— Хто ідзе? — хрыпла крыкнулі Ільзе ад белых шатроў, ледзь перакрываючы ўдары цяжкіх кропляў ды грымоты. Вой у чырвоным плашчы паверх блішчастага панцыра было ледзь відно за палосамі дажджавой вады.
— Паварочвайце, — сказаў вой. — Не чулі, ці што? Цмок!
— А я на таго цмока і палюю! — упэўнена адказала Ільга.
— Ну-у? — здзівіўся вартавы, нават прысвіснуў. Азірнуўся неяк бездапаможна, быццам шукаючы парады ці падтрымкі, і таропка адсунуўся, саступаючы месца камусь мажнаму ды медзведзяватаму. Ільга закінула галаву і далёка наверсе разгледзела цёмную кучаравую бараду.
— На цмока? — прабасіла з барады. — Хто? Ты, дзеўка?
— Я, — Ільга выпрастала плечы. З барады пырснула кароткім здзеклівым смехам — як сабака забрахаў. А пасля барада спусцілася ніжэй, бо ўладальнік яе нахінуўся, каб лепш разгледзець Ільгу. Тая змрочна ўтаропілася ў крывы гарбаты нос, што вытыркаў з барады, і маленькія шэрыя вочкі. А бараты гаварыў так:
— Ну, во толькі цябе нам і не хапала, дзеўка. Зусім, бач, не ведалі, што і рабіць — а тут, каб цябе трасца, такая дапамога. І як, хвароба яе вазьмі, клятая мамка цябе з-пад спадніцы сюды адпусціла?
— Я іду з Лыцавіч, — холадна прагаварыла Ільга. — Тры дні ўжо іду за гэтым цмокам. Па яго галаву іду.
— Дык ты. з Лыцавіч? — бараты прачысціў горла. — З тых, што пагарэлі ўшчэнт?
Ільга кіўнула. Барада ўздыхнуў — як кавальскія мяхі — і прашыпеў невыразную лаянку.
— Ну, то хадзем, дзеўка, — запрасіў, махнуўшы агромністаю рукою на шацёр. — Хаця б абсохнеш, ці што.
І пагрозліва гыркнуў зверху на вартавога, якому Ільга перадала аброць пярэстай:
— А ты, каб цябе трасца, глядзі мне тут.
У шатры цьмяна гарэлі свечы, мяккія цякучыя цені слізгалі па вялікім круглым шчыце са старанна вымаляваным гербам — чырвоны мядзведзь, што трымае белы рог. На пасцеленых ваўчыных шкурах быў з непрыхаванаю любасцю ўладкаваны доўгі меч, на клінку якога цьмяна паблісквалі руны. Йурая ад гэтага відовішча злёгку перасмыкнула: ці то гэтак уразіўся шматлікімі ваўчынымі скурамі, ці то меч быў не абы-які, а з заклятага халоднага жалеза. На груба скалочаным стале пасярод шатра расклалі мапу, прыціснуўшы краі пергаменту цяжкім кубкам, паляўнічым рогам і свінцовай гербавай пячаткай з мядзведжаю выяваю.
Барада цяжка сеў на дубовую калоду, паглядзеў з-пад кусцістых чорных броваў уважлівымі вочкамі.
— Тамаш Дубыніч, — назваўся. — З Вугеркі. Князеў брат. А ты, дзеўка з Лыцавіч?
— Ільга.
Шэрыя вочкі спыніліся на Йураі. Дубыніч незадаволена цокнуў языком.
— Ідзеш па галаву цмока і цягаешся з не-людзем. Трасца, дзеўка, я нават і не ведаю, што горш.
— О, і не даведаешся, — нявінна азваўся Йурай. — Асабліва пра першае.
Ільга штурхнула языкатага паэта локцем. Дубыніч выскаліўся, паказаўшы рэдкія жаўтаватыя зубы.
— Бач, — працадзіў. — Размаўляе тут яшчэ.
— Гэта мой памагаты, — паспешліва ўклінілася Ільга. — Мой сябар.
Дубыніч засмяяўся на свой лад, сіпла і гаўкліва. Пасля пазмрачнеў.
— То гэта не-людзь напеў табе ў вушы, быццам ты зможаш забіць цмока? Ды яшчэ зусім адна?
— Не адна, — важка вымавіў Йурай. Дубыніч грэбліва звузіў вочы.
— Чаму вы тут? — спытала Ільга нецярпліва. — Цмок жа засеў у лесе.
— Думаем, — адказаў Дубыніч, скрывіўшыся.
Думалі яны, як выявілася, з заўчорашняй раніцы. Уночы ў небе над Вугеркай варта заўважыла цмока. Вырашылі: трэба прасачыць за пачварай.
— Бачылі тое папялішча на месцы Лыцавіч, — Тамаш Дубыніч патрос барадой. — Частцы сваіх вояў я загадаў застацца з пагарэльцамі. Буданы памагчы зладзіць, упаляваць там чаго.
Ільзе перахапіла сутаргай горла.
— Дзякуй, — ледзьве выціснула з сябе.
— Тут дзякуй, дзеўка, не дзякуй, усё адно, — Дубыніч пакруціў крывым носам. — У логавішча цмокава лезці — смерць, гэта ясна. Я сваіх людзей, бач ты, у цмокаву пашчу кідаць не надта ахвочы. Во і сядзім. Была адзін час думка — лес падпаліць, каб гада выкурыць адтуль.
— Глупства ж чыстае, — чмыхнуў Йурай. Дубыніч зноў ашчэрыўся на яго і з пагрозлівым хрустам размяў магутную шыю.
— Агнём звера ніяк не выкурыш, — таропка патлумачыла Ільга. — І праўда, глупства: цмокі ж цеплалюбівыя. Гэты яшчэ й вогненны.
— Цеплалюбівыя яны, трасца іх вазьмі, — недаверліва прабурчаў Тамаш. — Нос яшчэ не дарос, а, бач ты, цмокавую завядзёнку яна ведае.
Ільга падышла да мапы на стале, асцярожна адсунула ўбок княскую пячатку. Павяла па выявах і паметах пальцам, уважліва аглядаючы ваколіцу.