Па ценю яго, па высозным гарбе,
Ці муха паўзе, ці хвароба.
Ён шкло на сваім расцірае ілбе,
Да столі ускінуўшы бровы.
Не толькі мяне, нават муху трасе
I кідае ўніз ліхаманка.
Чакаю, а колы дажджу пакрысе
Штурхае ў рышток брукаванка.
Халоднае лісце сплывае туды,
Размоклы, абгрызены пернік.
Каштаны там нейкія ці жалуды
I словы, што кажа цукернік:
«Зусім не шкадую — хай бурыцца нэп,
Хай шыльдаў губляюцца крылы,
Хоць зараз аддам табе гэты мой склеп
З цукеркамі, дружа мой мілы.
А сам да людзей, як усе жабракі,
Ці дворнікам, спрыту ж даволі,
Хоць заўтра павешу на дзверы замкі —
Пайду падмятаць пляц Волі!
Шкадую дачку, праз яе гэты боль...
Дзіця — а яно ж адзінае,
На што спадзяецца жабрак і кароль,
Страчаючы дні дамавінныя.
Дзіця ў капялюшыку з дому сышло
На вуліцу красагуліцца.
На капялюшыку гэтым святло
I золь вераснёвай вуліцы».
Цукернік за пляшку бярэцца ізноў,
I кварта віном набракае,
I ланцужок яго болесных слоў
У жмені рыштка заціхае.
А там, дзе дажджу ацяжэла крыло,
Ваш тварык уедліва хмуліцца.
На капялюшыку спее святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I ў гэту цукерню не зойдзеце Вы,
Дзе шыльда з імбрычкам у місе,
Дзе крылы і мяккія лапы савы
З рагамі каровы спляліся.
Дзе з Вашай гульні калыхаюся я
На моцнай падманнай вудзе.
Шкадую цукерніка, але ўдвая
Шкадую, што Вас тут не будзе.
Пра Ваша імя, можа, ў бацькі спытаць,
Прызнацца... ў каго закаханы,
Я гэты падман Вам хачу дараваць
I тыя, што будуць, падманы.
Пазнаўшы хлуслівую душу здаля,
Да Вас, абнадзеены, рушу —
Скажу пра каханне сваё, а пасля
Да бацькі вярнуцца прымушу.
Калі ж у цукерні маркотна зусім —
Да нас, на рабфак запрашаю,
Па-над Беларуссю заводскі дым
Паплыве,
Над сялянскім краем!
Нам трэба вучыцца і працаваць
I новае бачыць наўкола —
Хутка, хутка па вуліцах празвіняць
Цяжкія трамвайныя колы.
I абломіцца дажджавое крыло,
I пагодным цяплом атуліцца
На капялюшыку Вашым святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I конаўка сонечнай сінявы
Напоўніць імбрычак у місе,
Каб з промнямі крылы і лапы савы,
I рогі каровы спляліся.
ШЧАСЛІВЫ МІГ
I клёны зімнія з карой зялёнай
Спрыяюць нам,
I цеплаваты снег
На той кары,
I ў далечы прымглёнай
Дзіцячы смех,
Што коціцца з гары.
Усё спрыяе нам —
I дзень стамлёны,
I вечара
Такі бязважкі цень,
I светлыя сарочыя праклёны —
Усё, усё...
Дык будзем жыць прасцей.
КОЛА
Цяжкое трамвайнае кола,
Адбегшыся з-пад вагона,
Паўз яткі, кавярні і школы
Імчала па Менску шалёна.
Забыліся дрогкія рэйкі
I ўпірлівы скрогат спынення.
Імчала па лісці клейкім,
Па мармуры і каменні.
Палохала балаголаў
I нэпманаў каля крамак.
Па бруку, па гною кола
Сабе вызначала напрамак.
Усё саступала дарогу.
Ад груку трымцела цырата,
Выплёхвалася на падлогу
Са сподкаў крутая гарбата.
Відэльцы і рэшткі вяндліны
Падскоквалі на цыраце.
Збіваліся ў гурбу гадзіны
На зрушаным цыферблаце.
Здавалася, пыльная ціша
Навек пакідала чытальні.
Часопісы, кнігі, афішы
Ад рук і вачэй адляталі.
На кола тэатры глядзелі,
Царква, дзе гучалі аканты.
За колам сачылі дзеці,
Студэнты і спекулянты.
Паэт Уладзімір Дубоўка,
Расхрыстаны і вясёлы,
Таксама выглядваў з натоўпу
Цяжкое трамвайнае кола.
У таўкачэчы-задусе
Прыгожы, задумны такі
Аб той, за мяжой, Беларусі
Губляў і знаходзіў радкі...