Выбрать главу
Усё цаніў, не грэбваў I спевам вераб'я. Даёнкі, бойкі, цэбры I жлукты вырабляў.
Ахвочую на моду Да пеўневых галоў, Дубовую калоду На клёпкі ён калоў.
У працы ведаў меру I для танчэйшых спраў, Адсунуўшы сякеру, Шаршэтку-гэблік браў.
У рухах нетаропкі, У стружкі пот зганяў, Да аднае — ўсе клёпкі На спусту падганяў.
I клёпкі ў крузе шчыльным Адна адну плячом Сціналі пад ляшчынным, Надзейным абручом.
Пусціўшы пры даробку У бочку струк які, Хапаўся ён за склобку І вычышчаў струкі.
Каб не цякла, не лішне Набоічам наўскос У шчыліну на днішчы Утрамбаваць рагоз.
У шчыліну-разору... I днішча наўскасы Прыладжваў у атору На доўгія часы.
Сцякала стома з цягляў На тванныя карчы. Нацягічам нацягваў Тугія абручы.
Па абручах, па новых, Як глухаваты гром,— Набоічам кляновым, Драўляным малатком!
Усё рабіў, як цацку На продаж ці ў музей,— Максімавіч па бацьку, Па імю Аляксей.
Праз чэрвеньскія травы Салдацкаю ступой Дайшоў да пераправы На чорны бераг той...
I жалю цень пярэсты Паслаўся ў дол яму: «Каму сваё майстэрства Ты перадаў, каму?»
I чулася: «Нікому... Вайна так неўспадзеў... Ні хлопчыку малому, Ні дзеду не паспеў».
Амерычкі, еўропкі... Вайна так неўспадзеў... На згубленыя клёпкі Цень атаму асеў.
Ужо выразным край стаў Бяды, таму крычы, Каб нейкі новы майстар Сцяў клёпкі ў абручы.
Крычы, каб паяднацца У шчыльныя рады З бунтоўнасцю юнацкай Супроць тае бяды.
Такому верны бунту I ўсёй зямной красе Мой дзед, палескі бондар I воін — Аляксей.

ДВА ВЕРШЫ

1
Згорнутыя пялёсткі шольсіі Нагадваюць жоўты сцяжок чыгуначніка. Гэта з маіх назіранняў, З таго часу, калі, Прыехаўшы з Масквы, Я ішоў да маці ў гарод Паглядзець на краскі, На спелыя струкі белага бобу, Які маці абрывала ў запінку.
Мне патрэбны былі параўнанні, Бо так нас вучылі Ў Літаратурным інстытуце. I я параўноўваў краскі з тымі рэчамі, Што былі ў двары Або за нашым плотам.
I параўнанняў было багата, Столькі ж — Колькі красак у давыд-гарадоцкіх Гародах. А засталося з пары вучнёўства Толькі тое, Што ў братак — Злыя пыскі кацянят, А жоўтыя пялёсткі шольсіі — Згорнуты сцяжок чыгуначніка. I параўнанне гэтае Мяне заўсёды супакойвае Перад кожнай дарогай.
2
За хатай шольсія цвіце, I кружыцца пяро ля долу. У правай матчынай руцэ Хвост надзімае дзікі голуб.
А ў левай коршак малады Пагрозна шыю выгінае... Пяро зляцела да грады — Чыё яно? Ніхто не знае.
Дурненькі коршак малады I дзікі голуб дурнаваты, Два ворагі і два браты, Якой чакаеце вы раты?
Вас маці выпусціць. Пасля — Па тым, чыё пяро, Спазнае, Што у сыну больш: Дабра ці зла? I слёзы ў шольсію схавае.

ЗА РАКОЮ

Мамачка, Давай мы пагаворым I пра тое, як раней было, I пра тое, як глядзелі зоры На акуты куфар і вясло.
Я вяслую, Ты глядзіш на бацьку... Цемра адбягае ад вясла, I тужлівай робіцца знянацку Ноч вады, жыцця і хараства.
Ноч зайцоў і вучаных мядзведзяў, Бубны хочуць з бору уцячы, I цыганскі месячык угледзеў, Што вязём мы куфар уначы. Мамачка, Дзе твой настрой вясёлы, Вось і лодка ціха прыстае, I скрыгочуць куфравыя колы Па пяску, ламаччы і траве. Вось і ён, Начны і неабжыты, За ракою, Як за лёсам, дом, Але ж нешта гэты дом набыты Думкі твае студзіць скразняком.