Выбрать главу
Аж тут абазваўся Громка Адзярыха: — Будзем мець чыгунку, Хай мне будзе ліха!
Служыў на заводзе Калісь я ў майстэрні, Склёпываў рысоры, Складываў шасцерні.
Вылажу й чыгунку, Будзьце ўжо спакойны. Усё, што належа, Зробім самастойна.
Пад яго камандай Пайшла справа гладка… I палеглі шпалы, Як за кладкай кладка.
Па іх рэйкі — шнурам, Як на скрыпцы струны. I ўжо ўсё гатова,— Карыстай, камуна!
Строіў Адзярыха Для працоўных масаў, Чырвонаармеец, Адстаўны да часу.
Не вучыўся ў ВТУЗах, Не быў інжынерам, Камунар быў толькі, На аўто шлях мераў.
3 тым ці іншым стажам, Але камуністы, Пралажыў чыгунку Па шляхах дрыгвістых.
*
Бягуць каляіны У сем кіламетраў, Цягнік — па калеях,— Адно свішчуць ветры.
Камунары пішуць — Стараюцца ўмела,— Што ўжо іх чыгункай Можна ездзіць смела.
— Прыедзьце, ўпішыце Ў дзяржаўны прыбытак, Правам узаконьце Новы наш здабытак.
Прыехалі «спецы»,— Як жа не прыехаць,— Пачалі дарогу Аглядаці нехаць.
— Як так? Дзе дазволы? — Пачалі адразу: — Хто форміў па форме Падрады, заказы?
— Хто месца адводзіў? Планаваў хто планы? Чаму цыркуляры Ў вас не захаваны?
I ўсё так бурчэлі, А зласней, чым далей, I не далі рады: Каляю прынялі.
*
Свіснуў раз, свіснуў два Шустры паравозік, I павёз, і павёз За возікам возік.
Ваганеткі бягуць Па рэйках чыгунных Туды ў «Сосны», ў саўгас Ад самай камуны.
Ад саўгаса назад У камуну едуць. Колькі радасці той, Трэба толькі ведаць!
То не жарт, то не смех,— Маюць на падмогу Ў гаспадарцы сваю Жалезну дарогу.
Ты кукуй, не кукуй, Зязюлечка-птушка… Камунарцы цягнік Празвалі «кукушкай».

VI

А на рэчцы на Арэсе Сталася прыгода: Ідзе наступ на балота 3 поўначы, з усходу.
Там красуе ўжо камуна На тарфянні бурым… Паляшук жа адзіночка Ўсё йшчэ бровы хмура.
Не хмурыся, добры дзядзька, Гэтак хмурна, сумна! Для тваёй жа лепшай долі Вырасла камуна.
*
А па рэчцы па Арэсе Бегае «маторка»; — Стары човен, як карыта, Пазірае горка.
Дажывае свайго веку На яве ўжо новай, Бо ўжо човен у Палессе Ўрэзаўся сталёвы.
Новы човен сілы повен, Гордасцю лялее… Паланеецца Арэса Чырвонай лілеяй.
*
А на рэчцы на Арэсе Тэмп узяты шпаркі: Камунары, камунаркі Глядзяць гаспадаркі.
Тут спаборніцтва ў пашане, Ударніцтва такжа, Кожны месца сваё знае, Бо іначай — як жа?!
Не пагаснуць для іх зоркі, Як дасюль не гаслі; Пашыраецца камуна, Пашырае яслі.
*
А на рэчцы на Арэсе Растуць акцябраты, Піянеры, камсамольцы — 3 бальшавіцкім гартам.
Расце змена камунарам Стойкім, гартаваным. Служыць будуць камунарству Як бацькі, аддана.
Не папусцяць сябе ў крыўду Ў буры, ў ліхалецці; Для іх цэлы свет — край родны Для іх сонца свеціць
*
А на рэчцы на Арэсе Будынкі, будынкі! Пахнуць соснаю смалістай, Пахнуць свежым тынкам.
Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы.
Днём іх сонца асвятляе, Электрыка — ўночы.. Так сабе сам іх пастроіў Камунар-рабочы.