Янка Купала
Над ракою Арэсай
Замест уступу
Шмат злажылі казак,
I легенд, і песень
Людзі пра балота,
Пра сваё Палессе.
А не чуў я песні
Пра жыццё камуны,
Слаўных камунараў,
3 сваёй справы думных.
Як яны аддана
У глухое далі
Для ўсяго Саюза
Славы прыбаўлялі.
А не чуў я песні
I праўдзівых сказаў,
Што і камунаркі
Йшлі змагацца разам.
Як на топкім полі
Ў грамадзе рабочай
Сіл не шкадавалі
I красы дзявочай.
А не чуў я песні
Пра герояў працы,
Змусілі што багну
Сабе пакарацца.
Як, супроць ідучы
Цяжкасцей трывожных,
Выйшлі на шлях роўны,
Выйшлі пераможна.
I не чуў, не чуў я
Новых гулкіх песень,
Што пяе сягоння
Новае Палессе.
Аб мінулым
Крумкач глюгу звесіў
Над згніўшай калодай…
Прысніла Палессе
Мінулыя годы.
Былі тут калісьці
Багнішчы-балоты,
Ў дрыгве прэла лісце,
Асокі, чароты…
Ідзе чалавек там,—
Засмокча смугою,
Са стогнам і крэктам
Загіне з душою.
Звер блукае дзікі
Ў пагоды, ў імжакі,
Гусей дзікіх клікі,
Гадзюкі, вужакі…
Мядзведзь смокча лапу
Ў бярлозе санліва,
Лось высунуў храпу —
Шукае спажывы.
Дзік ходзіць з дзічыхай,
За ім — табун воўчы.
Ўсялякае ліха —
Ў дзень белы і ўночы.
Там-сям човен вузкі,
Нібы дамавіна,
Прасунецца ў грузкіх
Катлінах-багнінах.
Адно з вясной яснай
Палессе ускрэсне,
Спаткае няшчасна
Вясну і прадвесне.
Свой спеў салавейка
Ў галлі адшчабеча,
Аб шчасці жалейка
Гаротна ад'енча.
Скукуе зязюля
Адвечнае ку-ку,
Паліча бабуля,
Ці шмат яшчэ мукаў.
А там зноў магілай
Палессе замоўкла,
Зноў спіць яго сіла
Пад багнай пажоўклай.
А людзі? а людзі? —
Іх мала-нямала,—
Упаўшыя грудзі,
Бяда ўслед навалай.
Між топкіх багнішчаў,
На выдмах пясчаных,
Як на папялішчы,
Рад хат, бы курганаў.
Жывуць людзі ў хатах,
Плятуць сабе лапці,
Каб з торбай у латах
Пайсці жабраваці.
Пад шум бесканечны
Бярозаў і соснаў
Сахой недарэчнай
Аруць пясок млосна.
Іх розум балота
Трымае палонна,—
Красуе цямнота,
Растуць забабоны.
Легенды і казкі
Прыгонных законаў
Паўзуць мохам вязкім,
Багуннем зялёным.
Праз леты і зімы
Паданне йшло ў векі:
— Палешукі мы,
А не чалавекі!
Зашумела, загуло…
I
Зашумела, загуло,
Бы землетрасенне,
На палескае сяло
Найшло утрапенне.
Люду хмара наплыла,
Покліч птушны ўзвіўся,
Небам сіняя імгла…
Скуль яны ўзяліся?
Украінцаў тут гурма
Й старобінцаў нашых
Набрыло, як на кірмаш,
На багнаву пашу.
Безлік хлопцаў-звадыяк,
Дзядзькаў барадатых,—
Пілы вострыя ў руках,
Тапары, лапаты.
Што-та будзе тут цяпер?
«Нічога не будзе!» —
Хітра думалі ў чацвер
Палескія людзі.
А ў нядзелю, чуць зара,
Сякеры запелі,
Ад лапат балот кара
Рвецца ў тошсім целе.
Шум і гоман навакол,
Як на тым ігрышчы,
А лапаты рэжуць дол,
А сякера свішча.
Рыюць людзі топкі торф
У вадзе па пахі,
А у жылах бурліць кроў,—
Багна ім не ў страхі!
Яны знаюць, што ўжо так
Не быць, як калісьці,
Што пакінуць яны знак
Вялікай карысці.
За канавай — як струна —
Новая канаваі, —
Ўсе падобны, як адна,
I злева, і справа.
~ 1 ~