І, падумаўшы так, Ільга шчыра сама сабе ўразілася — якія ж дурныя рэчы лезуць у галаву.
— Эт, усё лухта, — прамармытала сабе пад нос. І ўспомніла: хтосьці казаў тое самае. Даўнодаўно. Быццам у мінулым жыцці.
— Не бойся, — шапнуў Йурай — здаецца, усхваляваны. Ільга павяла плячом і адказала вельмі спакойна, трохі здзіўленая, што ён не разумее відавочнага:
— Я не баюся.
І лёгкім крокам пайшла да правала ў цемру, які струменіў гарачыню. Хітра звіўшы пальцы — так, як калісьці яшчэ бацька вучыў, — свіснула радасна, звонка. Раз, другі, трэці.
Ажно пакуль поўная гарачыні цемра не адазвалася пранізлівым, аглушальным свістам.
І зямля застагнала, задрыжэла, забілася дажджавая вада ў звярыных слядах — адгукаючыся на глыбінны рух, на цяжкія крокі.
З непрагляднай цемры спачатку вырвалася цэлае воблака нясцерпнай гарачыні, змешанай з гарам ды звярыным смуродам. Ільга закашлялася, закрыла твар рукою. І з-пад далоні, халадзеючы, пабачыла, як пашча пячоры выплюнула агромністы цень, што засланіў сонца.
Зыркім злым золатам успыхнула, асляпляючы, луска, касцяныя грэбні горда ўзняліся вышэй за лес, працялі неба, а за грэбнямі разгарнуліся, хвостка ўдарыўшы стылым ветрам, магутныя крылы, падобныя да кажановых. Перакотваліся пад лускаю таўшчэзныя канаты мышц, поўныя неўтаймаванай сілы, даўгія кіпцюры глыбока ўпіліся ў чырвоную гліну. Кольцы звівастага хваста, усеянага вострымі шыпамі, з вусцішным шаргаценнем папаўзлі амаль пад ногі Ільзе. А на доўгай гнуткай шыі, увенчаная каронаю рагоў, сядзела выцягнутая сухая галава з паўраскрытаю пашчаю, поўнай вострых іклаў.
І глядзела гэтая галава ўважлівымі барвовымі вачыма, і пагрозліва сычэла, выпусціўшы вострае атрутнае джала.
Ільга зніякавела, спынілася. Глядзела — і не магла адарваць пагляд. І думала: прыгажосць. Пагрозлівая, драпежная, жудасная нават, бясконца небяспечная, але — якая ж прыгажосць!..
— Іль-га! — прыглушана — быццам здалёк — крыкнуў Йурай. Яна паматала галавой, трохі апрытомнела. А цмок выдыхнуў праз тонкія ноздры лёгкія воблачкі пары — і раптам зароў, забіў хвастом па зямлі, высока ўзбіваючы шматкі гліны.
Унутранае чуццё падказала Ільзе слізнуць долу, і ў час: ледзьве ўнікла ўдару вострых кіпцюроў, праехаўшыся ўпрост пад цяжкою лапаю. Кроў у жылах нібы застыла, сэрца забілася павольней. Ільга нават паспела са здзіўленнем пабачыць, як замерлі, падвіслі ў паветры драбочкі зямлі і сцябліны сухой травы, і — рушыла, пакацілася да пярэстай.
Побач з пакутаю ўсхліпнула парваная струна — і Йурай вылаяўся праз зубы. Рэха азёрнай музыкі ўсплёснула сярэбранаю хваляю, раскацілася вакол, адгукнулася тройчы. Раз'юшаны цмок прыпаў да зямлі, выпусціўшы глухі вантробны рык, але голас звера абледзянеў, замёр у яго горле, і сам цмок спыніўся, павольна-павольна раззяваючы пашчу, каб дыхнуць агнём.
— Руш! — Йурай з сілаю падштурхнуў Ільгу. — Доўга мне яго не ўтрымаць!
Ад яго голасу Ільга зусім ачомалася, узляцела ў сядло, ударыла пярэстую пяткамі. Кабылка заржала і сарвалася з месца. Побач успыхнула, завірыла белае полымя — і з яго калматай завеяю выкаціўся, кульнуўшыся, скочыў следам снежны воўк.
Замарожаны час з невыносным скавытаннем зноў прыйшоў у рух, заспяшаўся — і ў спіны ім дыхнуў ненажэрны агонь. Ашалелы цмок з сілаю рвануўся наперад, уварваўся ў зараснікі. Ударыў хвастом наводмаш — і са страшэнным трэскам павалілася некалькі хвой. Ільга жвава павярнулася ў сядле, падняла лук і выпусціла адразу некалькі стрэл, нават асабліва не цэлячы: галоўнае было — утрымаць увагу звера на сабе.
Адна страла пры канцы лёту слаба клюнула наканечнікам залатую луску на цмокавым плячы. Цмок зароў, шумна забіў крыламі, узняўшы сапраўдную буру. Пярэстая закрычала ад жалу: яе разам з Ільгай душны смуродны вецер пацягнуў назад, так што капыты кабылкі пакідалі барозны ў сырой зямлі. Ільга, ледзьве перасільваючы вецер, зноў падняла лук, стрэліла, не бачачы, не дыхаючы, усляпую — і амаль аглухла ад пранізлівага, поўнага лютасці і болю звярынага крыку. Бура адступіла, так што Ільга, праміргаўшыся, здолела пабачыць: неяк умудрылася пацэліць. Яе страла з бела-чырвоным пер'ем усё яшчэ трапяталася ў згібе скурыстага крыла.
Цмок, адступіўшы адным падскокам, помсліва плюнуў агнём. Ільга рванула аброць, праклінаючы сябе за маруднасць і з адчаем разумеючы, што адысці не паспявае, што момант безнадзейна згублены. Нават прыкрыла вочы і згорбілася ў сядле, чакаючы пякельнага болю.