Выбрать главу
*
А на рэчцы на Арэсе Многа, многа дзіва; Жывуць сабе камунары Весела, шчасліва.
Ды камуну сваю ладзяць, Каб што дзе ды лепей, Запяваюць гулка песні: — Калі хто зачэпе,
Ды час прыйдзе, ды паклічуць Да новай работы,— Пойдзем асушаць з вінтоўкай Пінскія балоты.

Саўгас

I

Мар'іна балота, Ніхто не ймець веры, Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры!
Мар'іна балота, Колькі ў табе красаў! На сабе гадуеш Камуну, саўгасы.
Мар'іна балота, Буйнае прыволле! Людзей сёння корміш, Даеш корм жывёле.
*
Ідуць рэхі ў светы Аб камуне цуднай, Што так забуяла Хутка, не марудна.
Ідуць рэхі ў светы… А тым самым часам Побач ля камуны Паўсталі саўгасы.
На прыселлі Сосны Адзін заснаваўся, На гіганта вырас, Адно дзіву дайся!
А другі — Загалле — Па той бок Арэсы Зацвіў на балотах, На тых пусталесах.
Сорак тысяч топча Пад сабой гектараў. Гэта вам не жарты. Гэта вам не мара!
Але я Загалля Не хачу узвышыць — Крытыкі хай лепей Пахвалу напішуць.
Лепш я сваё слова Адлажу на потым, Бо там непаднятым Пахне йшчэ балотам.
Сосны, мае Сосны! Спрадвеку раслі вы, Бачылі нямала У век свой нешчаслівы.
Паншчыну, лад царскі Бачылі вы, Сосны, Многа зімаў, летаў, Восеняў і вёснаў.
Бачылі каранне Убогага люду, Ланцугі на шыі, Голых трупаў груды.
Сосны, мае Сосны! Сягнулі далёка, Хоць расці над багнай Было вам нялёгка.
Выраслі ж вы буйна Усяго за тры годы, Горда узняліся, Забуялі горда.
Ці то сонца свеціць, Ці то месяц ясны, Вам смяецца неба Весела і шчасна.
Сосны, мае Сосны! Для вас яшчэ далей, Як у той камуне, Ляглі магістралі.
На вашых палетках Калектараў болей, Болей і дрэнажаў Перасекла поле.
Тарфяное поле, На якое ўчора Чалавек баяўся Выйсці з сваім горам.
А сягоння смела Спяшыць за машынай Па сухой раўніне… Як гэта ўсё дзіўна!

II

Я не буду ўнутр залазіць Падзеяў саўгасных, Апішу толькі, што бачыў Болей-меней ясна.
Аб брыгадах аб ударных Ўспомніць добрым сказам Аб рабочых, трактарыстах — Можа іншым разам…
Тут пачну я апісанне, Як пішацца ў казках, Бо іначай не выходзіць,— Слухайце, хто ласкаў!
За гарамі, за даламі, Ў балотах пустынных Паўставала, вырастала Новая краіна.
Непраходныя былі дзе Балотныя гаці — Там красуюць, там буяюць Нівы, сенажаці.
Поле роўнае такое, Бы стол габляваны, Толькі, дзе самая ферма, Высіцца паляна.
Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені познай Пяе поле трактарамі Весела, пагрозна.
Дзве чыгункі на саўгаскім Сходзяцца вакзале; Свішчуць, граюць паравозы, Аж чутно ў Загаллі!
То прывозяць, шмат прывозяць Па жалезных шынах — Угнаенне пад насенне, Трактары, машыны.
То вывозяць, шмат вывозяць Грузаў вельмі цэнных: Пянькі многа, бульбы многа, Найболей жа сена.
А ў ім колькі інвентару Вартасці вялікай — Нежывога і жывога, Не знойдзеш і ліку!