Выбрать главу

- Чаму ж ты маўчыш усё ж ткі?

- А ідзі ты, адкуль прыйшоў, маўчыш ды маўчыш... Глядзі, які гаваркі знайшоўся. Ідзі вунь, мусіць, чакае...

* * *

Зірнеш на берагі, і здаецца - плывуць яны назад, плывуць мякка, не здрыгануцца. Цурчыць вада пад чоўнам, і ціхія ўсплёскі вёслаў лашчаць вуха. А вада - як люстэрка, толькі на стрыжані круцяцца, разбягаюцца трапяткімі пярсцёнкамі хвалі, з пырскамі, пухірамі, масляным накіпам пены. Валя правіць вяслом, а Яшка сядзіць на качотах і пружыніць рукі, нахіляючыся то назад, то наперад. Налягае на вёслы, а вачмі вяслуе па Валі. Яе льняныя валасы раскудлачыліся, на потны лоб звіс гэтакі смешны чубок, палаюць шчокі румянцам і сарамліва выглядаюць з-пад блузкі мярэжкі кашулі.

Глянуў на іх Яшка, засаромеўся і пачаў глядзець у ваду, у якой зыбалася і расплывалася Валіна постаць і гэтак смешна, смешна - уніз галавой.

«Як-ніяк, а люблю...»

І задумаўся. На хвіліну заблытаўся ў вёслах, неўпапад налёг на іх, і адно вясло, чыркануўшы злёгку па вадзе, абдало Валю цэлым фантанам пырскаў - аж тая здрыганулася.

- Эх ты, мядзведзь, няўклюда ты гэткая... Вось вазьму і патаплю цябе тут, - і Валя пачала парыўчата зыбаць човен, ад чаго пабеглі навакол вясёлыя хвалі-кружэлкі і сам човен зачэрпнуў краем ваду.

- Ну, годзе табе, на вадзе жарты кепскія - пакупацца не доўга...

- І страшна, думаеш? Ну, давай пакупаемся. Вось, ра-а-з...

- Кінь, кінь глупствы, глядзі, куды правіш, уткнёмся ў кручу.

Валя смела, шырока загрэбла вяслом, і плыткі човен стралой панёсся да нізкага, аброслага асакой берага невялічкае выспы... Човен зашархацеў асакой і мякка ўліп носам у тваністы бераг.

- Ну, вылазь! - камандуе Валя.

- Ідзі ты ўперад.

- Айда, айда без цырымоній, а то яшчэ вывалішся...

Яшка памагае Валі выбрацца на бераг.

- Ну, цяпер айда за шчаўем, ды глядзі - шчыпай толькі маладое, а са старым і на вочы не паказвайся...

Яшка нехаця нагінаецца за шчаўлінкамі - ці мужчынская то справа, - а ў думках далёка ад іх. Аб Валі ўсё. Учора вунь хлопцы, калі ішлі са сходу ячэйкі, нібыта так, жартам, кінулі ў вочы:

- Яшкец! Глядзі, каб не застаўся ты з носам.

- А што?

- Даштокала вось... Сляпым робішся. Людзі па малінку ходзяць.

- Па якую малінку?

- Эх ты, яму разжуй ды ў рот пакладзі... Задужа ласы Анатоль Іванавіч да малінкі.

- Ну?

- Чапялой абаранкі гну... вось табе і ну. Вуч-о-оны. А вучоны, што «кнігу чытае».

Пры чым яно тут усё - ліха яго разбярэ. А ўсё ж ткі трошачкі сумна. Нешта ёсць, і ў чым яно, гэтае нешта, - пакуль невядома, бо нічога ж, здаецца, анічагусенькі не заўважваў.

А Валя збірае шчаўе, распявае песні, і голас яе - малады і мяккі - разліваецца, сцелецца па вадзе, ляціць назад рэхам з-пад высокае кручы, з Залатых Ключоў. Залатыя Ключы - вір пад кручай, дзе ходзіць вада кругамі, дзе кружочкі белае пены з блішчастымі пухірамі не могуць выбрацца на рачны прастор, на шырокі плёс і кружацца-кружацца, нібы ў зачарованым коле. Прыемна сачыць за гэтым вірам, назіраць, як пападаюць у яго трэсачкі, галінкі дрэў, сцяблінкі асакі ці адарваны цвет жоўтых збаночкаў.

- І лодар жа ты, ну дзе тваё шчаўе? Бач, конскага нашчыпаў... І што ж ты сабе думаеш!

Валя жартаўліва сцёбае яго лазінай, садзіцца поплеч і заглядае ў вочы Яшку. Глядзіць і паступова змяняецца і ўжо зусім другім голасам пытае паціху:

- Чаго ты такі? Аб чым ты думаеш?

- Ды нічога... Бачыш, вір вельмі прыгожы; і страшны ён і прывабны: усё круціцца, круціцца, круціцца... І днём і ноччу. І тысячы год. Усё круціцца, круціцца.

- Ну і няхай сабе круціцца, які табе клопат?

- Бачыш... прыгожа. От, ты толькі падумай: надыдзе ноч - ціха ўсё - паляжам спаць... А ён усё круціцца. І раней круціўся. І колькі год... Кажуць, і Зямля круціцца, і мы з Зямлёй круцімся... От і зразумей усё - а чаго ж яно круціцца? І чаму збаночкі жоўтыя, а не белыя, і чаму гэта ўсё... от я, ты, чаму, скажам, у цябе вочы сінія, а не... зялёныя?

- А таму, што ў цябе не чырвоныя.

- Кінь глупствы, Валечка. Я табе аб адным, а ты аб другім. Я от і думаю. І прыгожа, ведаеш, як часам падумаеш: ты адзін-адзін, малюсенькая кропачка, а навакол цябе свет, навакол блакіт неабсяжны. І сонечныя праменні ідуць, як стрэлы, напаткаюць цябе - табе цёпла. І зямля, а на зямлі людзі. І паску-у-д-ныя ж людзі, Валя, асабліва хоць бы ў нас... Ды не толькі ў нас. Вось раней за пастушка я быў - ганяў кароў чужых у поле. І былі людзі сабакамі. Не ўсе - тыя, у каго служыў. Кавалачка хлеба шкадавалі, не спускалі вачэй, пакуль не з'ем. Але толькі клопату! Выйдзеш у поле, ляжаш пад хвояй дзе-небудзь, ляжаш і глядзіш угару, не зварухнешся... І галінкі не трапечуцца, толькі ветрык шуміць у іх ці-і-ха, ці-ха... Смалой пахне, а ўгары пярынкамі лёгкімі і зыбучымі сунуцца белыя хмаркі. Ідуць і ідуць чарадой незлічонай... А то павуцінкі - плывуць, серабрацца... і хочацца ўслед за імі. Каб крылле - узяў і паляцеў бы. А вясной бярозкі такія зялёныя-зялёныя, і вечарам пах ад іх і, як пчолы, хрушчы гудуць. А то ляжаш над кручай, над Залатымі Ключамі, - недалёчка і служыў тут... У траве мурашы ды казюркі поўзаюць, куюць кавалікі. А ў вадзе сонца купаецца, і круціцца вір, круціцца, круціцца... І страшна, аж млосна робіцца. І добра... на душы адлягае.

Валя глядзіць на вір і шчыльней прыхіляецца да Яшкі. Не то страх, не то нейкае другое пачуццё, ледзь прыкметнае, трапяткое, агортвае цела, і хочацца Валі гэтых слоў Яшкавых, што льюцца ціхім струменем, ахінаюць сэрца нейкім нязведаным спакоем і ціхаю неспазнанаю радасцю. Хоць дзівак, але мілы...

- А скажы, Яшка, чаму гэта Залатыя Ключы? Чаму яны завуцца так?

- Залатыя Ключы? Бач, даўно гэта было. Мне расказвалі тут на сяле. Дзяды і тыя не памятаюць, так, паданне няйначай. Калісьці, даўным-даўно, шумеў па вакольных палях непраходны бор, па нізінах балоты цягнуліся, і на сотні вёрст не было ні душы чалавечае. Толькі і можна было чалавека ўбачыць на рацэ, бо толькі па ёй і дарога была. Вядома, параходы ж тады не хадзілі, больш на чоўнах усё, на вёслах... Прыязджалі часам і багатыя людзі, і князі там, купцы, скажам. Ездзілі ўзброеныя, бо час быў дзікі і дарога глухая. І вось над кручай гэтай у нетрах лясных пасяліліся, калі верыць старым людзям, разбойнікі. Ніводнага судна не прапускалі, заганялі на мель - і ішла тады расправа, ішла разбойніцкая пацеха. І цяпер яшчэ рэшткі суднаў часам знаходзяць ці якары старыя, старыя стрэльбы.

Дык вось, было ў разбойнікаў гэтых замчышча на гары пасярод непраходнага лесу. І жыў там вялікі разбойнік Бутрым Дуб. І былі браты яго - уся сямейка разбойная: Агап Аднавок, Каліна Зялёны, Саўла - Чорныя Вусы і малодшы брат Расціслаў - Дзявочыя Вочы. Жылі браты, грэлі рукі аб судны купецкія, цешылі сэрца крывёю, і ў замку часам баляванне ішло дзікае, разгульнае, як шалёныя лясныя навальніцы.

І вось ехаў раз па рэчцы не то князь, не то вольны чалавек купецкі, ехаў з падарункамі багатымі, бо шлях трымаў да цара маскоўскага. І з ім жонка яго - маладая красуня. Ну, як у казцы там, вочы - зоркі і, як ноч, каса чорная па калені. Ну, пайшоў князь печкуроў лавіць на зыбучае дно, за ім услед і чаляднікі яго верныя. І толькі ўзняў Агап Аднавок свой востры палаш над галавой слаўнай Кастусі - так звалі красуню, - як Бутрым цяжкай дубінай выбіў палаш з рук Аднавока і ўзяў Кастусю за чорныя косы. Ці ў яе вачах быў чаруючы зірк, ці былі косы яе пахучыя, як вясеннія лозы, ці, можа, вусны яе былі саладзей маліны, але толькі Бутрым сказаў тут: «Браты мае дарагія, каханыя. Жывём мы з вамі ні многа ні мала, а сэрца старэе. І сохне кроў. Дык прызнайце ж яе за жонку маю дарагую...»

І ў знак згоды нахілілі браты свае буйныя галовы. З таго часу стаў сумным замак. Цешыў Бутрым маладую жонку і нічым нацешыць не мог - сумавала красуня за жалезнымі дзвярамі, за мураванымі сценамі... І быў Бутрым злосны заўсёды, бо нічым не мог дагадзіць Кастусі: ні каменнем самацветным, ні шаўкамі, ні заморскімі вінамі шыпучымі.