Выбрать главу

Ад пісьма на душы ў Юркі стала яшчэ маркотней.

Быў ужо вечар, і хлапец міжволі падумаў, што, напэўна, зараз садзіцца на поезд Ніна. Яны ідуць з чамаданамі ў вагоны, і поруч з Нінай ідзе той высокі маскоўскі студэнт. Яны абое прыгожыя, вясёлыя, смяюцца...

Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Пачаліся завірухі, і снегу намяло столькі, што праз яго цяжка было прабіцца на пляцоўку станцыі. Без лыж да Бабінавіч цяпер трэба было дабірацца гадзіны тры.

Вечарамі, як і заўсёды, пілі чай з малінавым варэннем. Гаспадыня ў такія гадзіны ўспамінала дні сваёй маладосці, Пеўнік моўчкі шморгаў носам, а Юрка адчуваў, што ўся яго істота ўсё больш напаўняецца пратэстам супраць усяго гэтага ўкладу жыцця.

— Цяпер зіма, Юрый,— сказала ў адзін з такіх дзён Вольга Апалонаўна.— Прадукты цяпер даражэйшыя. Так што я з вас за сталаванне на поўсотні больш вылічваць буду. Гэта да лета толькі, — з сур’ёзным выглядам дадала гаспадыня.

Юрка моўчкі кіўнуў у знак згоды.

Хлопец, як і раней, бегаў да прыбораў, складаў зводкі, але ўсю гэтую работу ён рабіў напоўмеханічна, у нейкім здрантвенні думак і пачуццяў. Аднойчы ўвечары, калі на двары ва ўсю моц гуляла завіруха, а на канапе з вязаннем у руках гучна храпла Вольга Апалонаўна, Юрка напісаў заяву ва ўпраўленне. Ён тлумачыў, што думае яшчэ вучыцца, а таму просіць яго перавесці на другую станцыю, бліжэй да горада. Назаўтра пісьмо з заявай Юрка сам занёс у Бабінавічы і кінуў у паштовы вагон.

III

Вясна прышла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе. Віць памаладзела, пажвавела, яе хвалі весела перакатваліся пад навісшымі алешынамі.

Прыйшоў ліст з упраўлення, яго прынёс сам Пеўнік. У ім пісалі, што пры магчымасці Юрку перавядуць на другую станцыю пры ўмове, калі ён адпрацуе на Віці не менш года. Пеўнік быў пахмуры, пра ліст ён, мабыць, ведаў.

Вясной Юрка прыкметна акрыяў. Ён часцей хадзіў у Бабінавічы і, калі выдавалася вольная часіна, любіў вечарамі стаяць на станцыі. Праносіліся цягнікі, запыняючыся ў Бабінавічах іншы раз на якую хвіліну. Юрка не раз лавіў сябе на думцы, што, мабыць, і ён хутка паедзе з Бабінавіч і тады ўжо ніколі не вернецца на Віць.

Вясной Пеўнік зацята ўкінуўся ў гаспадарку. Ён завіхаўся на градах, садзіў радыс, агуркіі нават аднекуль прынёс табачнай расады, хоць сам і не курыў. Юрка цэлымі днямі сядзеў каля прыбораў, а вечарамі хадзіў на станцыю або вандраваў у ваколіцах.

Ідучы аднойчы ўздоўж звілістага рэчышча Віці, хлопец спыніўся здзіўлены. На беразе рачулкі была навалена вялікая куча бярвенняў, гарэў агонь, а некалькі цесляроў бязладна цюкалі сякерамі. Юрка падыйшоў бліжэй і ўбачыў невысокага дзядзечку, які, відаць, камандаваў усёй гэтай работай.

Дзён праз колькі невысокі дзядзечка, у якога было смешнае прозвішча Глыба, сам завітаў на метстанцыю.

— Дык, кажаш, пагода будзе? — зірнуўшы на барометр, спытаў ён у Юркі. — Ды толькі ці надоўга?

— Ціск нармальны, — адказаў Юрка. — Пагода, магчыма, утрымаецца.

— Я да Пеўніка прышоў, але можа і вы мне паможаце, — пачаў, нарэшце, Глыба. — Падводзіць нас сельэлектра: абяцалі прыслаць гідратэхніка і не прысылаюць.

— Якога гідратэхніка? — Юрка падняў ад папер галаву і здзіўлена пазіраў на Глыбу.

— Электрастанцыю ж мы ладзімся будаваць. На Віці, можа бачылі, бярвенняў навазілі. То хаця б да сенакосу абводны канал пракапаць. Замер дык яшчэ летась зрабілі і чарцяжы прыслалі ўжо. Але ж я адзін магу і не так зрабіць, магу памыліцца. Я ж працую толькі прарабам...

Юрка паглядаў на прараба вясёлымі і зацікаўленымі вачыма.

— Можа памагчы і Пеўнік, магу і я, калі хочаце, — смела сказаў Юрка. — Гідратэхніку мы два гады вывучалі, па ёй быў самы цяжкі экзамен.

— Канешна, — ахвотна згадзіўся дзядзечка. — Гэта ж не абы што. Толькі калі ж у вас будзе час? Я б прышоў к вам, гэта ж недалёка...

— Заўтра, — сказаў Юрка. — Я скажу Пеўніку, ён пусціць.

Думка аб тым, што на Віці пабудуюць электрастанцыю, вельмі спадабалася Юрку. Дзядзечкава просьба павысіла яго настрой, і ён адразу расказаў аб ёй Пеўніку, калі той з’явіўся дадому з вялікім бярэмем арэхавых кійкоў. Пеўнік выслухаў навіну спакойна.

— Пра гэтую станцыю размову пачыналі яшчэ пазалетась, здаецца. А пабудаваць можна, чаму ж не. Паглядзім...

Юрку ён пусціў да прараба без слоў. Назаўтра хлопец паімчаў на Віць з самага ранку, адмовіўшыся ад снедання, якое толькі ладзілася гатаваць Вольга Апалонаўна. Па беразе рачулкі ўжо крочыў прараб. У сельэлектраўскіх чарцяжах хлопец разабраўся лёгка, ды і Глыба, здаецца, разумеў іх не горш за яго. Абводны канал меркавалася пачаць ад алешніку, дзе, выскачыўшы на прастор, Віць рабіла ладны крук, свавольна пятляючы па сенажаці. Турбінная камера, трансфарматарная будка — усё гэта, згодна чарцяжоў, павінна было размясціцца зусім блізка ад метстанцыі.