Матылі, белыя, пунсовыя і сінія, кружылі над чарнічнікам паабапал зарослай дарогі, падалі на ружовыя і блакітныя пралескі, на нясцерпна-жоўты чыстацел. Там — адпачывалі, паважна дыхаючы крыльцамі. За сцяною ядлоўца, сыта парохкваючы, праходзілі са сваімі вісклівымі вывадкамі дзікі. Слізгалі пад зарослыя сырым мохам карчажыны ціхія вужы, глядзелі са сваіх сховаў уважлівымі вачыма-пацеркамі. Бессаромна бразгаталі рудыя сойкі, з рэзкім свістам пераляталі з галіны на галіну асцярожныя вяхіры. Кукавала зязюля — сонна, няўпэўнена адлічвала чыйсьці гады. Заблытвалася, прыпынялася, задумваючыся на імгненне, і пачынала нанова.
Лес жыў спакойным і размераным жыццём. Як быццам і не хаваў у нетрах крыважэрнага драпежніка. Або, магчыма, гэты драпежнік таксама быў часткаю ляснога жыцця — як і любы іншы драпежнік, хоць танканогі воўк, хоць вастравухая рысь, хоць непаваротлівы мядзведзь. Ільга сутаргава павяла плячыма, толькі задумаўшыся над гэтым.
Чым глыбей у лес, тым болей было пазнак змяінай прысутнасці. Спачатку зніклі птушыныя галасы і дзелавітыя крокі звяроў — усе тыя галасы, увесь той няспынны кіпучы рух, якім толькі што быў ахоплены лес. Пасля адчувальна пацягнула гарам, і ў хуткім часе зеленаватае лясное святло адступіла. Наперадзе чарнеў прагал — той прадбачаны, выпалены, маўклівы, мёртвы, а пасля зялёнай лясной таўкатні — яшчэ больш жудасны. Быццам вяха на шляху да цмокавых пячор, быццам напамін пра злавеснага звера ў самым сэрцы леса.
— Адсюль ён узлятаў, — Йурай агледзеўся, крануўся рукою зламанай абгарэлай хвоі. Ільга, акінуўшы вачыма паваленыя, як ад буры, дрэвы, толькі сціснула кулакі і рушыла наперад.
За паласою абгарэлых дрэў зноў радасна зелянеў лес, але цішыня пад яго полагам была, здавалася, яшчэ больш густою і цяжкою. Дробныя часцінкі попелу насіліся ў паветры, пахруствалі на зубах, набіваліся ў нос, у вочы, настойліва ліплі да скуры. Падала голас вада — то зарослы багуном лясны ручай, схаваўшыся ў неглыбокім яры, бадзёра скакаў у рэчышчы з чырвонай гліны.
З асцярогаю спусціліся на дно яра і пакрочылі следам за вадою. У гліне ля звонкай плыні Ільга ўхапіла звыклым вокам і ямінкі ад капыткоў казуль, і клінапіс птушыных слядоў, і выразныя частыя адбіткі лісіных лап. І яшчэ, паверх усіх астатніх, іншыя, незнаёмыя сляды — трохпальцыя, глыбокія, у тры Ільзіны далоні даўжынёю.
— Праходзіў тут колькі разоў, мабыць, на вадапой, — прагаварыў Йурай, вывучыўшы сляды. І дадаў паўшэптам: — Ужо блізка.
— Блізка, — рэхам паўтарыла Ільга.
Пайшлі як мага цішэй па трохпальцых слядах — цмокаваю сцежкаю. Хутка ручай вільнуў, пераскочыў цераз асклізлыя альховыя карані, упарта пракладаючы сабе дарогу праз рознакалёрны друз, нанесены працавітаю вадою. За каменным россыпам маячылі чырвоныя скалы — добра ўкрытыя зелянінай, зарослыя травою ды мохам. Некалькі маладых хвоек ускараскалася на самы верх, гайдала слабымі галінкамі, быццам ад ветру.
Але ветру тут не было — гэта цяжка дрыжэла сама зямля, мерна скаланаючыся.
— Нібы. дыханне, — прагаварыла Ільга. І — зразумела.
Пад чырвонаю скалою чарнеў цмокаў ход — агромністы правал у цемру. Трохпальцыя сляды спярэсцілі чырвоную гліну перад пячораю, так што іх можна было чытаць, як кнігу. Ільга адрозніла і досыць свежыя сляды, яшчэ выразна акрэсленыя, і даўнія, з акругленым краем, паўсцёртыя, запоўненыя дажджавою вадою ды ігліцаю. На некалькіх блізкіх хваінах — на вышыні двух-трох яе ростаў — заўважныя былі сляды кіпцюроў ды падпаліны, а да смалы там і сям прысталі невялікія залатыя лускавінкі.
З цемры патыхала невыноснаю гарачынёю, ад якой спірала дух і слязіліся вочы, і душным трывожным звярыным пахам. І тое, і другое надта занепакоіла пярэстую: кабылка забілася, заржала тоненька, баязліва. Йурай ласкава пакудлаціў пярэстую па галаве, шапнуў штось на вуха — і тая вокамгненна прыціхла, супакоілася.
— А з цмокам? — шапнула паэту Ільга. — Што, з цмокам гэтаксама зрабіць нельга?
— О, хочаш праверыць? — таксама шэптам адказаў ён з заўсёднаю сваёю кпліваю усмешкаю. Ільга паціснула плячыма. Падумала: наўрад цмоку спадабаецца, калі Йурай паспрабуе яго пагладзіць. Ды і каб шапнуць штосьці змею на вуха, паэту давядзецца ўскараскацца на хвою. І, вядома, папярэдне вельмі ветліва папрасіць таго стаяць на адным месцы ўвесь гэты час.