— Канешна, — ахвотна згадзіўся дзядзечка. — Гэта ж не абы што. Толькі калі ж у вас будзе час? Я б прышоў к вам, гэта ж недалёка...
— Заўтра, — сказаў Юрка. — Я скажу Пеўніку, ён пусціць.
Думка аб тым, што на Віці пабудуюць электрастанцыю, вельмі спадабалася Юрку. Дзядзечкава просьба павысіла яго настрой, і ён адразу расказаў аб ёй Пеўніку, калі той з’явіўся дадому з вялікім бярэмем арэхавых кійкоў. Пеўнік выслухаў навіну спакойна.
— Пра гэтую станцыю размову пачыналі яшчэ пазалетась, здаецца. А пабудаваць можна, чаму ж не. Паглядзім...
Юрку ён пусціў да прараба без слоў. Назаўтра хлопец паімчаў на Віць з самага ранку, адмовіўшыся ад снедання, якое толькі ладзілася гатаваць Вольга Апалонаўна. Па беразе рачулкі ўжо крочыў прараб. У сельэлектраўскіх чарцяжах хлопец разабраўся лёгка, ды і Глыба, здаецца, разумеў іх не горш за яго. Абводны канал меркавалася пачаць ад алешніку, дзе, выскачыўшы на прастор, Віць рабіла ладны крук, свавольна пятляючы па сенажаці. Турбінная камера, трансфарматарная будка — усё гэта, згодна чарцяжоў, павінна было размясціцца зусім блізка ад метстанцыі.
Юрка прападаў цяпер каля Віці ўвесь свой вольны час. Удваіх з Глыбам яны абазначылі калкамі шлях абводнага канала, які павінен быў скараціць цячэнне ціхай рачулкі. Праз тыдзень на беразе Віці, як грыб-дажджавік, вырас дамок з абчэсаных сасновых бярвенняў. Ён весела пазіраў двума вокнамі на прыбярэжчыя лазнякі.
У нядзелю раніцай, толькі выйшаўшы за веснічкі, Юрка пачуў безліч галасоў. Азірнуўшыся, хлопец убачыў, як, збочыўшы з ляжнёўкі, у кірунку Віці ішло можа з сотню хлапцоў і дзяўчат. Наперадзе падскоквалі, апіраючыся на рыдлёўкі, стрыжаныя хлапчукі. Пеўнік выйшаў на ганак і таксама пазіраў на гэтую працэсію, прыклаўшы руку да ілба.
— Школа на суботнік прышла, — сказаў праз паркан яму Юрка. — Канал капаць будуць.
Юрка зайшоў у двор і, захапіўшы пад павеццю рыдлёўку, таропка пакрочыў да Віці.
На сенажаці, уздоўж роўнай лініі калкоў, ужо ўзляталі ў паветра камякі чорнай зляжалай зямлі. Гоман стаяў, як на кірмашы. Хлопец выбраў сабе дзялянку. Ён толькі паспеў зрабіць некалькі ўзмахаў рыдлёўкай, як пачуў за сваёй спіной знаёмы голас.
— Дажджу не будзе, Архімед? — хіхікала, стоячы ля хлопца, Люська. — А то я свой дажджавік забыла дома.
Юрка ўсміхнуўся, але не адказаў нічога. Толькі цяпер ён заўважыў, што забыў перамяніць туфлі. Ён іх купіў на лета, і яны былі амаль яшчэ новыя. Люська прыстроілася побач і, відаць, не хацела адставаць ад Юркі. Але ў яе ладзілася горш.
— Хутка Ніна прыедзе, — абыякавым голасам раптам паведаміла Люська. — На практыку, — дадала яна.
Юрка зачырванеўся і таму апусціў галаву, каб не заўважыла Люська. Ён сам думаў пра Ніну, але не хацеў, каб ведала гэтая лопатуха.
Юрка капаў спорна, так што Люська нашмат адстала ад яго. Нарэшце, ёй, відаць, абрыдзела капаць поруч з ім, бо хлопец маўчаў, як рыба, і Люська перабралася ў другое месца. Адтуль нёсся яе залівісты смех.
Юрка папрацаваў да знямогі. За дзень гуртам пракапалі добры кавалак. Ідучы дамоў, хлопец падумаў пра Ніну і не мог зразумець, аб якой практыцы гаварыла Люська.
Дні стаялі спякотныя, сонечныя. Наступіла, нарэшце, касавіца.
У адзін з тых дзён вечарам Юрка прыйшоў на станцыю ў Бабінавічы і сеў на лавачку. На перон выйшаў дзяжурны ў чырвонай шапцы. 3-за павароту быў ужо чуцён блізкі гул поезда. Праз хвіліну цягнік спыніўся з усяго разбегу, нібы ўкапаны, цяжка аддыхваючыся парай, і Юрка ўбачыў, як з другога вагона выйшла Ніна. Яна была не адна. Услед за ёй ішоў нейкі лысаваты чалавек з доўгімі чахламі ў руках. Юрка ўстаў з лавачкі і таропка пайшоў, не хочучы, каб Ніна пабачыла яго цяпер. Адыйшоўшыся ўжо да сцежкі, хлопец раптам пачуў ззаду знаёмы, пералівісты голас:
— Куды ж вы так спяшаецеся? — Ніна набліжалася да Юркі імклівай, лёгкай хадою.— Раскажыце хоць, што тут у нас новага.
— Нічога, — збянтэжана прамовіў Юрка.— Горача вельмі сёння. Магчыма, будзе дождж...
Дзяўчына звонка засмяялася і паглядзела на Юрку сваімі гарэзлівымі вачыма.
— А я на практыку прыехала. Ледзь адпрасілася сюды. Не хацелі браць...
— Дык вы яшчэ на Каўказ паедзеце? — спытаў Юрка ціха.
— Чаго на Каўказ? — Ніна зноў бліснула на Юрку вясёлымі вачамі. — Гэты таварыш, што са мной, з Міністэрства. Фасфарыты будзем разведваць. Мабыць, зноў адновяць тут фасфарытавы завод. Нашы студэнты яшчэ сюды прыедуць.
— Дык хіба ж з горнага тэхнікума сюды прысылаюць? — юркаў твар адбіваў, мабыць, поўнае замяшанне і неразуменне.
— Фасфарыты, гліна, торф — гэта ж таксама спецыяльнасць геолагаў. — У голасе дзяўчыны Юрка адчуў нейкую крыўду. — Як жа вы не разумееце...
Дамоў Юрка ляцеў, як на крыллях. Ён не заўважыў, як насунулася хмара, і не затуліўся пад засень бяроз, калі, нібы з вядра, лінуў дождж. Апамятаўся хлопец толькі тады, калі падыйшоў да канца ляжнёўкі. Дождж суняўся, а на беразе Віці пабліскваў агеньчык. Юрка подбегам накіраваўся туды. Побач з домікам быў пабудаваны ўжо і шалаш, а ў ім гарэў агонь. Ля агню сядзелі Глыба і яшчэ трое і курылі.
— Што ж ты, брат, пра надвор'е гадаеш, а сам мокрым ходзіш, — сустрэў Глыба Юрку.
— Ды так, прамок...
У шалашы ішла свая размова, і Юрка не хацеў яе перабіваць.
— Да восені, можа, і закончыцца наша работа, — гаварыў дзядзька, што сядзеў у самым кутку шалаша. — Сілы шмат трэба, а карысці вялікай можа і не будзе. Ну, электрыку правядзем, пілараму, можа, паставім. Трыццаць нашых кіловат — гэта ж табе не сталінградская электрастанцыя, свет імі не перавернеш. Віць жа табе не Волга...
— Ты, Архіп, усё ныеш, ныеш... — умяшаўся Глыба. — Ну, хто ж раўняе Віць з Волгаю... Ты падумай лепш, колькі такіх рэчак, як наша Віць, дарэмна цячэ. Ага... Пабудуй на кожнай электрастанцыю, ды складзі ўсю энергію разам. Вось табе і Сталінградская ГЭС, дый ці адна яшчэ будзе?
Юрка прыйшоў дадому і, не распранаючыся, прысеў ля стала. Яму хацелася нешта зрабіць. Усе ўражанні дня спляліся, пераблыталіся ў адзін клубок і не давалі хлопцу спакою. Нарэшце Юрка ціхенька высунуў шуфляду стала і дастаў сшытак. Ён вырваў чысты лісток і пачаў таропка пісаць. Пісаў ён ва ўпраўленне. Юрка прасіў нікуды яго з Віці не пераводзіць, а яго ранейшую заяву прыслаць яму назад.
«У Вольгі Апалонаўны жыць больш не буду», — мільганула думка, і хлопец узрадаваўся ёй.
У суседнім пакоі шуршэў паперамі Пеўнік, ён складаў зводку за дзесяць дзён. Юрка выйшаў на ганак і падставіў разгарачаны твар свежаму начному ветру. Ціха булькала пад навісшымі алешынамі Віць, а адтуль, з шалаша, бліскаў вясёлы агеньчык.