ЧАМУ...
А ўсё таму, што мала я кахаю,
А ўсё таму, што надта я люблю
Даверыцца раптоўнаму дыханню
Пяшчоты і раптоўнаму цяплу.
Мой неспакой нікчэмны, і, здаецца,
Што ён знарок, але скажыце мне,
Куды ад гэтай радасці падзецца,
Што ўбачана ў тралейбусным акне?
Мой неспакой і драбяза адчаю,
Як сена жмак стамлёнаму валу,
А ўсё таму, што мала я кахаю,
А ўсё таму, што надта я люблю.
Куды, вандроўны дух, цябе завесці
Раптоўная спрабуе пекната?
Вісяць там дзверы на адной завесе,
I на сякеру тчэцца павута.
ЯШЧЭ РАЗ ПРА ПЕРШЫ СНЕГ
Нарэшце снег, літаратурна-белы,
На падваконні зазіхцелі бэры,
Што з воску злеплены,
I з нейкіх нітак шэрых,
I з лапікаў, накручаных без меры.
Ды выпаў снег, і зроку весялей
Да кожнай дробнай з'явы дакранацца.
Сняжынкамі насычаны алей,
I повен воск жартоўнага вар'яцтва.
ГАЛУБОК
Я сніў,
Што ў Давыд-Гарадок,
Як вечнасці позірк ласкавы,
Цукровы ляцеў галубок,
Прапахлы аерам і кавай.
Не проста паштовы які
Або фанабэрлівы дутыш —
Цукровыя хвост і бакі,
Як пеўнік на палачцы:
Купіш?
Счакаўшы начны зарапад
Пад стрэшкай гароху ці кропу,
Ён зранку імкнуўся
Па-над
Зялёнай, без пылу, Еўропай.
На беразе Рэйна пра Буг,
На Бузе аб роднай Гарыні
Ён марыў,
I воблакі пух
Яму на кубельца дарылі.
Расу выпіваў ля платоў,
Ля брамак трапляў яму пернік,
I з лапаў баварскіх катоў
Выдзёўбваў кафейнае зерне.
...Ах, сон! На вятрах-скразняках
Нясеш ты праяву якую?
Паволі ў наступных радках
Цябе разгадаць паспрабую.
Даруйце за даўні ўспамін —
Быў дзень веснавы, незабыўны.
Я ў хаце — адзіны сын,
I ўзрост у мяне прызыўны.
Назаўтра мне ў войска ісці,
Вядома ж, далёка ад дому,
А тут у праменні-трысці
Зляцеў галубок на салому.
Сусед-галубятнік:
«Пабач?! —
З веранды сваёй закрычаў нам.—
Чырвонае з белым...
Махнач!
Для вас проста голуб звычайны».
I бацька сказаў:
«Забяры,
Бо клопат мой зараз аб сыне».
Забраў...
I прыбег без пары,
Бо зноў галубок на адрыне.
Суседа няволіў здагад:
Чаму праз якую хвіліну
З ягонай веранды назад
Ляціць галубок на адрыну.
I нават да ранку трымаў.
Дарэмна паіў сырадоем,
Пад дзюбу падсоўваў дарма
I жыта, і проса рудое.
I крупы,
I ў сподачку джэм,
I сала...
Якое ж там трасцы
Яшчэ?
Галубок анідгем
Не даўся суседавай ласцы.
Ляці!
I шчаслівы махнач
Над нашым дваром закружыўся...
I плакала мама.
«Не плач! —
Сусед каля мамы спыніўся.—
Ты сына праводзь у жальбе,
А з блізкіх вышынь і здалёку
Дасць голуб раптоўны табе
На час развітання палёгку.
Упарты,
Ён, пэўна, адно
Нам сцвердзіць,
Што ведае волю
I неба
Бязмежнае поле,
Якога не ўмесціць акно.
Ад сына бяду адвядзе
I пусціць па свеце вадою.
Убачыш сябе ў той вадзе
Шчасліваю і маладою».
Не простае слова казаў,
Меў рацыю галубятнік,
Нібыта ў прарочы казан
Зірнуў, да дзівосаў прыдатны.
I той галубок малады
Спускаўся да мамы ў далоні.
Самаахвярны палоннік
Бацькам адслужыў два гады...
I з імі у снах лекацеў,
I разам да сонца гарнуўся,
Пасля паляцеў, паляцеў
I болей да нас не вярнуўся.
Праз далечы і туманы
Сачу галубоў я новых,
Ці ў ранішнім небе яны,
Ці ў небе яны вечаровым.
На шыльдзе шукаю любой,
На кожнай шукаю вітрыне,
Ці ўбачу цябе, галубок,
Як некалі на адрыне?