай бы ўжо днём сляпіцаю лезлі ў вочы. Ну, проста жыцця нямашака, свет не мілы; пайшла б, здаецца, куды вочы глядзяць... Дык не, і ноччу няма супакою. Што ні ноч - дык стаяць пад дзвярмі, бэсцяць, высмейваюць, у дзверы ломяцца.
- Хто?
- Андрэйчык Лузан ды гэты, ну гэты самы, чарнявы такі, што кульгае крыху...
- Сцяпанка Віхлясты?
- Ну, ён... І чаго ім трэба? Кожнае ночы. І пажаліцца некаму. У заўком хадзіла анодысь. Дык што з таго. І гаварыць не сталі, абсмяялі толькі. «Ты, кажуць, ды супроць гэтага самага, якая з цябе і дзяўчына тады, пустацветам жыць хочаш... Кінь, даражэнькая, глупствы. Другая б на тваім месцы пазайздросціла толькі - бач, ад хлопцаў не адбіцца, а ты... ха-ха-ха».
- Ну, цішэй, Ганна, даволі, і рымзаць нечага. Мо яно і сапраўды глупства ўсё гэта, калі смялей на жыццё паглядзіш, не будзеш вочы тапіць у слязах. Самой смялей трэба быць, прычэпіцца хто - у пысу дай без усякіх там размоў. А ноччу калі хто - народ будзі, не ўсе ж вар'яты такія, як Лузанчык твой ды Сцяпанка Віхлясты.
- А сораму колькі...
- Ат, што той сорам. Яны ж, нябось, не саромеюцца, лезуць вось. Хоць ты ім у вочы ліні. Адным словам, супакойся, уладзім справу, не будзе гэтага.
- Калі б яно ды па-твойму.
- Ат, кінь... Спі, і годзе. Нашла вялікі клопат. Падумаеш! Усё знішчым, усё загоім.
Усё прыгожа навакол: і рака, і туман, і трава, і кветкі, і раса - халодная, іскрыстая, што гарыць-ззяе пад пяшчотнымі праменнямі ранішняга сонца. А птушкі над лесам, вунь там, на другім беразе, толькі і ведаюць:
- Чы-лік, ці-вік, чы-лілік... - гудуць срэбнымі званочкамі, свішчуць мілагучнымі свісцёлкамі - чаго толькі не пачуеш у песнях!
Іскры і прамяні сонца, мядовы пах, звон-перазвон галасоў птушыных, рэдкія беласнежныя воблачкі вісяць на ўсходзе, гараць залатымі акрайцамі, а раса так і кусае за ногі - вось яна, раніца... А рака нібы застыла ў ціхіх плёсах, укучаравіўшыся ніцымі лозамі, упрыгожыўшы берагі асакою-разучкай. На плёсах ціха, вада, як люстэрка. Калі пачне сонца лашчыцца аб халоднае люстра, тады па плёсу пырскі пойдуць, бурбалкі стралой паднімуцца - рэчка заплешчацца... Гэта ўсходзіцца, гуляе шчупак, павольна блісне бурштынавым бокам ашчапераны вокунь, мільгне плотка стужкай срэбнай, спакваля правандруе язь. А каля карча перасоўваецца ляніва з месца на месца векавечны лодар - чорны мянтуз. На пясочку, там, дзе плытчэй, шнуруюць печкуры, шнуруюць статкам і палахліва кідаюцца ў бок ад якога-небудзь каменьчыка, сцяблінкі, што коціць, перакачвае вада па дну.
«То ж стварэнні дзіўныя - печкураты гэтыя самыя. Маляўка, а вазьмі ты яе... Дробязь, можна сказаць, а і тая нібыта розум мае, адна не пойдзе - наравіць усё статкам. Ну, шчупак, возьмем - таму такія законы не пісаны, але ж я на цябе найду ўправу... Ну-ну, ты, дрэнь вадзяная, вось я табе патузаю... от... от... от... ну і тузануў! То ж паскуднае стварэнне - плотка!.. Каб жа ёй па-людску, дык не, тыркаецца ўсё, тыркаецца, а чарвяка як не было, нібы кот злізнуў... Эх, каб вокунь! Паважаная рыба. Ні табе дзёргу, ні табе страты чарвячнай, падыдзе, нюхне, дзёр і пайшоў, і пайшоў, аж на самае дно - знай, падсякай ды выцягвай... Важнецкая рыба, другой, можна сказаць, такой не знайсці. І кампанейская... Набрыдзе кампанія - усіх павыцягваеш, толькі знай закідвай, таму - салідная рыба! Не раўня якой-небудзь там плотцы або, скажам, уклейцы той недарэчнай. І не ёрш-дурань - з ім пакуты болей, а карысці, навару таго - ат, рак той самы. А чарвяка тым часам злізнулі, гады, не аблізнуліся нават...»