Выбрать главу
Ні тэлеграмы і ні крыку, I тэлевізар быў спагадны — Там фільм круціўся пра каханне, Раптоўнае і назаўсёды.
Вярталіся жанчыны з саду, Пад пахай несучы пасцілкі, А па сабе пяшчоту сонца I цень купальнікаў нядрэмны.
Былі хвіліны, і маўчанне Нас разлучала ненадоўга, Мы зноў гаворку пачыналі, Нібы прасілі прабачэння.

МАГЧЫМАСЦЬ ЗБАВЕННЯ

Люблю адзіноту, Люблю адзіноту скразную, Да шляху падобную ў вырай Праз далеч сваю і чужую. У той адзіноце, Як стома, Жыве спамінанне Пра страты малыя, Пра клопаты I пра каханне. Ах, тое каханне — Святло невядомае зоркі... На сцежкі кладзецца чужыя I родныя песціць пагоркі. Ах, клопаты-страты, Як рух безупынны да волі — Да раніцы весняй, Што ў родным сустрэнецца полі. Ратуй ад здранцвення, Мая адзінота скразная. У руху — збавенне I далеч свая і чужая.

ЯБЛЫНЯ

Мячом футбольным па галіне! Дзіця няцямнае, дзіця. Яно смяецца, што ляцяць Пялёсткі. Цвет ружовы гіне.
Тае бяды, такі узрост... Душа чысцей ад кветкі чыстай, I ці садоўніка ў ёй лёс, Ці лёс і радасць футбаліста? —
Ніхто не вызначыць пакуль...
I толькі яблыня адзначыць, Што спеюць кропелькі пакут У кожнай забаўцы дзінячай.

ХАРАСТВО ІМПРАВІЗАЦЫІ

Акцёру, які закашляўся, Падам шклянку вады I выключу тэлевізар.
Удзячны акцёр Мусіцьме вярнуць парожнюю шклянку Суседзям — Яны на гэты час Будуць глядзець спектакль.
Шклянку мне аддадуць І скажуць, Што акцёр вельмі выбачаўся За свой раптоўны кашаль I што мая ўвага Надала ўсяму спектаклю Хараство імправізацыі.