Бязгучна вынырнуў з цемры Йурай, прысеў на бервяно побач. Пакінуў быў лютню і знік кудысь, як у ваду кануўшы, а зараз зноў з'явіўся — з самым спакойным тварам. Здымаў з доўгіх рукавоў прысталае лісце, паглядаў на агонь, ціхенька насвістваў.
— Вядома, хадзіў і глядзеў, — адказаў на Ільзіна пытанне ў сваёй звычайнай манеры. Тая адно галавой пахітала, але не здзівілася і не пакрыўдзілася: неяк прызвычаілася.
— І што ўбачыў?
— Што ж, мост там сапраўды ёсць, — адказаў Йурай, з асалодаю пацягваючыся. — Каменны. І сапраўды лядашчы. Ад цмокавых пячор вярсты тры. Але гэта напрасткі.
— То бок, гэта для ваўка там тры вярсты, — прабурчала Ільга. Паэт паківаў, зірнуў на Ільгу — і ўсміхнуўся ледзь заўважна, самым краёчкам вуснаў.
— Паспі, чалавечае дзіця. Ночы слепяць вочы, а раніца — зладзіцца.
Сонная Ільга ўпотайку пазяхнула ў кулак.
— А сам? — спытала строга. — Зноў жа бегаў ваўком абы-дзе. Стаміўся, мусіць, як... хм... сабака?
Йурай запляскаў у ладкі.
— Анічога ад цябе не схаваеш, — заўважыў весела. І дадаў мягчэй: — Спі, Ільга, спачывай. Заўтра доўгі-доўгі дзень.
Ільга сяк-так прыладзілася на пасцеленым на траву плашчы, скруцілася, падклаўшы руку пад шчаку. Прыплюшчыла вочы — і адразу ж рэзка правалілася ў сон, цёмны і глыбокі, як начное неба, без сненняў — і трывожных, і радасных. Прачнулася таксама рэзка, прахапілася ў адзін момант, быццам нехта штурхануў, быццам і не спала зусім. Вогнішча апала, полымя сышло ў вуголле, адпачывала ў прыску. Па зямлі адчувальна цягнула халадком і пахам попелу, ныла спіна, і галава была мутная ад кароткага сну. Яшчэ не развіднела як след, але па даляглядзе на ўсходзе ўжо прайшла светлая палоска, якая ўсё шырылася, ружавела, а зоры дрыжэлі, цьмянелі, знікалі. Саступалі месца новаму дню.
Йурай сядзеў тут жа, зусім побач, нібы і не кранаўся з месца, важдаўся са сваёй лютняй, схіліўшы светлую галаву. Лютня ціхенька дзынкала, шчодра рассыпаючы прыгаршчы спеўнай сярэбранай вады, а незадаволены паэт моршчыўся, хмурыўся, шаптаў засяроджана:
— Не тое. Не так! З-зараза.
І спеўная вада слухмяна адкотвалася назад, зноў звівалася ў мудрагелісты ўзор, зноў рассыпалася, вірыла, узвівалася. Мусіць, падобна гучала чароўная музыка над возерам — у Ільгі ад аднаго ўспаміну закруцілася ў галаве, бо ажыло рэха той песні пад зводам чэрапа.
Добра было ляжаць вось так, зябка скурчыўшыся пад плашчом, ля згаслага вогнішча, глядзець праз прымружаныя веі і слухаць ціхуткую музыку, заключаную ў кола бясконцых паўтарэнняў. І не варушыцца, і нават дыхаць цераз раз, каб нічым не выдаць сябе, каб ціхмяны спеў мог падоўжыцца, патрываць яшчэ хаця б трошачкі.
— Ну, добрай раніцы, — раптам няголасна сказаў Йурай, не падымаючы галавы. — Трэба ўставаць, Ільга. Час.
Яна падскочыла ад нечаканасці, паружавела і села, затрэсла галавой. Воі з Вугеркі таксама ўжо не спалі — перагукаліся, перакідваліся жартачкамі і лаянкаю, згортвалі шатры, сядлалі коней. Ільга, пазяхаючы, неслухмянымі рукамі скруціла плашч, пайшла па роснай траве да пярэстай, што пасвілася непадалёк. Кабылка заржала прывітальна, сунулася носам ёй у плячо, старанна вымагаючы пачастунак.
— Потым, — паабяцала Ільга. Пярэстая з'едліва чмыхнула — мусіць, паспела набрацца ганарыстасці ў аднаго паэта з Курганова Поля.
Дубыніч, падобны ў ранішнім паўзмроку да жывога пагорка, адно з ускудлачанай барадой, ужо ў поўным узбраенні цяжка тупаў вакол коней. Пакрыкваў, падганяў сваіх малойцаў, нават пагражаў камусь кулаком. Пабачыў Ільгу і прыпыніўся, паважна кіўнуў са сваёй вышыні.
— Будзем, дзеўка, спадзявацца, што ўсё зладзіцца.
— Будзем, дзядзька, — адгукнулася яна, пагладжваючы пярэстую па шаўковай шыі. Дубыніч гучна засоп, нават раскрыў быў рот, каб нешта сказаць, але ў самы апошні момант перадумаў.
— То стрэнемся на Калінавым мосце, — кінуў толькі, нейкі прыцішаны і пахмурны, як стылы восеньскі ранак.
Затрубілі ў баявы рог. Гарачыя шэрыя коні хрыпелі, закідваючы галовы, білі капытамі, прадчуваючы дарогу. Вершнікі з Вугеркі, усе ўкрытыя чырвонымі плашчамі, са сваімі мядзведжымі шчытамі за плячыма, урэшце крануліся з месца — з шумам, тупатам, свістам. Ехалі на захад, да зялёных узгоркаў, аб'язджаючы цмокаў лес па дузе, і хутка зніклі, расталі ў прыцемку. Ільга колькі часу глядзела ім услед, кусаючы вусны, адчувала сябе да крыўднага маленькай і слабой. Пасля прыкрыла вочы і глыбока ўдыхнула, прагна ўцягваючы ў сябе водар вільготнага лугу.
— Хадзем, — мякка мовіў Йурай, паклаўшы ёй руку на плячо. — Час.
Пайшлі.
Цмокаў лес набліжаўся быццам сам па сабе, незалежна ад Ільзіных высілкаў, быццам па сваёй волі — спачатку на крок, а там — і на два, і на дзясятак. Разрастаўся наперадзе, шырыўся, пакуль, нарэшце, не раздаўся ў бакі, распаўшыся на асобныя дрэвы — ясені, елкі, хвоі, на зараснік у падлеску — шызыя трапяткія парасткі асіны, пахкія белыя воблакі чаромхі, разное лісце малінніку. І рассыпаўся на колеры, пахі, птушыныя галасы, аглушыў і збянтэжыў. Ільга неяк падсвядома чакала жудаснага мёртвага месца, з асмаленымі галінамі, з павыпаленай зямлёй. А лес — жыў.