Выбрать главу

Назаўтра, аддзяжурыўшы сваю змену, Юрка пашыбаваў у Бабінавічы на станцыю. Ён хадзіў па дашчаных памостках, якія замянялі перон, дачакаўся вячэрняга цягніка ў надзеі, што вось-вось паявіцца на станцыі Ніна. Але яе не было. Юрка сабраўся ўжо ісці на Віць, як раптам, нібы з-пад зямлі, перад ім вырасла Люська, тая што сядзела ў час юркавага прыезду на лавачцы разам з Нінай.

— Пеўнікаў пляменнік, добры дзень, — сказала яна і чамусьці захіхікала. — Дык як вы там багата грыбоў насушылі?..

Чырвань кінулася Юрку ў твар, і яму захацелася сказаць гэтай языкаватай дзяўчыне што-небудзь колкае, абразлівае. Мільганула нядобрая думка пра Ніну, якая не знайшла нічога лепшага, як толькі дзяліцца сваімі сакрэтамі з гэтай балбатухай.

— Грыбы трэба ўмець збіраць, — з націскам сказаў Юрка. — Гэта не гарбузікі лушчыць...

— Ды вы збіраць умееце, аж кошыка не хапае. Ніна цэлых два дні злавалася.

— А яна дзе цяпер? — стараючыся гаварыць спакойна спытаў Юрка, злосць у якога пачала паступова праходзіць.

— Паехала, пазаўчора, — бесклапотна адказала Люська. — Раней паехала, каб не спазніцца атрымаць у інтэрнаце месца...

ІІ

На Віці наступіла восень. Дні стаялі ціхія, пагодлівыя, але павольнае заміранне жыцця адчувалася ва ўсім. У паветры лятала срабрыстае павуцінне, маўкліва, задуменна стаялі вольхі, а клёны сваімі шатамі нагадвалі вялізныя вогнішчы. Не спяшаючыся, цякла Віць, а ў высокім сінім небе журботна курлыкалі журавы.

На Пеўніка нахлынулі розныя справы па гаспадарцы, і ён усё часцей прасіў Юрку падзяжурыць за яго. Прасіў ён такім голасам, нібы прасіў прабачэння, і ад гэтага хлопцу заўсёды станавілася прыкра. Вольга Апалонаўна ўсё завіхалася з рознымі прыпасамі на зіму. Яна перастаўляла ў кладоўцы цэлыя батарэі банак з марынаванымі грыбамі, варэннем, перакладвала мяшэчкі з сушанымі ягадамі, нізкі грыбоў, нейкія засушаныя зёлкі, прасушвала шынкі і кілбасы.

«Арцель яна збіраецца карміць, ці што?» — не раз думаў Юрка, і ў яго душы расло нездавальненне ўсім гэтым парадкам жыцця ў доме Пеўніка. Ён успамінаў свой інтэрнат і свой пакой, дзе сем хлопцаў жылі на гарбаце і рублёвых булках, здаецца, весялей, чым тут жывуць на шышках і варэнні. Ад такіх успамінаў станавілася страшэнна сумна, і хлопец стараўся хутчэй заняцца якой-небудзь работай, каб разагнаць думкі.

У гэтыя дні Юрку выклікалі ў райком комсамола. Сакратар, назваўшы хлопца «каралём надвор'я», наморшчыўшы лоб, доўга думаў, куды яго паставіць на ўлік. Нарэшце, вырашыў — у бабінавіцкую школьную арганізацыю. Ад Віці туды хадзіць бліжэй.

Нізенькая дзяўчынка, сакратар комсамольскай арганізацыі, доўга не магла прыдумаць для Юркі даручэння.

— Можа вы даклад прачыталі б, — нясмела прапанавала яна. — Ну, пра гром, маланку — на антырэлігійную тэму...

— Няхай толькі на сходы прыходзіць, — пачуў Юрка за сваёй спіной голас. Абярнуўшыся, хлопец убачыў Люську, якая, мабыць, мела нейкае дачыненне да комсамольскага камітэта. — А то ён і не вылазіць са свайго хутара, — гаварыла Люська, і вочы яе праменіліся смехам.

Нарэшце наступіла сапраўдная восень. Неба, нібы рэшата, бясконца сеяла аднастайны, нудны дождж і халодную імжу. Сіратліва стаялі голыя вольхі і бярозы, а далёкі бор шумеў сумна, прыглушана.

Жыццё на Віці ішло нудна і аднастайна.

Зімой стала крыху весялей. Віць прытаілася сярод хмызнякоў, зрабілася вузенькай і непрыкметнай. Затое лес папрыгажэў. Ён стаяў суровы і сур'ёзны ў сваёй зімовай зацятасці. Ноччу ён шумеў глуха і насцярожана. Юрку з непрывычкі было нават страшнавата.

Над Віццю ўзыходзіў такі светлы і круглы месяц, якога Юрка, здаецца, яшчэ ні разу не бачыў. Уся даліна Віці ў гэты час ззяла нейкім дзівосным хараством.

Аднойчы вечарам Юрка выйшаў на Віць паглядзець венцяры, якія Пеўнік паставіў нанач. Ціха шумела прыбярэжнае трысцё, па срабрыстаму ільду вецер гнаў лёгкі сняжок. Чыстае, зорнае неба, белая аднастайная даліна Віці, суровая сцяна зімовага лесу — усё гэта выклікала ў душы нейкую ўрачыстасць і спакой.