Выбрать главу

«Прыехала б сюды Ніна, — міжволі нарадзілася думка. — Тут так прасторна»...

У адзін з зімовых дзён Юрку прапанавалі зрабіць даклад у бабінавіцкім клубе. Хлопец гаварыў з запалам, і слухалі яго ўважліва. Даклад, мабыць, спадабаўся, бо Юрку задалі нават зашмат пытанняў. Ён аж узмакрэў, пакуль адказаў на ўсе гэтыя пытанні, якія больш за ўсё датычыліся розных нечаканасцей у надвор'і. Пасля дакладу да Юркі падыйшла Люська.

— Прыходзьце ў клуб, — сказала яна. — Нэ канікулы і Ніна прыедзе, яна ж у нашай школе вучылася. Прыходзьце, а то вы са сваім Пеўнікам хутка адзічэеце на тым хутары.

Хлопец пакінуў бабінавіцкі клуб у добрым, прыўзнятым настроі. Гэты настрой не пакідаў Юрку ўсе дні, якія заставаліся да пачатку студэнцкіх канікул, хоць на станцыі былі і свае непрыемнасці. Занядужаў Пеўнік, і яго паклалі ў бакоўку, якую дагэтуль займаў Юрка. Вольга Апалонаўна, як апантаная, бегала па пакоі з нейкімі бутэлечкамі і зёлкамі. Цяпер уся станцыя лягла на Юрку і Дземідзюка. Але хлопец носа не вешаў. Яму прыбавілася рухавасці, у адной сарочцы выбягаў ён на заснежаную пляцоўку і з небывалым раней спрытам узлазіў па лесвіцах да прыбораў.

— Занядужаеце, Юрый, — з непаддзельным спалохам гаварыла Вольга Апалонаўна.— Станцыю ж закрыць нельга...

Па юркавых разліках Ніна павінна была прыехаць ужо, але Пеўнік не ўставаў, і хлопец не мог адлучыцца ў Бабінавічы цэлы тыдзень. Станцыя згубіла для Юркі ранейшы інтарэс, і ён хадзіў вялы, безуважлівы. Пеўнік, мабыць, разгадаў юркаў настрой. Аднойчы пад вечар, крэкчучы, ён выйшаў з бакоўкі і падсеў да хлопца.

— Чаго ты сумны, Юра? — спытаў ён ціха, не гледзячы ў вочы свайму памочніку.

Юрка не ведаў, што адказаць.

— Мне ў Бабінавічы трэба, Пётр Іванавіч. Я пасля дзяжурыць хоць цэлы месяц магу.

— То ідзі, Юрка. Мне лепш стала, ідзі і нічога не думай. Усё добра будзе...

— Заўтра вы цэлы дзень адпачываць будзеце, Пётр Іванавіч, — узрадавана сказяў хлолец і стаў борздзенька апранацца.

Бабінавіцкі клуб гудзеў, як вулей. Іграў акардэон, лёгка насіліся па зале пары. Юрка праціснуўся наперад і пачаў шукаць вачамі Ніну. Яе не было ў клубе, але ў хлопца было такое адчуванне, што яна абавязкова прыдзе. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачамі, а адразу ўсёй істотай. Яна паявілася ў дзвярах з расчырвзнелымі ад марозу шчокамі, з заінелай пасмачкай валасоў, якая выбілася з-пад вязанай шэрай хусткі. Ніна здалася Юрку на дзіва прыгожай, і ён з хвіліну не мог адарваць ад яе свайго позірку. Дзяўчына, нарэшце, заўважыла яго і кіўнула, усміхнуўшыся. Юрка лёгка прабраўся да яе і павітаўся.

— Чаго ж вас не відаць? Можа вы холаду баіцёся? — сказала Ніна.

— Ды не, — збянтэжыўся Юрка. — На станцыі ў нас... А вы надоўга прыехалі?

— Я ўжо чатыры дні тут, праз дзень паеду, Гэта ўжо маці ўпрасіла застацца, а то я паехала б ужо. Нас усяго на тыдзень пускалі.

Юрка імгненна спахмурнеў і не ведаў, што гаварыць далей. Падбегла Люська і, як сарока, пачала трашчаць нешта сваё, незразумелае. Пасля зайгралі вальс, і Ніну запрасіў танцаваць высокі хлопец у армейскім кіцелі. Юрка танцаваць не ўмеў і з зайздрасцю пазіраў, як кружылася Ніна з высокім, прыгожым хлапцом. Ён яе не адпускаў, і яны танцавалі ўзапар усе вальсы і полькі.

Люська расказала, што высокі хлопец — студэнт, вучыцца ён у самай Маскве, і што наогул сёння студэнты спраўляюць свой развітальны вечар. Яна дакарала Юрку за тое, што ён не паказваўся ў Бабінавічах усе гэтыя дні. Студэнты між тым сабраліся ў купку і пачалі спяваць пад акардэон. Спявалі яны хораша, суладна, і Юрку на душы стала да болю маркотна.

3 клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Ніна ішла поруч з высокім хлапцом. Юрка прайшоў услед за студэнтамі да ляжнёўкі і павярнуў на Віць. Стала цяплей, з дрэў церушыўся лёгкі іней.

Назаўтра Юрка хадзіў каля прыбораў і стараўся ні пра што не думаць. Ніна стала ў думках далёкай, чужой, незразумелай. Прывезлі пошту. Быў загад па ўпраўленню, у якім падводзіліся вынікі работы гідраметстанцый за апошні квартал мінулага года. Станцыю на Віці ставілі ў прыклад, а яе супрацоўнікам аб’яўлялася падзяка.

3 гэтай поштай Юрка атрымаў і першае пісьмо ад Сымона Баравіка, хоць напісаў яму ўжо некалькі пісем. На канверце стаяў штамп далёкага горада Владзівастока. Пісьмо было радасным і смелым, як і сам юркаў таварыш. Сымон пісаў пра Вялікі акіян, пасаты і тайфуны, марскія штормы і свае асабістыя прыгоды і заслугі ў шмат якіх цікавых справах.